Меркаванні1515

Страшнае слова

Ці існуе ў нашым сённяшнім грамадстве хаця б ланцужок салідарнасці? Піша Сяргей Ваганаў.

Ці даводзілася вам задумвацца над спалучэннем неспалучальных слоў?

Ну, вось узяць, напрыклад, Першамай. Так бы мовіць, «праздник труда».

«Праздник» — ад слова «праздный», ні з якой справай, ні з якім дзеяннем не звязаны. Які «труд»? Гуляй, душа!..

На беларускай мове — свята, святы дзень... Слова ўзвышанае, духоўнае, працаваць у такі дзень — вялікі грэх. Яшчэ большы — «гуляць», бадзяцца без мэты...

У савецкія часы, калі першамайскае бадзянне збівалася ў калоны, ніхто не адважваўся называць яго «народным гуляннем».
Хаця менавіта такім яно і было, калі народ, разышоўшыся па кватэрах і хатах, праводзіў у гісторыю чарговую нагоду расслабіцца ды паслухаць казку аб тым, якое неверагодна добрае жыццё чакае яго наперадзе...

Але ж не ўсё так проста было ў савецкія часы. Асабліва для тых, хто іх помніць.

Вось старая фотакартка, адна з нешматлікіх ад даваеннага жыцця бацькоў. 1939-ы, першамайская дэманстрацыя. Фон — апошнія паверхі Дома ўрада, высока над галовамі партрэт чалавека з вусамі. Бачны толькі нізкі лоб і вусы, але ўгадваецца беспамылкова. А наперадзе — маладыя мужчыны і жанчыны ў доўгіх паліто, крочаць весела, размашыста, вольным крокам. Не маршыруюць — крочаць пад музыку, гэта бачна па здымку, нават чутна: «...вставай, не спи, кудрявая…»

Колькі ні гляджу на гэты здымак, не магу зразумець, якому цуду так шчыра радуюцца гэтыя людзі, радуецца бацька, каторы на большасці іншых здымкаў з сямейнага архіва задуменны, нават сумны...
Разумею — малады, усяго 25, побач жанчына, каторую ён кахае, сябры, калегі... Свята, у рэшце рэшт, Першамай!

Але ўжо два гады, як у Казані раздзёрта сям’я старэйшага брата — сам расстраляны, жонка на Калыме, малалетнія дзеці, сястрычка з брацікам, распіханы па дзіцячых дамах у розных канцах СССР...

І ўсё ж ёсць у тым здымку адна незалежная ад часу падрабязнасць, якая, можа, больш за бацькоўскую весялосць не дае мне спакою: усе яны, маладыя мужчыны і жанчыны ў доўгіх паліто, ідуць, узяўшыся пад рукі. Іх яшчэ многа, у тым ланцужку, амаль усіх я ведаю — і тых, каго выбіла вайна, і тых, хто дажыў да сярэдзіны майго ўласнага жыцця. І ведаю, што, калі б гэты ланцужок разарваўся, я не выжыў бы. Магчыма, і не з’явіўся б на свет...

Вялікая сіла — чалавечае сяброўства і салідарнасць паміж людзьмі!

...Ці існуе ў нашым сёняшнім грамадстве хаця б ланцужок салідарнасці?

На чалавечым узроўні так, існуе. Людзі, дзякуй Богу, яшчэ не пазбавіліся імкнення і здольнасці дапамагаць адзін аднаму, асабліва калі размова ідзе пра выратаванне жыцця.

Чаму ж на грамадскім узроўні пануе ўсеагульная абыякавасць?

Адкуль яно, гэта бясконцае маўклівае чаканне таго, што нешта пераменіцца ў лепшы бок — ці само, ці прапагандысцкімі намаганнямі ўлады, ці з дапамогай вонкавых дабрадзеяў?

На мой розум, у гэтай сумнай з’явы адна крыніца — страх. Страх перад уладай і страх перад незалежным жыццём.

Няўжо французы, немцы, іспанцы ды туркі жывуць бядней, горш за нас, калі выходзяць 1 мая на шматтысячныя дэманстрацыі ў абарону сваіх правоў?!

Чаму ж мы, якія жывём не ў беспаветранай прасторы, нават не за «жалезнай заслонай», як у колішнія часы, такія абыякавыя да ўласнага жыцця? Можа, нас не хвалюе нястрымны, як нідзе, нават у краінах СНД, катастрафічны рост цэнаў, падзенне рэальных заробкаў, пенсій, сапраўднае, а не статыстычнае беспрацоўе?

Хвалюе, безумоўна. Але ж выйсце шукаецца не ў салідарным супраціве, а ў прыстасаванні да жыцця на кіруючым ланцугу ці, што тычыцца моладзі, усё часцей за мяжой.

А што апазіцыя? Што незалежныя прафсаюзы? Нешта варухнулася на левым ускрайку, ды зноў прыціхла... Як чорт ад ладана апазіцыя бяжыць ад усяго савецкага, забыўшыся, што 1 мая — далёка не савецкая па сваёй сутнасці традыцыя.

Нідзе ў свеце і ніколі, пачынаючы ад 1886 года ў Чыкага, 1 мая не было святочным днём. Толькі Днём салідарнасці — самай моцнай зброі працоўных у змаганні за свае правы.

Страшнае слова — салідарнасць.

Страшыць уладу, палохае людзей, насцярожвае апазіцыю...

Такое страшнае, што нават выкраслена з сутнасці Першамая... з ужытку... з жыцця.

Глядзець таксама:

Месца ў гісторыі

Памылка мэра

Былыя могілкі

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Каментары15

Цяпер чытаюць

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты44

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Усе навіны →
Усе навіны

Джорджа Мелоні наведае краіны Персідскага заліву для абмеркавання паставак нафты

Крама закупляла красоўкі па сем рублёў, а прадавала па 200 рублёў2

Кураняты таксама любяць, калі іх гладзяць

«Мы так затрахалі нашых заходніх партнёраў?» Прапагандысты лямантуюць пасля блакіроўкі іх каналаў у ютубе18

СМІ: Пры ўдары па танкеры расійскага «ценявога флоту» загінуў генерал ГРУ, які курыраваў дыверсіі і забойствы за мяжой2

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома35

Звольнілі кіраўніка прадпрыемства, якое выбірае месца пад могільнік для радыеактыўных адкідаў2

Недалёка ад Армузскага праліва разбіўся яшчэ адзін амерыканскі самалёт4

Трамп хоча павялічыць вайсковы бюджэт ЗША адразу на 40%3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты44

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць