«Трохі перарабіла дзённік — класны кіраўнік ухваляе, аднакласнікі хочуць такія ж» ФОТАФАКТ
У суполцы УКантакце «Мая краіна Беларусь» з'явілася фота трохі пераробленага школьнага дзённіка — больш за палову тытульнай старонкі займае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, а замест афіцыйнага герба — «Пагоня».
«З новым навучальным годам, ананімна», — напісаў аўтар.

«Наша Ніва» высветліла асобу ўладальніка такога патрыятычнага дзённіка — гэта школьніца, якая вучыцца ў раённым горадзе Мінскай вобласці, у старэйшым класе..
Вось што адказала нам дзяўчына на пытанне, чаму яна вырашыла перарабіць свой дзённік і як да гэтага паставіліся настаўнікі.
«Мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі гісторыі і беларускай мовы! — сказала дзяўчына. — Наш гісторык вучыць нас не так, як напісана ў падручніку. Ён паказвае розныя відэа, вучыць думаць сваёй галавой. Гэта менавіта ён паўплываў на мяне і, наогул, на ўвесь мой клас. А мая класная кіраўніца — настаўнік беларускай. І яна таксама цалкам падтрымлівае гісторыка і прышчапляе нам любоў да мовы, да нашай гісторыі, да беларускай культуры. З-за гэтых двух настаўнікаў у нас у класе ёсць шмат беларускамоўных)) А наконт дзённіка — мая класная толькі за. Мне нават здаецца, што яна ганарыцца сабой, што выхавала такіх дзяцей)))))»
Што да аднакласнікаў, то, паводле дзяўчыны, некаторыя з іх захапіліся такой ідэяй і таксама хочуць расфарбаваць дзённікі ў такім стылі.
«Мама хвалюецца праз гэта, а тата падтрымлівае», — падсумавала дзяўчына і дадала, што ўжо прыдумала схему на выпадак традыцыйных праверак — яна адарвала першую старонку ад «стандартнага» дзённіка і падкладзе яе пад вокладку «прасунутага».
Каментары