Грамадства11

Мора за 200 метраў, крэветкі па курсе чорнага рынку. Беларус пажыў у Егіпце, а потым пераехаў у Польшчу

Наш суайчыннік з-за рызыкі дэпартацыі пераехаў у Польшчу. Ён распавёў пра асаблівасці жыцця на ўзбярэжжы Міжземнага мора, піша канал Dzik Pic.

Ілюстрацыйнае фота: AP / Nariman El-Mofty

Чаму Егіпет?

— Мне трэба было вельмі тэрмінова, літаральна за суткі пакінуць Беларусь. А паколькі ў Егіпце было да каго ляцець, і віза робіцца проста ў аэрапорце, выбар быў на гэты кірунак.

Спачатку я прыляцеў у Каір. Віза купляецца на выхадзе перад пашпартным кантролем. Каштавала яна каля $30. Прычым плаціць трэба было менавіта ў далярах. У краіне бракуе валюты, таму яны спрабуюць усімі спосабамі яе атрымаць.

У Егіпце жывуць і працуюць мае знаёмыя. Яны дамовіліся з партнёрамі па працы, каб мяне сустрэлі. Так што мяне давезлі непасрэдна да месца на машыне з кіроўцам.

Гэта быў бедуінскі горад прыкладна за 300 км ад Каіра, на беразе Міжземнага мора. Па сутнасці, вакол пустыня, і толькі кайфовае ўзбярэжжа.

Асаблівасці легалізацыі

— Першы месяц я жыў на турыстычнай візе. Потым можна было звярнуцца ў міграцыйны цэнтр у адным з гарадоў, напрыклад, у Каіры. Проста на той падставе, што ты беларус, магчыма было працягнуць дзеянне візы яшчэ на месяц.

Потым працоўныя партнёры знаёмых уладкавалі мяне да сябе ў кампанію як энікейшчыка (спецыяліст па тэхнічнай падтрымцы і абслугоўванні камп'ютарнай тэхнікі). Далей ужо гэтая арганізацыя займалася маёй легалізацыяй. Яны дапамаглі аформіць не працоўны, а турыстычны дазвол на жыхарства (ДНЖ).

У Егіпце можна нават у апошні дзень дзеяння сваёй візы прыйсці ў міграцыйны цэнтр у Каіры і падаць дакументы на ДНЖ па турыстычных прычынах. Напрыклад, калі хочаш яшчэ падарожнічаць, паглядзець славутасці або проста пажыць.

Дарэчы, пры падачы дакументаў яны нават не правяралі, ці ёсць у мяне ўсе неабходныя паперы. Напрыклад, патрабавалася пацверджанне пражывання, дамова арэнды, а ў мяне яе не было. Але дакументы прынялі і нават нічога не спыталі. Ёсць падазрэнне, што проста таму, што я беларус.

Гэты ДНЖ могуць выдаць на 2-3 месяцы або нават менш. Але мне выдалі на паўгода. У выніку я прыляцеў у Польшчу яшчэ з сапраўдным егіпецкім ДНЖ.

Жыллё ў Егіпце

— Мяне практычна адразу пасялілі ў жылы комплекс, дзе кампанія, у якой я ўладкаваўся, здымала кватэры для супрацоўнікаў.

Кватэра была проста на ўзбярэжжы Міжземнага мора. І гэта быў даволі добры элітны комплекс. Як мне расказвалі, такія кватэры маглі сабе дазволіць толькі багатыя егіпцяне.

Але якасць жылля была не вельмі добрай. Напрыклад, паміж дзвярыма і падлогай былі даволі шырокія шчыліны, праз якія да мяне пастаянна нешта залятала або забягала. Часцей за ўсё гэта былі камары. Іх не чуеш і не адчуваеш, пакуль яны цябе не ўкусяць.

У сезон дажджоў уся вада з балкона цекла праз гэту шчыліну проста ў пакой, і ён ператвараўся ў басейн.

Кватэра каштавала 20 тысяч егіпецкіх фунтаў, на той момант гэта было каля $660-670.

У Егіпце ёсць афіцыйны і неафіцыйны курсы валют. Калі афіцыйны курс быў 31 фунт за даляр, то на чорным рынку амаль увесь час, што я там жыў, курс быў каля 50 за даляр.

Чым заняцца, акрамя працы

— Я прыляцеў у канцы сезона, і там ужо нічога не было. Па сутнасці, адзінай забавай быў інтэрнэт.

У іх няма безлімітнага інтэрнэту, і перыядычна сетка падае так, нібыта яны пачынаюць блакаваць усе вядомыя пратаколы. Пры гэтым Telegram і Psiphon працуюць, а іншыя VPN звычайна блакуюцца.

Але было сапраўды кайфова: мора было ўсяго за 200 метраў, можна было проста хадзіць і гадзінамі плаваць у вельмі цёплай вадзе.

На пляжы хапала смецця, як, у прынцыпе, і ўсюды ў Егіпце, але само мора было чыстым і празрыстым.

Наогул у Егіпце смецце на кожным кроку. Я бачыў сметніцы, напэўна, толькі ў Каіры і Александрыі, і то ў турыстычных месцах. А так, там літаральна едзе машына, і з акна выкідаюць пакет са смеццем.

Ці ж ідзеш па вуліцы, егіпцяне п'юць ліманад з бутэлек, а потым пакідаюць бутэльку проста каля сцяны.

Я чуў пра горад смеццяроў (хрысціянскі копцкі квартал на ўскраіне Каіра, які займаецца зборам смецця для яго перапрацоўкі і ўтылізацыі).

Я там не быў, але мае сябры вельмі ім уразіліся. Але ў тым горадзе, дзе я жыў, такога не было. Проста смецце вакол, цэлыя палі смецця за горадам.

Паліцэйская дзяржава і праблемы з медабслугоўваннем

— У кампаніі, дзе я працаваў, была опцыя: можна было ўзяць машыну з кіроўцам ці ж вадзіць самастойна. Я браў з кіроўцам, бо хутка зразумеў, што не хачу сядаць у Егіпце за руль.

У горадзе практычна няма пешаходных пераходаў. Святлафоры я наогул бачыў адзіны раз у самым цэнтры Каіра. Пры гэтым ніхто на святлафоры не арыентуецца, усе ездзяць, як хочуць. А калі ты вырашыш перайсці праз шашу, дзе ў кожны бок па 8 палос, то проста ідзеш і глядзіш ва ўсе бакі, таму што там яшчэ ёсць такая тэма, як язда па сустрэчцы.

З іншых мінусаў — Егіпет вельмі паліцэйская дзяржава. У іх паліцыянты і вайскоўцы — як асобная каста.

Таксама я чуў дрэнныя водгукі аб егіпецкай медыцыне. Наколькі я зразумеў, няма дастатковага ўзроўню падтрымкі санітарыі ва ўстановах, і сама якасць медыцынскага абслугоўвання пакідае жадаць лепшага. Уласна, гэта і было адным з поінтаў, калі я пісаў зварот да польскага амбасадара.

Я прасіў выдаць мне візу, бо ў мяне ёсць сур'ёзнае захворванне, і «лічу, што мне небяспечна знаходзіцца ў Егіпце, бо мне, калі што, не акажуць належную медыцынскую дапамогу».

Плюсы жыцця ў Егіпце

— Сонца, мора, пясок — гэта кайф. Дастаткова нізкія цэны на мясцовыя прадукты.

Напрыклад, я мог купіць за $8 (па курсе чорнага рынку) кілаграм гатовых крэветак у паніроўцы, з мноствам спецый, з рысам і салатай. Так я абедаў кожны дзень.

Калі ты зможаш прывітацца па-арабску або спытаць, як справы, стаўленне да цябе будзе значна лепшым. Калі вывучыш мову, табе нават перастануць завышаць цэны.

У маленькіх крамках ёсць два віды цэннікаў — для сваіх і прыезжых. Напрыклад, шаурма ў сірыйскім рэстаранчыку для мясцовых была 30 фунтаў. А для мяне ўжо ў два-тры разы даражэй.

Прычыны пераезду ў Польшчу

— Па некалькіх прычынах. Перш за ўсё, была рызыка, што Егіпет можа мяне дэпартаваць. Вядома, унутры краіны ніхто б мяне не чапаў, але, напрыклад, калі б я сабраўся кудысьці ляцець, то мяне б затрымалі і змясцілі ў турму перад высылкай (а турмы ў іх жорсткія, як я чуў).

Таму я звязаўся з польскай амбасадай. Мне сказалі, каб я падаў ліст ад адной з праваабарончых арганізацый у Варшаве. Але тады якраз стаў набіраць абароты візавы скандал, і праваабаронцы сказалі, што «ў сувязі з апошнімі падзеямі» яны часова прыпыняюць выдачу рэкамендацый.

Я напісаў пра гэта ў амбасаду, але яны адказалі, што ім усё роўна трэба даручальніцтва менавіта ад гэтай арганізацыі.

Па выніку праз сяброў атрымалася выйсці на кіраўніка іншага фонду ў Польшчы і атрымаць рэкамендацыю ўжо ад іх.

У польскай амбасадзе сказалі, што рэкамендацыя сумнеўная, яны не ведаюць, што гэта за фонд. Але дазволілі ўсё ж падаць дакументы з фармулёўкай «улічыце, што мы лічым Егіпет бяспечнай краінай».

Я потым бачыў, што ў Грузіі з такой фармулёўкай даюць адмовы, і напісаў падрабязны зварот да пасла на 5 старонак (там можна на рускай ці беларускай), дзе распісаў усе дэталі сваёй справы. Думаю, гэта і яшчэ куча дакументаў і раздрукаваных скрыншотаў адыгралі сваю ролю.

У выніку я ўсё ж атрымаў візу і цяпер жыву ў Польшчы. І магу сказаць, што тут відавочна кайфовей — і ў плане жыцця, і працы.

Парада тым, хто застанецца ў Егіпце надоўга

Напэўна, змірыцца. Бо лад жыцця там вельмі моцна адрозніваецца ад нашага, і нейкая доля змірэння ўсё ж такі павінна прысутнічаць.

І іншая парада — часцей мыць рукі.

Варта вучыць арабскую, гэта будзе плюсам. У Егіпце там дастаткова жорсткія абмежаванні на куплю нерухомасці для нерэзідэнтаў.

Нават з дазволам на жыхарства ты не зможаш аформіць паўнавартасную куплю, хутчэй, гэта будзе як арэнда на працяглы тэрмін (у большасці курортных лакацый замежнікі могуць аформіць leasehold на 99 гадоў, але ў афрыканскай частцы Егіпта дапускаецца поўнае валоданне або freehold).

Думаю, можна паспрабаваць атрымаць пашпарт. Не па турыстычным ДНЖ, вядома, але калі легалізавацца афіцыйна, то цалкам магчыма.

Каментары1

  • Ваўкалак
    15.02.2025
    Цікавы кейс у "гражданіна"

Цяпер чытаюць

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць1

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Усе навіны →
Усе навіны

Канстанцін Меладзэ абвясціў пра закрыццё праекта «ВІА ГРА»3

Расійскія ІТ-асацыяцыі просяць Пуціна абараніць «Лесту» ад нацыяналізацыі

На мяжы Беларусі і Украіны праходзіць найбуйнейшы абмен палоннымі ў фармаце 1000х10008

«Мы ўсе рускія». Дэпутат Дзяржаўнай думы заявіў, што мэта вайны — стварыць адзіную дзяржаву Расіі, Беларусі і Украіны25

На пажары ў Камянецкім раёне загінулі двое дзяцей

У Расіі мама папрасіла знаёмага ўтапіць сваю 12-гадовую дачку, бо тая кепска сябе паводзіла1

«Мы ўсе гасударавы людзі». Каранік на развітанне заявіў пра сваю вернападданасць14

Схемы, па якіх дзейнічае ГБ. Выйшла расследаванне пра піцерскіх сексотаў ФСБ

Памёр 19-гадовы мінскі міліцыянер17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць1

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць