Улада66

Адстаяў права быць беларусам

Унікальны выпадак гомельскага актывіста апазыцыі Сяргея Сямёнава прымусіў высокіх чыноўнікаў загаварыць пра ўціск беларускамоўных.

Гісторыя моладзевага актывіста з Гомелю Сяргея Сямёнава пачалася 20 жніўня сёлета, калі хлопец перасякаў беларуска‑ўкраінскую мяжу. Хлопец кажа, што праблемы на мяжы ў яго ўзьнікаюць заўсёды, ня стаў выключэньнем і той выпадак.

«Мне прапанавалі запоўніць мытную дэклярацыю. Я папрасіў, каб мне далі дэклярацыю на беларускай мове, але такой у мытнікаў не аказалася. Я застаўся пры сваёй пазыцыі, абгрунтаваўшы гэта тым, што праз кепскае веданьне расейскай мовы магу дапусьціць нейкія памылкі. Не граматычныя, а па зьмесьце. Пасьля адмовы прапанаваў, каб мне прадставілі прафэсійнага перакладчыка, але і ў гэтым было адмоўлена. Дэклярацыю я так і не запоўніў. За гэта на мяне і быў складзены пратакол па артыкуле 23.4 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням)», — кажа Сяргей Сямёнаў.

30 жніўня над Сямёнавым па гэтай справе адбыўся суд. Судзьдзя Дамненка вынесла прысуд адразу ж пасьля сьведчаньняў Сямёнава, хлопец атрымаў 30 базавых велічынь штрафу (930 тысяч рублёў). Не былі нават апытаны супрацоўнікі мытні, якія складалі пратакол.

Акурат празь дзесяць Сяргей Сямёнаў яшчэ раз выяжджаў ва Ўкраіну. На кантрольна‑прапускным пункце «Новая Гута» яго папрасілі зноў запоўніць мытную дэклярацыю. Нягледзячы на сумны мінулы досьвед, хлопец усё адно папрасіў прадставіць яму дэклярацыю па‑беларуску. На што атрымаў рашучую адмову. Далей гісторыя разьвівалася прыкладна па тым самым сцэнары, што і ў першы раз. Сямёнава прывялі да начальніка зьмены.

«Я вырашыў усё адно цьвёрда трымацца свайго», — зазначае хлопец.

На яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па тым самым правапарушэньні, што і 20 жніўня. Памежнікі адпусьцілі хлопца ўжо тады, калі нічым дабрацца да Чарнігава было немагчыма.

«Аднак у мяне ў 9 раніцы была важная сустрэча, таму вырашыў усё ж дабірацца да прызначанага месца. Разьлічваць на тое, што мяне падбярэ нейкая машына з маёй зьнешнасьцю і ростам не выпадала, таму ўсе 65 кілямэтраў да Чарнігава прайшоў пешшу», — кажа Сямёнаў.

Памежнікі адпусьцілі хлопца ўжо тады, калі нічым дабрацца да Чарнігава было немагчыма, таму ўсе 65 кілямэтраў да Чарнігава ён прайшоў пешшу

Менавіта гэтыя гісторыі паслужылі повадам для заяваў старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча. 18 верасьня на сэмінары, прысьвечаным пытаньням міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і правасудзьдзя, ён адзначыў, што ў краіне парушаюцца правы беларускамоўных, прывёўшы прыклад Сямёнава.

Праз пару дзён на інцыдэнт зрэагаваў і старшыня мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі, які паабяцаў, што бліжэйшым часам на мытнях зьявяцца дэклярацыі на беларускай мове.

Сямёнаў на гэта рэагуе проста:

«Здарылася тое, што мусіла здарыцца ў любой краіне. Нічога звышнатуральнага не адбылося. Мы проста адстаялі сваё права размаўляць і пісаць па‑беларуску. Права быць беларусам. Прыемна, што і я крыху спрычыніўся да гэтага».

Аднак судовыя разьбіральніцтвы па справе Сямёнава ня скончыліся. Суд па другім пратаколе мусіў адбыцца ў панядзелак пасьля абеду, але зь незразумелых для хлопца прычын разгляд справы перанесьлі на 4 кастрычніка. Бліжэйшымі днямі ў Гомельскім абласным судзе павінна быць разгледжаная скарга Сямёнава па першым прысудзе.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя падрабязнасці пра трагедыю ў Полацкім манастыры16

Сталі вядомыя падрабязнасці пра трагедыю ў Полацкім манастыры

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму пазяханне такое заразнае?

Упершыню за доўгі час падчас атакі беспілотнікаў загінуў жыхар Падмаскоўя9

У Полацкім манастыры трагедыя — спалілі жанчыну34

Робат паўстаў на шоу ў Кітаі 4

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў Расіі збег у ЗША праз Мінск13

Падобны да надмагілля памятны знак у Нясвіжы заззяў новым бляскам14

Два кенты на Савецкай у Брэсце ў кепках з ЧЗ падпявалі пад песню «Жукоў». І мелі неасцярожнасць запосціць гэта ў трэдс15

«Жыццё — штука цікавая, аднак». Зорка беларускага гандбола наняўся фатографам, каб здымаць улюбёную многімі беларускую спявачку4

З клінінгавай кампаніі дадаткова здзерлі ў бюджэт аж 1,1 мільёна17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці пра трагедыю ў Полацкім манастыры16

Сталі вядомыя падрабязнасці пра трагедыю ў Полацкім манастыры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць