Архіў

У Паначэўнага — бронза

№ 24 (286), 28 чэрвеня 2002 г.


конкурс імя Чайкоўскага ў Маскве

У Паначэўнага — бронза

У ноч з 16 на 17 чэрвеня ў менскіх “музычных дамах” ня спалі. Хтосьці вартаваў ля тэлефона, хтосьці — ля кампутара. І а першай гадзіне ў Інтэрнэце зьявілася доўгачаканая зьвестка: беларускі піяніст Андрэй Паначэўны трапіў у фінал XII Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага ў Маскве.

За плячыма 25-гадовага артыста ўжо былі дзьве вельмі пачэсныя перамогі. У 19 год ён здабыў Гран-пры Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Сандра Тамазоні ў Кёльне (прычым другой прэміі нікому не прысуджалі). А праз два гады быў уганараваны першай прэміяй конкурсу піяністаў імя Ўільяма Кепэла ў Вашынгтоне. З гэтае перамогі распачалася ягоная вялікая музычная кар’ера.

Паначэўны шмат канцэртуе, асабліва ў ЗША. Ён граў нават у славутым Карнэгі-холе. На ягоныя выступы ў Менску немагчыма купіць квіток… Цяпер ён — першы з тых беларускіх музыкаў, хто вучыўся на радзіме, — апынуўся ў фінале Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага.

Гэтае музычнае спаборніцтва паўстала ў 1958 г. як частка хрушчоўскага пляну ідэалягічнай атакі на заходнія дэмакратыі. У той час сярод эўрапейскіх інтэлектуалаў распаўсюдзілася мода на расейскае мастацтва XIX ст. Крамлёўскія ідэолягі намагаліся выкарыстаць сытуацыю — прадставіць СССР у вачох сусьветнай грамадзкасьці законным спадчыньнікам вялікай расейскай культуры, лідэрам у сусьветным культурным працэсе. Конкурс Чайкоўскага задумляўся як найбуйнейшае і самае прэстыжнае музычнае спаборніцтва. Яно мусіла дэманстраваць перавагу расейскай і перш за ўсё маскоўскай выканальніцкай школы.

Адбор на конкурс ладзіўся толькі сярод савецкіх музыкаў; замежнікі траплялі туды амаль аўтаматычна.

Выпускнікам і студэнтам Беларускай кансэрваторыі трапіць на конкурс Чайкоўскага было амаль немагчыма. Першыя прэміі найчасьцей даставаліся маскоўскім хлопцам з “чэснымі” камсамольскімі тварамі; некаторыя зь іх нават зрабілі кар’еру. Затое таленавітыя выканаўцы нярэдка задавольваліся толькі трэцяй-шостай узнагародай ці ўвогуле не траплялі ў фінал. Сярод найбуйнешых сусьветных славутасьцяў, “уганараваных” такім чынам, — расеец Міхаіл Майскі (VI прэмія, 1966), якога часта называюць найлепшым віялянчэлістам усіх часоў і народаў, вугорскі піяніст і дырыжор Андраш Шыф (IV прэмія, 1974), амэрыканскі бас-барытон Шыман Эстэс (III прэмія, 1966), украінскі бас Анатоль Качарга і чэскі тэнар Пэтэр Дворскі (V прэмія, 1974), амэрыканская мэцца-сапрана беларускага паходжаньня Далора-Марыя Зайц (III прэмія, 1978) і беларуская сапрана Марыя Гулегіна (III прэмія,1986).

Пасьля развалу СССР конкурс Чайкоўскага стаў працаваць на прэстыж ўсеўладных пэдагогаў Маскоўскай кансэрваторыі. У 1994 г. 17-гадовы Андрэй Паначэўны паўдзельнічаў у X конкурсе, які стаўся рэкордным па колькасьці махінацыяў. Тады Андрэй не прайшоў нават у другі тур. Не пашанцавала й іншым беларускім удзельнікам: ані сьпявачка Тацяна Варапай, ані віялянчэліст Мікаэл Самсонаў ня трапілі ў фінал. “Конкурс Чайкоўскага не пакінуў у мяне прыемных уражаньняў”, — сказаў мне Паначэўны наступнай восеньню, атрымаўшы свой першы “дарослы” дыплём на Міжнародным конкурсе імя Шапэна ў Варшаве. Ён зарокся ўдзельнічаць у маскоўскім конкурсе. У 1998 г. у конкурсе імя Чайкоўскага ўдзельнічалі тры беларускія піяністы — Аляксандар Іваноў, Ігар Галянкоў і Аляксей Пятроў. Яны чамусьці сталіся галоўнымі мішэнямі для маскоўскай крытыкі.

Аднак прайшлі яшчэ чатыры гады, і Паначэўнаму закарцела зноў паспрабаваць свае сілы.

У дзёньніках тэлеканалу “Культура” выступленьне Паначэўнага на першым туры ўвогуле не паказвалі, хаця яно выклікала ў залі 10-хвілінную авацыю. Увогуле, сёлета ўсе ўдзельнікі, у тым ліку замежныя, прайшлі праз жорсткі папярэдні адбор, і сярэдні ўзровень канкурсантаў быў значна вышэйшы, чым чатыры гады таму. Нават на гэтым фоне Паначэўны адразу ж выбіўся ў лік неафіцыйных лідэраў.

Тым ня менш, па абвяшчэньні вынікаў другога туру музычны аглядальнік газэты “Ведомости” Міхаіл Фіхтэнгольц цікавіўся, “чаму гэта” беларус Паначэўны прайшоў у фінал, а расейцы Валодзін і Шыбко не прайшлі. Маўляў, варта было прапусьціць у фінал яшчэ аднаго расейскага выканаўца.

Фіхтэнгольц ня ведае, што Шыбко — таксама беларус, які пасьля сканчэньня Гімназіі-каледжу пры Беларускай акадэміі музыкі зьехаў у Маскву, да тамтэйшых педагогаў. А вось Паначэўны — чысты прадукт беларускае фартэпіяннае школы, гадаванцы якой усё часьцей дасягаюць посьпехаў на міжнародных конкурсах. Зусім нядаўна 24-гадовы Канстанцін Красьніцкі здабыў чацьвертую прэмію на конкурсе імя Рахманінава ў Маскве.

Вынікі Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага такія: Андрэй Паначэўны атрымаў званьне ляўрэата, бронзавы мэдаль і прэмію 10 тысяч даляраў. Трэцяе месца падзяліла зь ім кітаянка Цзюй Цзынь; другую прэмію аддалі расейцу Аляксею Набіуліну, а першую — японцы Аяцы Ўэхары. Чацьвертай прэміі не прысуджалі, пятую падзялілі між сабою ўкраінец Зьмітро Анішчанка і карэец Лім Дон Мін.

У конкурсе вакалістаў першыя прэміі атрымалі расейцы: бас Міхаіл Казакоў і мэцца-сапрана Айталіна Адамава-Афанасьева.

У скрыпачоў і віялянчэлістаў першыя прэміі не прысуджаныя, а галоўнымі героямі фіналу сталіся нямецкі віялянчэліст Яганэс Мозэр, япона-амэрыканская скрыпачка Тамакі Кавакуба і кітайскі скрыпач Сі Чэнь, які моцна пацярпеў падчас бясчынстваў расейскіх футбольных фанатаў. Ён быў зьбіты, з траўмай пляча трапіў у шпіталь, аднак знайшоў у сабе сілы выступіць і атрымаў другое месца.

Ю.А.


Каментары

Цяпер чытаюць

Беларуская і расійская арміі на беларускай тэрыторыі трэніруюцца наносіць ядзерны ўдар8

Беларуская і расійская арміі на беларускай тэрыторыі трэніруюцца наносіць ядзерны ўдар

Усе навіны →
Усе навіны

Пачобут расказаў, калі вернецца ў Беларусь13

«Вярніце мне маю родную мову»: у Брэсце абурыліся рускамоўнымі табло ў тралейбусах18

Адзінокі дом у рапсавым полі пад Гроднам стаў зоркай сацсетак7

«Абанемент на спакойнае жыццё ануляваны». Камандуючы Сіламі БПЛА Украіны пракаментаваў налёт на Маскву і зноў прыгразіў Лукашэнку29

Ёзэф Менгеле. Швейцарыя адкрывае сакрэтныя файлы пра «Анёла смерці» Аўшвіца13

Беларускамоўнага выкладчыка Медуніверсітэта асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»17

На тэрыторыі аэрапорта Шарамеццева пасля налёту БПЛА пачаўся пажар5

Як могуць змяніцца хрушчоўкі ў Беларусі ФОТЫ4

Нікому не пазычаць і карыстацца бясплатнай медыцынай: фінансавыя правілы дзяўчыны з даходам 7 000 рублёў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуская і расійская арміі на беларускай тэрыторыі трэніруюцца наносіць ядзерны ўдар8

Беларуская і расійская арміі на беларускай тэрыторыі трэніруюцца наносіць ядзерны ўдар

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць