Кіно33

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у снежні

Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у першы месяц зімы. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Вікінгі» (Vikings)

Гістарычная драма. Канада, Ірландыя, 6-ы сезон

Прыгоды легендарнага скандынаўскага конунга (караля) Рагнара Лодбрака і ягоных сыноў прыходзяць да сканчэння. Шосты сезон стане апошнім у гісторыі серыяла.

«Вікінгі» — адзін з найпапулярнейшых серыялаў сучаснасці. Тут ёсць усё: батальныя бітвы, смерці, каханне, сэкс, здрады, палацавыя перавароты, хрысціянства і паганства. Атрымліваецца цалкам сабе выбуховы кактэйль.

У апошніх сезонах, пасля смерці Рагнара Лодбрака (хутчэй за ўсё, гэта зборны вобраз некалькі скандынаўскіх правадыроў) на галоўныя ролі ў серыяле выходзяць ягоныя сыны Б’ёрн Жалезнабокі і Івар Бяскосны. Б’ёрн стаў разважлівым і рахманым, мужным ваяром, але так сабе стратэгам. А вось Івар, хай ён і калека, увасобіў у сабе прагу да ўлады, жорсткасць, хітрасць, розум.

Для нас цікавасць шостага сезона «Вікінгаў» уяўляе яшчэ праз тое, што частка дзеяння будзе адбывацца на славянскіх землях, а адным з герояў стане Вешчы Алег. Дарэчы, ролю жонкі Рагнара — Лагерты — выканала канадская актрыса Кэтрын Уінік. Гэта псеўданім, а сапраўднае яе імя — Кацярына Вінніцкая. Яна нарадзілася ў Таронта, да васьмі гадоў размаўляла толькі па-ўкраінску, хадзіла ва ўкраінскую школу.

«Дзівосная гісторыя місіс Мэйзэл» (The Marvelous Mrs. Maisel)

Гістарычная драма, камедыя. ЗША, 3-і сезон

У Беларусі культура стэндапа яшчэ толькі ў дзіцячым узросце. У той жа час у ЗША — гэта вялікая частка шоу-бізнэсу, якая мае сваю гісторыю і армію прыхільнікаў. Ёсць нямала серыялаў пра стэндапераў, і «Місіс Мэйзэл» адзін з іх.

Мірыям «Мідж» Мэйзэл жыве ідэальным жыццём. У яе ёсць каханы муж Джоэл, а таксама сын і дачка. Дэкарацыямі да гэтага жыцця становіцца Нью-Ёрк 1958 года. Джоэл час ад часу спрабуе сябе ў якасці коміка на сцэнах бараў і начных клубаў. Праўда, ягоныя жарты выходзяць зусім не смешнымі.

У адзін момант жыццё Мідж разбураецца, калі яна дазнаецца, што муж здраджвае ёй з сакратаркай. Жанчына ідзе ў бар, дзе знаходзіць у сабе талент стэндапера. Праўда, першы выхад на сцэну сканчваецца тым, што яе арыштоўваюць за аголеныя грудзі.

«Прастора» (The Expanse)

Касмічная драма. ЗША, 4-ы сезон

Многія лічаць гэты серыял найлепшым з тых, што былі знятыя пра космас за апошнія гадоў дзесяць. Дзеянні серыяла адбываюцца ў тую пару, калі жыхары Зямлі каланізавалі Сонечную сістэму. Марс пасля доўгіх войнаў набывае незалежнасць. Пояс астэроідаў, да якога належыць карлікавая планета Цэрэра, падзелены на зоны пратэктарату між Зямлёй і Марсам.

У гэты самы час цынічнаму і крыху абыякаваму дэтэктыву Мілеру даручана знайсці зніклую дачку мільянера Джульету Маа. Мілер, сам таго не жадаючы, аказваецца ў самым эпіцэнтры інтрыг, палітычных скандалаў, рэвалюцыянераў і бандытаў. Няма такіх з’яў, якія паміж сабой не звязаныя. Гэта адначасова і палітычны трылер, і вельмі якасная фантастыка.

«Вядзьмак» (The Witcher)

Фэнтэзі, прыгоды. ЗША, Польшча, 1-ы сезон

Самая чаканая прэм’ера гэтага месяца. Цыкл кніг пра ведзьмака Геральта з Рывіі польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага даўно ўжо стаў культавым. Гэта ўжо не толькі літаратура, але і камп’ютарная гульня, і опера, і шмат чаго яшчэ. У Польшчы ўжо здымалі серыял па матывах «Ведзьмака», а цяпер да экранізацыі твору падышоў Netflix.

Падзеі адбываюцца ў выдуманым свеце, які вельмі нагадвае Усходнюю Еўропу (дарэчы, серыял здымалі на тэрыторыі Польшчы, Венгрыі і Славакіі) часоў Сярэднявечча. Геральт — адзін з апошніх «ведзьмакоў», якія яшчэ існуюць у тым свеце. Ён палюе на пачвараў і монстраў, выконваючы замовы багатых апекуноў. Зрэшты, Гаральт — гэта не бяздумная машына для забойстваў. У яго ёсць прынцыпы і перакананні, якія часта ідуць у разрэз з жаданнямі замоўцаў.

Наўрад ці, канечне, «Ведзьмака» чакае шалёны поспех «Гульні тронаў», але паглядзець, што ў выніку атрымалася, безумоўна, варта.

«Па праўдзе кажучы» (Truth be Told)

Юрыдычная драма. ЗША, 1-ы сезон

Стрымінгавы сэрвіс Apple TV+ працягвае набіраць абароты. У снежні яны выпускаюць яшчэ адну чаканую навінку. Серыял заснаваны на кнізе Кэтлін Барбер «Ты спіш?».

У цэнтры аповеду журналістка Попі Парнэл, якая вядзе папулярны падкаст-канал. Поспех да яе прыйшоў пасля раскрыцця гучнага забойства. Аднак праз 18 гадоў пасля таго выпадку ў справе знаходзяцца новыя дэталі, якія могуць прывесці да поўнага пераразгляду і нават вызвалення асуджанага.

Глядзі таксама: 

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лістападзе

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у кастрычніку

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у верасні

Каментары3

Цяпер чытаюць

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу

Усе навіны →
Усе навіны

Пара падманвала мужчын на сайтах знаёмстваў — клюнулі 60 чалавек1

«Лукашэнка назваў нас дэзерцірамі». Гісторыя беларускі, якая ў 1970‑я ўцякла з беларускага калгаса ў Літоўскую ССР2

Жыхарку Маладзечна, якая выйшла з бел-чырвона-белым сцягам у першыя дні вайны, асудзілі да 3 гадоў калоніі2

«Калі пасадзяць зноў, то пасяджу». Пачобут пра сваё вызваленне, камеры смяротнікаў, бітву за гонар у судзе і жаданне вярнуцца13

Ціханоўская прыехала на Саміт еўрапейскіх лідараў у Ерэван3

У Камянецкім раёне ўчора прапала сямігадовая дзяўчынка. Яе знайшлі ў вадзе1

Затрыманыя Вольга Муская і Валеры Краснагір1

Севярынец выдае кнігу, дзе будзе 71 беларускі храм, што ён намаляваў з турмы і калоніі для сына2

З чорнага спісу артыстаў прыбралі тры гурты. Дазволілі нават «Кіно»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць