Литература99

Ігар Бабкоў. Хвілінка. Тры гісторыі

Фрагменты из книги, за которую автор получил премию Гедройца — 2014.

На церемонии награждения лауреатов нынешней литературной премии имени Ежи Гедройца жюри отдало первое место Игорю Бобкову. Он представил на премию роман «Минутка. Три истории».

Францішак любіў казаць, што ён нарадзіўся ў гэтым часе і гэтым месцы толькі дзеля таго, каб пакаштаваць добрай кавы ў прыстойнай кампаніі.

Было, праўда, няясна, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна: інтанацыя, з якой вымаўлялася фраза, заўважна мянялася ў залежнасці ад гадзіны, пары года, месца, а таксама ад колькасці выпітага каньяку.

Гэтая фраза магла гучаць ціха і спакушальна, у каляровай раскошы восеньскага сутоння. Магла роспачна — як званок у хуткую дапамогу. Магла гучаць сціплай канстатацыяй: так, сапраўды, больш анічога не застаецца рабіць у эпоху непапраўнай дэградацыі свету, у часы Калі-Югі, як толькі прыйсці ў кавярню і замовіць гэты кубачак з густой, цёмна-духмянай вадкасцю. І потым доўга сядзець, гледзячы кудысьці далёка, працінаючы позіркам сцены і эпохі.

Таксама не было ясна, што значыць «прыстойная кампанія»: усе ведалі, што Францішак любіў піць каву адзін.

***

Зрэшты, я дакладна ведаю, што Францішак зусім не жартаваў. Ён гаварыў чыстую праўду.

Было такое месца ў Менску ў халодныя часы. Нават цяпер, калі ўсё змянілася, некаторым людзям – і ў асаблівыя моманты – я прызначаю там спатканні.

Назва была дастаткова простая для эпохі, зачараванай пластыкам і сіліконам: Хвілінка.

Адкуль яна паўстала, было невядома. Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, — гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё.

Так, сапраўды, для большасці: смачныя пахі, прадчуванне магчымасцяў, спроба выбраць. Потым доўгая чарга. Потым каса, дзе трэба за ўсё заплаціць. Потым…

Але не гэта было галоўным.

Сюды можна было прыйсці, — так мы тады казалі.

Гэта было дзіўнае месца.

Уласна кажучы, гэта была зусім і не кавярня. Там не было асобнага ўвахода, гардэроба з люстэркам, не было залы са столікамі і афіцыянтамі. Толькі невялічкі барны закуток з трыма стойкамі, — напрыканцы адной з першых менскіх піцэрыяў. У гэтым закутку стаяў каўны апарат, на якім рабілі эспрэса — таксама адзін з першых у познесавецкую эпоху — і, напэўна, найлепшы.

Зрэшты, і гэта яшчэ нічога не тлумачыць. Ясна, былі й іншыя месцы. Былі сапраўдныя кавярні, былі ціхія куточкі ў гастраномах, дзе стаялі каўныя апараты, і ў некаторых кава была някепская. Пад гадзіннікам, альбо на Чырвонай. Часам усе скіроўваліся туды — у пошуках чагосьці новага, незвычайнага. І тады знаходзілі сябе ў іншых дэкарацыях. Напэўна, проста таму, што доўга сядзець – стамляе (так сказаў адзін наш добры знаёмы, калі яго запыталі, навошта ён пацягнуўся ў Кітай з Індыі, адзін, у шостым стагоддзі нашай эры).

Сапраўды, былі розныя магчымасці. Была Халодная кавярня, у сутарэннях пад Палацам Мастацтва, дзе каву гатаваць не ўмелі, але дзе можна было чытаць і гаварыць гадзінамі, пакуль не змерзнеш. Была Звар’яцелая кавярня ў Траецкім, на другім паверсе, дзе гатавалі толькі па-ўсходняму, і дзе весці размову было немагчыма – бо там гаварылі адразу ўсе, голасна, амаль крычалі.

І ўсё ж такі гэты закуток быў асаблівым.

Перш за ўсё асаблівай была прастора.

Гэта было ўзвышша, самае высокае месца горада. І да таго ж, месца разлому.

[…]

***

Вуліцы старой часткі пачыналіся неяк незаўважна і паводзілі сябе дзіўна. Перайменаваныя не адзін раз, яны адрываліся ад назваў, якімі эпохі спрабавалі іх прыручыць, скідвалі іх з сябе як танныя апранахі.

Яны бунтавалі, не пагаджаліся — ішлі то паралельна рэчаіснасці, то перапляталіся, з ёй і міжсобку, скрыжоўваліся і разыходзіліся ў невядомых кірунках.

Іх было, зрэшты, няшмат, але яны шчасліва пераблытваліся ў свядомасці, і ніхто не мог пасля сказаць, што гэта было, і куды мы патрапілі: Падгорная? Дамініканская? Энгельса? Замкавая? Рэвалюцыйная?

Яны перасталі адгукацца нават выпадковым мінакам, заціхлі ў маўклівасці.

Часам здавалася, што ў гэтай маўклівасці хаваецца ціхая пагарда, і не толькі да радасных і бадзёрых новых мікрараёнаў, але і да рэальнасці як такой.

Зрэшты і сам Праспект, на якім прытулілася Хвілінка, існаваў крыху асобна ад рэальнасці. Гэта кідалася ў вочы не адразу, але для ўважлівых назіральнікаў было відавочным.

Праспект быў не проста самай доўгай вуліцай у горадзе, ён працінаў горад наскрозь, з захаду на ўсход. Хвілінка мела на ім дакладны адрас: дом 22. Яго можна было знайсці ў даведніку, і я аднойчы так і зрабіў. Проста каб упэўніцца, што ўсё гэта мне не прыснілася. Што Хвілінка сапраўды існуе, альбо існавала. У адным з гарадоў аднае з краінаў.

Справа ад Праспекта і паралельна яму ішла зарослая старымі дрэвамі і невялікімі мадэрнымі будынкамі вуліца Карла Маркса. Самая рэспектабельная, самая ціхая і буржуазная вуліца горада. Па ёй было добра шпацыраваць, але там чамусьці не адбывалася анічога сутнаснага.

І ўсё ж найлепей падыходзіць да Хвілінкі было менавіта па ёй, каля Музея Усіх Мастацтваў збочыць налева, нырнуць у затоку сквера, і выйсці на паверхню ўжо на Праспекце, каля самага ўваходу.

Прайсці наскрозь бістро, дайсці да барных стоек і заняць сваё месца каля вакна, з левага боку.

Праз вакно адкрываўся асаблівы від, як унутр, так і навонкі.

***

Менавіта там, у Хвілінцы маё жыццё раптам адкрылася мне як кветка: у яго празрыстай няўцямнасці, загадкавай і незразумелай прысутнасці in-der-Welt.

Як гэта здарылася, я памятаю і цяпер: я стаяў за высокім столікам. Была позняя восеньская раніца 1982 года. Сонца ледзьве прабівалася праз хмары.

Я замовіў падвойную, як звычайна, і стаяў за далёкай стойкай, адзін. Горад распачаў працоўны дзень, і цяпер, пасля ранішняй мітусні, крыху аціх, затрымаўся — ці то ў чаканні абеду, ці то ўжо ў прадчуванні вясёлай вечаровай ілюмінацыі.

І тут за вакном адбылося штосьці надзвычайнае. Я адчуў гэта ўнутры, усёй сваёй істотай.

Усё раптам знікла.

Я прысеў на падвоканне, мне стала млосна. Але гэта было не проста фізічнае пачуццё, а штосьці больш складанае і насычанае. Амаль неадсюль. Штосьці накшталт сартраўскай nausea. Памятаеце, у ягоным рамане галоўны герой патрапляе ў гэтую пастку.

Усё, што было такім важным, усё што так ганарылася сваёй трываласцю, імкнулася быць назаўсёды — усяго гэтага больш не існавала.

Свет павольна адыходзіў ад мяне, згортваўся ў клубочак, знікаў. Гэта было дзіўнае пачуццё: я адчуваў сябе так, як быццам бы свет завіс у маёй свядомасці, нібы навагодняя цацка на святочнай ялінцы. Яе можна было пагойдаць, можна было пахадзіць вакол, прыгледзецца.

Што здарылася, я так ніколі і не зразумеў.

Можа, раніца была занадта дзіўная, а можа, Леа не пашкадаваў кавы для падвойнай, і кафеін дабра-такі ўдарыў па маёй чыстай, яшчэ не нагружанай навакольнай ілюзіяй ранішняй свядомасці.

Усё заставалася такім, як ёсць. Машыны рухаліся ў розных кірунках, кудысьці ішлі людзі, у шапіках прадавалі «Правду» і «Вечерний Минск», піянеры ўскідвалі рукі ў салюце і давалі клятву жыць, як завяшчаў вялікі Ленін, менскае метро рыхтавалася ўпусціць ў свае светлыя залы савецкі народ беларускага разліву…

І ў той жа час было ясна, што гэта толькі ілюзія, сон — усяго гэтага насамрэч няма. І неістотна, сніць гэты сон хтосьці канкрэтны, напрыклад, Бог, ці гэта калектыўная галюцынацыя ніжэйшага анталагічнага гатунку.

Не, я зусім не спужаўся.

Хаця, напэўна, мусіў. Бо калі ўсё так нетрывала, знікома, не мае аніякага сэнсу трымацца і ўтрымоўваць, не мае сэнсу караскацца разам з усімі, рабіць кар’еру, думаць пра кватэры, дачы, пра тое, каб стаць у чаргу па «жыгулі».

Але я, наадварот, адчуў сябе свабодным. Чалавек чамусьці пачынае адчуваць сябе чалавекам, толькі калі ён крыху выпадае са свету. Ці калі свет выпадае з яго.

А потым я стаў абсалютна шчаслівым.

Гэта немагчыма патлумачыць, чаму чалавек, які разумее, што анічога нельга ўтрымаць, становіцца шчаслівым.

Я проста перастаў трымаць — і трымацца.

Спачатку паплылі самыя простыя рэчы: кубачак з кавай, які стаяў на стойцы, раптам прыўзняўся і завіс у паветры, дакладна перада мной. Потым павольна адплыў і ўжо там пачаў павялічвацца ў памерах, змяняць форму, пераўтварацца ў розныя рэчы.

Ён, як быццам здзекаваўся з чалавечага спадзявання на ўстойлівасць і зразумеласць свету. Там, на бяспечнай аддаленасці ён пераўтвараўся то ў кнігу, то ў маленькую дзяўчынку, то ў вялікага цацачнага тыгра. Урэшце ён пераўтварыўся ў мяне самога: я глядзеў на сябе здалёк і загадкава ўсміхаўся.

Потым ад мяне аддзяліліся сны.

Потым — і гэта самае дзіўнае — ад мяне аддзялілася маё Я і таксама пачало знікаць удалечыні. Ці, больш дакладна, тое што я лічыў сваім я: фрагменты размоваў, важных і няважных, урыўкі успамінаў, лустачкі эмоцыяў.

На пэўны час я застаўся ў адсутнасці, там, дзе нічога няма. Колькі я там прабыў – невядома: там не было часавых адзнакаў, каб свядомасць магла за штосьці зачапіцца.

А потым усё вярнулася.

Я сядзеў на падваконні, першыя наведвальнікі замаўлялі штосьці каля барнай стойкі, Леа паставіў кружэлку і зайграла музыка. Білі Холідэй спявала пра няшчаснае каханне, і чамусьці было страшна соладка слухаць яе гісторыю, і нават не проста соладка, а страшна істотна, я разумеў, што няма анічога больш істотнага ў свеце, чым гэтая музыка.

***

І ўсё ж такі адна думка крыху вярэдзіла, не дазваляла проста так распусціцца сярод бытнага, сярод тонаў музыкі свету.

Трэба было пражыць сваё жыццё.

А гэта значыць штосьці выбраць, тут і цяпер. Вось толькі немагчыма выбіраць штосьці адно, пакуль не зразумееш, што да чаго, чым гэта адрозніваецца ад другога, чаму і як мы штосьці выбіраем у жыцці. Альбо чаму і як штосьці нас выбірае.

І ўрэшце — чым ёсць чалавек і навошта ўсё гэта?

Здавалася: яшчэ ёсць час, каб разабрацца, каб зразумець. І ў той жа момант адкульсьці паўставала прадчуванне, што жыць і разумець — розныя рэчы. Што калі ты ўва ўсё гэта патрапляеш, дык табе ўжо будзе не да разумення.

Калі цябе забірае жыццё, зносіць плынь, галоўнае – не пайсці на дно, даплыць да другога берага.

Мы сыходзім занадта рана, — раптам падумаў я.

Каб сапраўды з усім гэтым разабрацца, трэба было б пражыць некалькі жыццяў.

Комментарии9

Сейчас читают

«О каком союзе можно говорить?» Лукашенко в Астане раскритиковал Россию за навязывание утильсборов11

«О каком союзе можно говорить?» Лукашенко в Астане раскритиковал Россию за навязывание утильсборов

Все новости →
Все новости

Ракета Blue Origin миллиардера Джеффа Безоса взорвалась на старте1

Белорусу в Польше удалили опухоль из мозга — теперь он восстанавливается после остановки сердца. Семья просит помощи2

Беларусбанк также будет требовать от клиентов геолокацию4

Украинские дроны атаковали Волгоград. Горит НПЗ

Исследователи десятилетиями ошибались насчет костела в Будславе. Археологические находки опровергли старые теории12

В Румынии российский дрон попал в многоэтажку4

Как любовь к кошкам в Японии превратилась в миллиардную индустрию1

Покончил жизнь самоубийством канадский хоккеист Клод Лемьё2

30 тысяч евро для лечения Александра Милинкевича собрали за три дня1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«О каком союзе можно говорить?» Лукашенко в Астане раскритиковал Россию за навязывание утильсборов11

«О каком союзе можно говорить?» Лукашенко в Астане раскритиковал Россию за навязывание утильсборов

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць