Грамадства

«Ва Украіну маці праводзіла нібыта на вайну ў Чачню». Дзяніс Дудзінскі пра жыццё і працу ў Кіеве, стасункі з бацькамі і прапагандыстаў

Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая — адна з самых пазнавальных зорных пар у Беларусі. Ніхто не мог чакаць, што іх гады працы на тэлебачанні, «Еўрабачанні» і «Славянскім базары» перакрэсліць адзін пост Дзяніса з падтрымкай людзей, што стаялі ў чарзе да Symbal.by, і асуджэннем дзеянняў сілавікоў. Потым былі суткі на Акрэсціна — у Дзяніса. І чаканне мужа — для Кацярыны. І нечаканы візіт супрацоўнікаў ДФР у чэрвені.

Пасля трох дзён допытаў сям’я прыняла рашэнне з’ехаць з Беларусі. Для перастрахоўкі выбіралася партызанскімі сцежкамі да Масквы, без сімак. Адтуль — у Ерэван і потым у Кіеў, дзе і застаюцца па сённяшні дзень.

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Дзяніс распавёў пра адаптацыю за мяжой, маўчанне ДФР, сум па талерках з кватэры на Аўтазаводскай, сваё стаўленне да сённяшняй беларускай прапаганды, стасункі з бацькамі, якія падтрымліваюць дзейсны рэжым, і працу над кніжкай.

Дзяніс Дудзінскі.

«Выязджалі з двума чамаданамі, бо думалі, што ў верасні вернемся»

У Кіеве Кацярына і Дзяніс пасяліліся ў аднапакаёвай кватэры ў высотцы 2015 года забудовы на станцыі метро Дарагожычы. Гэта два прыпынкі на метро ад «Залатой Брамы», амаль у цэнтры. Калі тлумачыць на прыкладзе Мінска, Дзяніс называе гэта Фрунзенскай-Маладзёжнай. Самі яны жылі апошнім часам на Аўтазаводскай, цяпер кватэра здаецца і чакае вяртання гаспадароў.

«Мы выязджалі ў чэрвені з двума чамаданамі. Думалі, што да верасня вернемся. А потым такія сваякам: перадайце паліто і абутак на восень. Хутка ў нас пачалі пытацца: «Мабыць, вам і зімовыя рэчы ўжо дасылаць?» Ты спачатку не дапускаў нават такой думкі, але вось і зіма. І нам перадалі ўжо агулам недзе сем вялікіх пакетаў.

Не ведаю, што будзем рабіць з усімі гэтымі рэчамі, калі прыйдзецца пераязджаць у іншую кватэру ці ўвогуле краіну, чыста гіпатэтычна», — кажа Дзяніс.

Ëн згадвае, што яшчэ да таго, як да іх прыйшлі з ДФР і цягам трох дзён цягалі на допыты, у розных дзяржаўных структурах ім намякалі, што іх прысутнасць у краіне непажаданая.

«Але мы білі сябе кулаком у грудзі і адказвалі, што нікуды не з’едзем, бо ні ў чым не вінаватыя, што гэта наша краіна. Аднак, як кажуць: ніколі не кажы ніколі. Супрацоўнікі ДФР не змаглі патлумачыць нам, у чым мы вінаватыя і чаго яны ад нас хочуць. І мы расцанілі гэта як яшчэ адзін намёк.

Здавалася б: калі вінаватыя ў нечым, давайце панясем пакаранне, пакрыем страты — галоўнае раскажыце, у чым. Але вось ужо паўгады маўчання. Пры гэтым усе нашы дакументы па ІП, рахунках, камп’ютары, тэлефоны знаходзяцца ў іх.

У нас нават няма элементарнай магчымасці закрыць усе пытанні з падаткамі — пакуль мы проста прыпынілі дзейнасць ІП. ТАА, маю турфірму, будзем ліквідаваць, вядома. Вось гэтае неразуменне сітуацыі не дае нічога прагназаваць і планаваць», — скардзіцца Дзяніс.

Дзяніс і Кацярына ў Кіеве. Фота з архіваў героя.

«Логава, адкуль распасціраюцца шчупальцы сямейства Дудзінскіх»

Сваю здымную кватэру ў Кіеве ён называе «штабам і логавам, адкуль распасціраюцца шчупальцы сямейства Дудзінскіх». У ёй вечна чутныя анлайн-перамовы, вядуцца мазгавыя штурмы. Пара нядаўна атрымала віды на жыхарства, і цяпер зможа афіцыйна адкрыць ФОП (аналаг беларускага ІП — заўв. «НН»), плоцячы 5% падатакаў як прадпрымальнікі.

Фота з архіваў героя.

«Праца пераехала ў Кіеў разам з намі, бо дзе мы, там і яна (ну, акрамя беларускага тэлебачання, дзе я штомесяц меў 350 рублёў). Пашанцавала, што ў нас свабоднае рамяство — не так, каб прынесці працоўную кніжку і ў офісе з 9 да 17 з перапынкам на абед.

Праца вядучага ў адкрытым свеце — гэта свабодны палёт. Вяселлі, карпаратывы і міжнародныя праекты для душы і работа ў межах Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Ва Украіне, канечне, стала з апошнім прасцей: за 20 еўра можна апынуцца ў любой кропцы Еўропы.

Каб сустрэцца на канферэнцыі ў Варшаве ці перагаварыць з чалавекам у Швейцарыі, больш не трэба ехаць спачатку ў Вільню ці Маскву і потым дадаткова падбудоўвацца пад расклад самалётаў. Украінскім заказчыкам увогуле проста стала: раней жа трэба было аплочваць нам пералёт да Кіева ды пражыванне».

Фота з архіваў героя.

«Каб быць вядучым ва Украіне, трэба валодаць украінскай мовай на 101%»

Дзяніс кажа, што яны з жонкай як вядучыя бяруць на сябе досыць вялікую частку замежных і рускамоўных мерапрыемстваў ва Украіне. Многія кантакты былі напрацаваныя яшчэ з часоў працы на Еўрабачанні, і Дзяніс тут вельмі ўдзячны МДЛУ, дзе вучыўся: веданне італьянскай, англійскай моваў аўтаматычна адкрывае многія дзверы.

«Каб быць вядучым ва Украіне на тэлебачанні, прысутнічаць на экране, трэба валодаць украінскай мовай на 101% — тут паўсюдная украінізацыя ў медыя, у рэкламе. Канечне, мы вучым украінскую мову з рэпетытарам, плюс самі па кніжках, і на побытавым узроўні ўжо можам размаўляць на ёй. У кафэ тых жа я аўтаматычна раблю заказ па-украінску. Але ўсё гэта яшчэ з памылкамі. Мне прапаноўвалі працаваць на ўкраінскім тэлебачанні з суфлёрам, але мы не сышліся ў разуменні канцэпцыі. Я ўсё ж за прамыя эфіры, жывыя размовы.

Увогуле, калі мы толькі прыехалі, нашы сябры пасадзілі нас і больш за гадзіну чыталі лекцыю: які канал каму належыць, на якім лепш зусім не з’яўляцца, бо будзе «зашквар». Тут складаны рынак і вельмі рухомы: канал, з якім я супрацоўнічаў пару год таму, з вышыні рэйтынгу скаціўся ў самыя нізы», — расказвае Дзяніс.

«Каця ўзяла на сябе ўсю бюракратычную цяганіну»

У шапцы профіля інстаграма Дудзінскага пазначана «па пытаннях рэкламнай інтэграцыі звяртацца да Кацярыны Раецкай». Дзяніс кажа, што ў складаных жыццёвых абставінах, з новымі выклікамі чарговы раз упэўніўся ў тым, як яму пашанцавала з жонкай.

«У нас ёсць такі жарт: яшчэ невядома, хто за кім замужам. Каця цяпер узяла на сябе ўсю бюракратычную цяганіну — вырашае пытанні з дакументамі на новым месцы і ў Мінску.

Я таксама мог бы, але мяне, як Віні-Пуха доўгія словы толькі расстройваюць. Я не ведаю, на якім свеце апынуўся б, калі б яна не ўзяла ўсё на сябе. У нас ідэальны і сямейны, і працоўны тандэм: я, напрыклад, генерую творчую ідэю, а Каця, дзякуючы сваёй тонкай дыпламатыі, пад яе знаходзіць сродкі і матэрыялы.

Ці наадварот камандуе: «Вось у гэтым праекце мы будзем рабіць наступнае. З цябе сцэнарый і сінопсіс. Ты лепш ведаеш англійскую мову і будзеш на першым плане, а я на другім». І ўсё складваецца, як мае быць.

Нядаўна Каця ўвогуле пагрузілася ў аналіз рыначных адносін, інвестыцый, трэйдынг і ўжо правяла інвестыцыйны саміт, дзе брала інтэрв’ю ў Зміцера Гардона і Віктара Пракапені».

Фота з архіваў героя

«Зразумеў, што я — «ужыўчывы»

Самым складаным для сябе ў новай краіне вядучы называе спёку.

«Тут было вельмі горача летам, пад 40 градусаў. А мой клімат гэта як цяпер — халадно, усё шэрае, часам выглядае сонца. Увогуле я зразумеў, што я — «ужыўчывы»: мне абсалютна ўсё роўна, дзе быць, на чым спаць і што есці.

Напэўна, спрацавалі гады трэніровак падчас вандровак па «афрыкам і паўднёвым амерыкам». Акрамя таго, я ўсведамляю, што я адносна малады, здольны, інтэлектуальна развіты чалавек з веданнем моваў. Адпаведна, куды б вы мяне не закінулі, я паўсюль знайду сабе прымяненне, змагу забяспечыць сям'ю».

Кацярыне пераезд даўся цяжэй. Яна сумуе без утульнасці мінскай кватэры, рэчам адтуль, па маці, бабулі і брату.

«Статуэткі, карціны на сцяне, вось гэты кубачак, гэтая талерачка, гэтая кухня — тое, што засталося ў Беларусі і тое, што яна не змагла з сабой перавезці — гэта яна больш востра перажывае.

Але нам абодвум не хапае любімых сяброў: нашых сумесных спрэчак пра літаратуру, мастацтва, імправізаваных сазвонаў, каб кудысьці сабрацца. Анлайн-пасядушкі — гэта не тое: чалавека важна памацаць, абняць, паціснуць яму руку. І крута, калі сябры прыязджаюць у госці — гэта невялікая аддушына».

Дзяніс з гонарам адзначае, што пасля яго абазначэння сваёй пазіцыі, сыходу з тэлебачання ды адхілення ад «Славянскага базара», 12 сутак на Акрэсціна яго атачэнне амаль не змянілася. Дзеля пацверджання, што ты знаходзішся сярод цудоўных людзей, і варта было прайсці праз турму, мітынгі і разгоны — упэўнены ён.

«Адвалілася літаральна некалькі чалавек, з якімі мы сябравалі, вандравалі разам і смажылі шашлык. Я магу падтрымліваць кантакт з тымі, хто сёння працягвае працаваць на дзяржаўным тэлебачанні, у мяне няма такога: «па розныя бакі барыкад». У нас могуць быць нясходныя меркаванні і погляды, і мы гэтую тэму не ўздымаем.

Але ёсць людзі, якія мяне, дарослага чалавека, спрабуюць упэўніць у тым, што ў Беларусі нічога не адбываецца, усё нармальна. Ці тыя, хто працягвае здаваць, шасцярыць, каб атрымліваць павышэнні і бонусы. З такімі мы кантакт не падтрымліваем».

«Чым больш таварышы «азаронкі» вішчаць, тым больш я ўпэўніваюся, што рэжым працягне разлагацца далей»

На сённяшнім тэлебачанні Дзяніс сябе не бачыць ані ў якай ролі.

«Калі б са мной не скасавалі кантракт, я б сам яго скасаваў. Усе сумленныя, прыгожыя і кемлівыя людзі на «Беларусь-1», дзе я вёў перадачу, у 2020-м у адзін момант даўжынёй у месяц заявілі: «Мы сыходзім». Большасць супрацоўнікаў, самых лепшых. Нехта пасля правёў час на Акрэсціна. Нехта быў вымушаны з’ехаць, змяніць прафесію. Але тыя, хто страйкаваў і сыходзіў, сыходзілі не з палітычных меркаванняў, а па сумленні.

Тут тонкі асабісты момант, які ты асэнсоўваеш сам для сябе: я сыходжу з тэлебачання, таму што сённяшняе TV — гэта дрэнна, гэта зло. А ў дрэнным я не ўдзельнічаю».

Дзейсную прапаганду суразмоўца называе бяздарнай карыкатурай на карыкатуру і параўноўвае яе стваральнікаў з лічынкамі мясных мух — апарышамі.

«Апарышы — гэта першая прыкмета таго, што перад намі труп, яго плоць сапраўды згніла і працягне гніць. Чым больш таварышы «азаронкі» (як імя намінальнае) вішчаць на экранах, тым больш я упэўніваюся ў тым, што труп — сённяшні рэжым — працягне раскладацца далей».

«Вось і слава богу, што вы зараз не ў Беларусі, без вас чысцей і паветра свяжэйшае»

Такой жа аднадушнасці ў палітыцы як з сябрамі, з бацькамі ў Дзяніса няма. 2020 год і паслявыбарчыя падзеі рассварылі многіх сваякоў, і сям’я Дзяніса — адзін з лайтовых прыкладаў непаразумення.

«Маці ў мяне канкрэтна за Лукашэнку і дзейсны рэжым. Тата ж спрабуе хоць нейкую логіку шукаць, але, паколькі глядзіць тэлебачанне, не можа яе знайсці. Інтэрнэт жа — гэта ўсё лухта, падман і ерунда. У нас не было канфлікту як такога, ён больш унутраны.

Калі я вярнуўся з Акрэсціна і зайшоў да бацькоў, маці толькі і сказала: «Ну што, атрымаў? Усё, ідзі абедаць».

Мы мой ад’езд не абмяркоўвалі, потым ужо, калі па факце маці даведалася, што мы едзем ва Украіну, то пляснула ў далоні: «Ой, там жа ідзе вайна». Рэакцыя была такая, нібыта я ў Гандурас з’язджаю зноў. Яна мяне гэтаксама туды праводзіла ў вандроўку — са слязьмі, нібыта на вайну ў Чачню».

Дзяніс паказвае бацькам Кіеў па відэасувязі, від з іх акна, дэманструючы, што вайны вакол няма, але тэлебачанню часам усё адно вераць больш.

«Агулам мы проста стараемся абыходзіць вострыя тэмы: размаўляем пра надвор’е, побытавыя рэчы — пра даражэйшыя камуналку і арэнднае жытло ў Кіеве максімум.

Калі я не змог нешта данесці за паўгода, калі мой лёс за гэты перыяд ніяк не паўплывалі на ўспрыманне інфармацыі маімі бацькамі, то наўрад ці я змагу данесці да іх нешта яшчэ спрэчкамі, словамі».

Часам у жыццё эмігрантаў паддаюць пары каментатары, боты і ананімныя нядобразычліўцы. Дзяніс даўно навучыўся да гэтага ставіцца з гумарам.

«Прылятаюць каментары кшталту: «Вось і слава богу, што вы зараз не ў Беларусі, без вас чысцей і паветра свяжэйшае». Могуць у прыватныя ў тэлеграме пачаць мацюкі і мярзотныя словамі пісаць. Вядома, без аватаркі, са змененымі імём-прозвішчам. Калі гэта бот, то я нават не дачытваю і блакую акаўнты. Бэзэмацыйна. А калі ёсць настрой і вольны час, то пачынаю перапісвацца:

— Чуеш ты, мудзіла?

— Ой, прабачце, я вас нечым пакрыўдзіў?

— Да, ты здрадзіў Беларусі!

— Ой, а я і не ведаў. А якое пакаранне я магу панесці за тое, што здрадзіў?

— Да ты будзеш боўтацца на першым жа суку!

— А можна адразу расстрэл?

— Не са мной будзеш абмяркоўваць!

Сядзіш сабе і троліш чалавека, а потым надакучвае — у бан і глядзець цікавае кіно».

«Не было ніводнага моманту, які б прасігналіў, што ўлада спрацавала для сябе ў плюс і працягнула сабе існаванне»

Амаль кожны свой ранак пара пачынае з чытання навінаў з Беларусі. Увечары — зноў скролінг стужкі і перажыванні. А пакуль час бяжыць, Дзяніс узяўся за рэалізацыю новага для сябе праекта: напісанне мастацкай кнігі.

«Ад Беларусі мы не адмаўляемся. Як толькі адбудзецца цуд і нас паклічуць туды зноў, адразу прыедзем. Праўда, цяпер гэта будзе цяжэй: ты робішся ўмантаваным у мясцовую павестку, у цябе ёсць цікавыя міжнародныя праекты, якія ты рэалізоўваеш, ты за іх адказны. Прыйдзецца, калі што, жыць на дзве краіны, відаць».

Дзяніс упэўнены: фінал хутка. Гэта ў межах логікі любой канцэпцыі: эканамічнай, палітычнай, біялагічнай.

«Хутка гэта здарыцца ці не — ужо філасофскае пытанне. Для аднаго год — гэта шмат, а для другога — зусім хутка. Але ўсё вакол коціцца ўніз. Не было ніводнага моманту, які б прасігналіў, што ўлада спрацавала для сябе ў плюс і працягнула сабе існаванне.

Падзеі былі жудасныя, і людзі ва ўладзе не пакінуць беларусаў ў спакоі: ім патрэбная выпаленая зямля, дзе не застанецца ніводнага нязгоднага, нават таго, хто сумняваецца. Арышты, ператрусы, канфіскацыі, эміграцыя — нешта мне падказвае, як казаў Папандопула, мы на парозе грандыёзнага шухеру.

Гэта страшны перыяд: драпежніка загналі ў кут, яму няма чаго губляць. Воўк, які трапляе ў пастку, адгрызае сабе лапу. Наш воўк можа адгрызці сабе ўсе лапы і стаць яшчэ страшнейшым ад паху крыві. Заявы пра Крым, дыялогі з Пуціным і Меркель, уся гэтая чэрнь пра ядзерную зброю — рэальна страшна. Але ўсё адназначна каціцца да скону».

Каментары

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць