Грамадства1818

«Смяяліся з паведамленняў, абмяркоўвалі фатаграфіі». Беларус расказаў, як на мяжы дапытваюць тых, хто доўга не быў на радзіме

Беларусы, якія не былі на радзіме больш за год, часта расказваюць, што пры вяртанні ў краіну на мяжы іх старанна правяраюць. Леанід (імёны ў тэксце зменены) нядаўна прыехаў у Беларусь з Польшчы, упершыню за тры гады. Планаваў наведаць сям'ю і заняцца лячэннем зубоў. Мяжу ён перасякаў з сябрам Анатолем, і з гэтага моманту ўсё пайшло не па плане. Маладыя людзі прайшлі праз доўгія допыты і надгляды, і ў выніку Анатоля затрымалі за лайк у сацсетцы. Іх гісторыяй Леанід падзяліўся з MOST.

«Тут не рады, тут шукаюць нагоду»

Дадому маладыя людзі ехалі аўтобусам. На польскім баку ў той дзень была чарга, і, каб зэканоміць час, сябры за 50 еўра пераселі ў іншы аўтобус — бліжэй да шлагбаума.

Польскую мяжу яны прайшлі хутка і спакойна.

— Польскія памежнікі ветлівыя, добразычлівыя, жартуюць з пасажырамі і не ствараюць непатрэбных праблем. Кантроль займае лічаныя хвіліны: праверка дакументаў, штамп у пашпарце – і ты вольны, — апісвае Леанід.

Беларускую мяжу ён называе зусім іншай рэальнасцю: суровыя твары памежнікаў, атмасфера страху. Суразмоўца прызнаецца: здавалася, што кожны, хто ўязджае, разглядаецца супрацоўнікамі як патэнцыйны парушальнік.

— Толькі патрапіў на мяжу — і адразу зразумеў: тут не рады, тут шукаюць нагоду, — успамінае Леанід.

Памежніца не ацаніла гумар

Калі падышла чарга сяброў праходзіць кантроль, Анатоль вырашыў крыху разрадзіць абстаноўку і пажартаваць з памежніцай. Жарт быў відавочна недарэчным, хоць і бяскрыўдным, але стаў падставай для неадкладнага выкліку «на гутарку».

— Ён сказаў нешта накшталт: «А вы на мяне глядзець будзеце ці толькі камера?» — і гэтага хапіла, каб яго адразу ж павялі ў асобны кабінет, — расказвае Леанід.

«Адчуваў сябе кавалкам мяса, а не чалавекам»

Неўзабаве суразмоўца і сам апынуўся пад пільнай увагай. У яго стандартна праверылі дакументы і багаж, затым падышоў кінолаг з сабакам. Жывёла дакранулася лапай да кішэні беларуса. І гэта выклікала падазрэнні мытніка.

— Ён адразу сказаў: «Сабака нешта ўнюхаў». Мяне адвялі ў бок на поўны дагляд: яны пачалі выварочваць рэчы, правяралі кожную дэталь, нават разгортвалі шкарпэткі, прымусілі выцягваць вусцілкі з абутку. Я адчуваў сябе кавалкам мяса, а не чалавекам, — успамінае Леанід. — Мяне не прымусілі распранацца, абмацвалі, надглядалі кожны прадмет у сумцы.

Суразмоўца кажа, што не разумеў, што ў яго шукаюць. Аднак нічога забароненага супрацоўнікі ні пры ім, ні ў багажы не знайшлі.

Пыталіся, чаму не хоча працаваць у Беларусі

Пасля надгляду яго завялі ў асобны пакой, дзе ўжо сядзелі трое мужчын у цывільным. Яны пачалі задаваць пытанні. Спачатку цікавіліся, дзе Леанід жыве, кім працуе, чым займаецца ў Польшчы. Потым сталі пытацца, чаму ён з'ехаў з Беларусі, ці плануе вяртацца, якія ў яго сувязі ў краіне і ці ёсць якія сувязі з Украінай.

Калі Леанід распавёў пра сваю спецыяльнасць, супрацоўнікі, якія вялі «гутарку», сталі пытацца, чаму ён не хоча працаваць у Беларусі, бо, паводле іх слоў, аналагічныя вакансіі ёсць і ў роднай краіне. Асобную ўвагу надалі мінулай рабоце маладога чалавека ў Беларусі. Цікавіліся, напрыклад, ці падтрымлівае ён кантакты з былымі калегамі. Акрамя таго, людзей у цывільным цікавіла, ці сочыць Леанід за палітычнай сітуацыяй у краіне.

«Гэта не праверка, а спосаб прынізіць мяне»

Далей прыступілі да вывучэння яго тэлефона. Леанід гаворыць, што гэта было самым непрыемным момантам. Супрацоўнікі запатрабавалі разблакаваць прыладу, а пасля сталі чытаць асабістыя перапіскі, глядзець фатаграфіі, вывучаць падпіскі ў сацыяльных сетках.

— Яны не проста правяралі — яны забаўляліся. Яны смяяліся з асабістых паведамленняў, абмяркоўвалі фатаграфіі. Здавалася, што ім проста падабаецца гэта рабіць, нібы гэта не праверка, а спосаб прынізіць мяне, — распавядае ён.

Тэлефон доўга вывучалі. Глядзелі нават утоеную інфармацыю і паведамленні, якія знаходзіліся ў архівах. Перыядычна Леаніда пыталіся, чаму ён паставіў лайкі пад тымі ці іншымі публікацыямі. Некалькі разоў супрацоўнікі выводзілі яго з кабінета, пакідаючы тэлефон у сябе.

— Яны хацелі вывесці мяне з сябе. Казалі, што ў іх ёсць «усё, што трэба», што мне варта быць сумленным, інакш могуць узнікнуць праблемы. Гэта быў не проста допыт, а ціск, спроба зламаць маральна, — упэўнены Леанід.

Даручылі перадаць кіроўцу, што ў яго мінус адзін

«Гутарка» доўжылася каля дзвюх з паловай гадзін. Увесь гэты час Леанід не меў права звязацца з блізкімі і не ведаў, што адбываецца з сябрам.

Пазней аказалася, што Анатолю пашанцавала яшчэ менш. Падчас праверкі тэлефона ў яго знайшлі лайк пад пастом апазіцыйнага палітыка ў Instagram.

— Яны [супрацоўнікі спецслужбаў] проста сказалі, што выклікаюць міліцыю. Ніхто нічога не растлумачыў, проста забралі яго, было страшна, — успамінае суразмоўца.

Леаніду даручылі перадаць кіроўцу аўтобуса, што ў яго «мінус адзін», і далей ён працягнуў паездку без Анатоля. Толькі пазней Леанід даведаўся, што за лайк ягонаму сябру далі трое сутак арышту і штраф. А затым, калі ў тэлефоне знайшлі яшчэ адзін «няправільны» лайк, тэрмін вырас да шасці сутак.

Наколькі вядома Леаніду, узмоцненым праверкам падвергліся яшчэ некалькі пасажыраў аўтобуса. У супрацоўнікаў выклікалі падазрэнні, напрыклад, старыя пашпарты.

Тэлефон стаў працаваць дзіўна

Неўзабаве Леанід заўважыў, што ягоны тэлефон стаў дзіўна працаваць: батарэя садзілася хутчэй, перыядычна ўзнікалі праблемы з інтэрнэтам. Гэта падштурхнула яго да думкі, што, магчыма, на прыладу ўсталявалі праграму для сачэння.

Цяпер Леанід лічыць, што Беларусь больш не з'яўляецца для яго бяспечным месцам, хаця ён і не выключае, што адправіцца на радзіму зноў.

— Калі б я ведаў загадзя, што мяне чакае, я б падрыхтаваўся лепш. Цяпер я дакладна не паеду ў Беларусь без дакладнага плана і без поўнага выдалення ўсіх даных з тэлефона.

Каментары18

  • Ёсік
    27.02.2025
    І вось што з такімі цэрберам рабіць надалей? Ім у глузды ўклалі только адное - ахоўваем дырэктара саўгаса, ён вам за тату і матулю, толькі ён. Яны ж нічога не ўмеюць, у іх выхаваны ганебныя здольнасьці - прыніжаць, зьдзеквацца, фанабэрыцца. Толькі люстрацыя праз зьнішчэньне гэтых непатрэбных элементаў дзяржаўнасьці.
  • feafania
    27.02.2025
    Пяты год, як нас катуюць, а ён толькі зараз даведаўся, што ў Беларусь ехаць небясьпечна. І навошта яны разблакоўваюць свае тэлефоны? Што лепей: не папасьці у Беларусь ці выдаць вырадкам сваю прыватную інфармацыю і, мажліва, сесьці?
  • Ян
    27.02.2025
    feafania, болей за 70% беларускіх мігрантаў з’ехалі з Беларусі па эканамічных прычынах, а не палітычных.

Цяпер чытаюць

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў2

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін заявіў Лукашэнку, што ва Украіне Расія не захоплівае тэрыторыі, а вяртае свае. Той засмяяўся12

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка25

Дзяржаўныя прапагандысты абвясцілі Бондараву «шкоднай змагаркай»7

Былую кандыдатку ад партыі Гайдукевіча пасадзілі за ўдзел у пратэстах1

У Віцебску работнікам памылкова налічылі лішнія грошы, а пасля прымусілі іх вяртаць. Ці законна гэта?

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ24

У Гомельскай вобласці ствараецца новая дэсантная брыгада4

Лукашэнка расказаў, як ён перажываў за Трампа8

Лукашэнка заявіў, што ў беспілотніку, які ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў2

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць