Культура1010

Мовананоўцы са школьнікамі навялі парадак ля дома Барадуліна і наведалі дом Быкава ФОТАРЭПАРТАЖ

1 кастрычніка «Мова Нанова» зладзіла талаку ва Ушачах. Ахвотных давесці да ладу тэрыторыю побач з домам народнага паэта назбіралася 40 чалавек. 

Адгукнуліся не толькі слухачы курсаў, але і дзевяцікласнікі адной са сталічных школ. А лідар гурта «Рэха» Андрусь Такінданг, які таксама далучыўся да талакі, дапамагаў не толькі рыдлёўкай, але і спевамі.

Валанцёры прыбралі гнілыя яблыкі, што дываном заслалі зямлю ля дома Барадуліна, пафарбавалі агароджу.

Усталявалі новыя стэнды, каб можна было тут жа прачытаць пра паэта і пабачыць яго фота.

Два дзясяткі новых здымкаў з’явіліся і ў самім доме, іх размеркавалі па пакоях.

На скрыжаванні непадалёк усталявалі стэнд, які паказвае, куды трэба ехаць, каб убачыць, дзе жыў выбітны беларус.

Ля магілы Рыгора Барадуліна паставілі лаву, каб тым, хто прыйдзе ўшанаваць яго памяць, можна было прысесці. Побач таксама ўсталявалі некалькі стэндаў.

«Мы мала што можам рабіць, пакуль дом не з’яўляецца музеем, — кажа Глеб Лабадзенка, арганізатар талакі. — З дазволу Валянціны Міхайлаўны мы толькі ўнеслі невялікія лаканічныя дадаткі, якія можна лёгка прыбраць. Канечне, калі сям’я Барадуліна вырашыць зрабіць тут музей, то ў мяне ёсць шмат ідэй, што можна дарабіць і як арганізаваць прастору.

Побач з домам расце шмат яблынь, дзядзька Рыгор казаў, што гэта «маміны яблыні». Летась мастакі зладзілі тут пленэр, варта было б зрабіць падобныя мерапрыемствы рэгулярнымі. Сюды можна прывозіць школьнікаў, каб яны маглі пабачыць той жа кабінет, дзе Барадулін напісаў шмат сваіх вершаў. Таму калі будзе рашэнне сям’і зрабіць музей, мне б вельмі хацелася паўдзельнічаць».

Пасля Ушачаў група накіравалася ў Бычкі, дзе месціцца Музей-сядзіба Васіля Быкава. Адзін з удзельнікаў талакі падарыў музею тэлевізар, які прымацавалі да сцяны ў пакоі.

Цяпер наведнікі змогуць пабачыць цэлы архіў фота, а таксама відэазапіс экскурсіі сястры пісьменніка Валянціны Быкавай, які зрабіў Глеб Лабадзенка. У доме развесілі шмат архіўных фотаздымкаў.

У музей прывезлі адрэстаўраванае крэсла, з якім звязаная цікавая гісторыя.

«Калі прыйшлі камуністы, то з мясцовай панскай сядзібы зрабілі школу, дзе і вучыўся Васіль Быкаў. Потым гэтую школу зачынілі, і яе пачалі расцягваць, — распавядае Глеб Лабадзенка. — Бацька Васіля Быкава прынёс дадому настаўніцкае крэсла і загадаў сыну, будучаму пісьменніку, выразаць на спінцы ініцыялы БВХ — Быкаў Владзімір Хведаравіч. Каб думалі, што крэсла заўсёды і было ў доме».

Калі стварылі Музей-сядзібу, сваякі Быкава прынеслі гэтае крэсла, але яго не ўзялі. У крэсла не хапала ножкі, спінка была паламаная, не было сядзення, вось і вырашылі такое «ламачча» не браць. Калі пра гэта даведаўся Сяргей Шапран, прапанаваў яго адшукаць. Крэсла знайшлося ў дрывотні братавай Быкава Антаніны Аляксандраўны, якая ў той час была загадчыцай музея.

«Майстар Яўген Зарубайка ўзяўся яго аднавіць і зрабіў гэта бясплатна, — працягвае Глеб. — Сказаў, што гэта для яго гонар, таму што Васіль Быкаў быў любімым пісьменнікам яго бацькі».

Гэтая талака — першая, якую зладзіла «Мова Нанова». Арганізатары спадзяюцца, што яна будзе не апошняй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

Цяпер чытаюць

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком23

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком

Усе навіны →
Усе навіны

Аліеў абвінаваціў Крэмль у свядомых ударах па азербайджанскім пасольстве ў Кіеве6

Расія перакрывае шляхі для ўвозу танных машын праз Беларусь2

Маладзечанская фермерка, чыю сядзібу атакавалі чужыя каровы, расказала, як вырашылі яе праблему4

У расійскай Уфе людзі душыліся ў змаганні за паветраныя шарыкі. Ёсць пацярпелыя9

«Рэцэпты прыйшлі яшчэ ад прабабулі». Мазыранка тры гады вядзе кулінарны блог і сабрала амаль 140 тысяч падпісчыкаў

Як прайшла першая творчая сустрэча з Максімам Знакам6

Прэм’ерка Даніі: Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб Расіі, бо ў Расіі разумеюць толькі сілу13

У Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі заліло вадой аперацыйны блок. Мінздароўя: абсталяванне не пацярпела

«Мы зрабілі памылкі разам, і разам абавязаныя іх прызнаць». Тэкст прамовы Марка Рубіа на Мюнхенскай канферэнцыі35

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком23

Някляеў апублікаваў злабадзённы верш. У ім згадваецца і Калеснікава з Бабарыкам, і Ціханоўская, і Пракоп'еў з Пазняком

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць