Айцішнікаў, якія з’ехалі, клічуць у камісію па занятасці расказаць пра сваю «цяжкую жыццёвую сітуацыю»
Айцішнікам-рэлакантам сталі прыходзіць «лісты шчасця» з рэкамендацыямі звярнуцца ў камісію занятасці, каб пацвердзіць, што яны працуюць. Або можна расказаць пра сваю «цяжкую жыццёвую сітуацыю», аформіцца рамеснікамі, перавучыцца — з гарантыяй працаўладкавання, піша dev.by.

Адзін з адрасатаў — у мінулым выкладчык БДУ. Яму давялося разарваць кантракт з ВНУ і звольніцца «праз тое, што зверху спусцілі спісы непажаданых супрацоўнікаў».
Ад жніўня мінулага года малады чалавек жыве за мяжой. Днямі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст. У ім гаворыцца, што камітэт па працы Мінгарвыканкама прапаноўвае яму «перанавучанне і гарантаванае працаўладкаванне».
— Губляюся ў здагадках, як яны б выконвалі гэтыя гарантыі, калі б я хадзіў да працадаўцаў з характарыстыкай з ранейшага месца працы, у якім я ў спісах непажаданых, — напісаў чытач.
Ён растлумачыў, што ў 2022 годзе падчас працаўладкавання ў БДУ ў кандыдатаў прасілі характарыстыкі з папярэдняга месца працы.
«І людзі смяяліся, што ў калегі, які не быў удзельнікам пратэстаў, было пазначана штосьці накшталт «можа сказаць слова ўпоперак начальству».
Іншы атрымальнік рассылкі — дызайнер, не жыве ў Беларусі ўжо 3 гады. На пачатку тыдня ягоныя бацькі забралі з паштовай скрыні па месцы прапіскі ліст «з рэкамендацыяй аформіцца як рамеснік і плаціць падатак». Малады чалавек жартуе, што яму спецыяльна прапанавалі «мяккую» форму фінансавання эканомікі, бо на іншую ён не пагодзіцца — бо даўно ўжо не ў краіне.
Але наогул ён мяркуе, што ўсё прасцей — проста «спусцілі план па працаўладкаванні дармаедаў».
Тэсціроўшчыца, якая з’ехала ў Літву год таму і цяпер сядзіць на бэнчы, таксама атрымала ліст з рэкамендацыяй звярнуцца ў дармаедскую камісію — і расказаць пра «цяжкую жыццёвую сітуацыю».
— О, я б расказала, — жартуе дзяўчына. — Нават цікава, што мне маглі б прапанаваць, улічваючы, што ў маёй кампаніі конкурс на праект — пад 100 чалавек.
— Ліст прыйшоў літаральна сёння, — напісаў яшчэ адзін чытач. — Я патэлефанаваў па нумарах, напісаных у лісце, мяне пазначылі як незанятага ў эканоміцы.
Чамусьці папярэдзілі пра магчымыя праблемы на мяжы, бо гэтую базу бачыць памежны камітэт. Выразнага адказу, чаму ў мяне будуць праблемы і якія, не далі. Сказалі: «Усё так мяняецца штодня».
Малады чалавек у размове ўдакладніў, што жыве ў Турцыі, ён мае дазвол на жыхарства. Тады голас на іншым канцы трубкі заўважыў: калі ёсць дазвол, то праблем, здаецца, і «не мае быць».
Яшчэ адзін чытач, атрымаўшы «ліст шчасця» адправіў на пошту, пазначаную ў ім, працоўную дамову (ён аформлены на працу ў Расіі, але жыве ў іншай краіне).
— Адказалі, што ўсё добра. І калі зноў прыйдзе ліст, мне варта дзейнічаць па той жа схеме. Калі на руках працоўная дамова ў краіне ЕАЭС, то я не ўважаюся за дармаеда.
А яшчэ аднаму чытачу прыйшла СМС на ягоны беларускі нумар (мабільны аператар — A1) з рэкамендацыяй звярнуцца ў камісію занятасці.
Даведка. Згодна з пастановай Саўміна № 166, ад сакавіка мінулага года беларусы, якія выехалі па-за межы Беларусі на тэрмін большы за 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаныя аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Выключэнне — калі чалавек, які з’ехаў, працуе ў краінах ЕАЭС, то-бок у Расіі, Казахстане, Кыргызстане або Арменіі (калі працуеш у ЕС, то ўсё роўна лічышся дармаедам).
Калі рэлакант не з’яўляецца ўласнікам жытла, патрабаванне аплачваць «камуналку» напоўніцу на яго не распаўсюджваецца.
Калі ж ён уласнік, але пражывае не адзін, — то ў поўным аб’ёме ён плаціць толькі за сваю долю — прынамсі, так тлумачаць чыноўнікі.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары