«Цяпер ня час для інтэрвію, хлопцы. Хіба вы не разумееце, што гэта правакацыя?» — кажа Ўладзімер Кішкурна. Можна меркаваць, што справа будзе раскручвацца, каб зьбіць хвалю абурэньня зьбіцьцём Завадзкай.
І ўсё-такі ёсьць у спэцслужбах людзі, якія цалкам маглі б перакваліфікавацца ў рэжысэраў бандыцка-мянтоўскіх сэрыялаў. Паўза пасьля «эфэктнай» канфіскацыі 200 тысяч даляраў, нібыта прызначаных Сяргею Скрабцу, зацягнулася. І вось у этэры БТ і АНТ чарговы тэлегіт — рэпартаж пра штурм 9 ліпеня дому Ўладзімера Кішкурны, старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ. Выбіўшы дзьверы і вокны, каля тузіна міліцыянтаў учынілі ператрус і арыштавалі Антона Кішкурну, 22-гадовага сына гаспадароў дому, якія былі ў гэты час у адпачынку.
Антону прад’яўлена абвінавачаньне ў незаконным збыце наркотыкаў і захоўваньні боепрыпасаў. Пад боепрыпасамі маюцца на ўвазе тры патроны, знойдзеныя ў доме. Што да наркотыкаў, якія нібыта былі пры Антоне, дык адносна іх увогуле ніякай дакладнай інфармацыі няма.
«Цяпер ня час для інтэрвію, хлопцы. Хіба вы не разумееце, што гэта правакацыя?» — кажа Ўладзімер Кішкурна. Ён тэрмінова вярнуўся ў Менск і адмаўляе любую датычнасьць яго сына да вылучаных абвінавачаньняў.
Нягледзячы на гучны пачатак, ня выключана, што справа перацячэ ў хранічны стан і неўзабаве рассыплецца. Надта ўжо шмат мэдыйнай валтузьні і замала какрэтных доказаў віны хлопца. Аднак можна меркаваць, што справа будзе ў любым выпадку актыўна раскручвацца, каб зьбіць хвалю абурэньня, якая ўзьнялася пасьля зьбіцьця Сьвятланы Завадзкай.
Каментары