Меркаванні11

Арыфметыка кошту чалавечага жыцця плюс памідоры і агуркі

Была такая гісторыя. Жанчына-пенсіянерка ішла па пешаходным пераходзе. Ехаў кіроўца на аўтамабілі, які належыць прадпрыемству, дзе ён працаваў. У аўтамабілі былі няспраўныя тармазы, а кіроўца быў падслепаваты, і павінен быў быць у лінзах ці акулярах. Жанчыну збіў, яна загінула. Быў суд, кіроўцу пакаралі пазбаўленнем волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. 

Дачка загінулай падала зыск да прадпрыемства, якому належыць аўтамабіль, каб сплацілі ёй матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды — 500 мільёнаў. Раённы суд спыніўся на лічбе ў 100 мільёнаў, маўляў, 500 — зашмат. Дачка абскардзіла рашэнне раённай інстанцыі ў абласной. У абласным судзе было так. 

Прадпрыемства (па-ранейшаму — саўгас, які займаецца вырошчваннем гародніны і садавіны) адмовілася павялічыць суму матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды. Патлумачылі сваю пазіцыю тым, што дачка не вельмі і гаруе па маці-нябожчыцы. Маўляў, і 100 мільёнаў хопіць за вочы! Не так-то яна і пакутуе, не на 500 мільёнаў. Нават у шпіталь не звярталася. Недзе яны нават заўважылі ці ўбачылі, што жанчына мала праяўляе эмоцый, мала плача. І гэта пайшло ёй у папрок на судзе. 

Заяўніца адказала, што плача яна мала, бо п'е заспакаяльныя сродкі «Новапасіт» — раз. Была ў святара, і ён не раіў плакаць — два. «Святар мне сказаў, што нябожчыкам не патрэбныя нашы слёзы, і плакаць ён не рэкамендаваў», — дадала жанчына. 

Тады прадстаўнікі саўгасу сказалі, што не могуць ёй такую суму выплаціць, таму што гаспадарка бедная і мае 15 мільярдаў крэдыторскай запазычанасці. З чаго, маўляў, плаціць, мы і так у мінусе! І заробкі малыя ў гаспадарцы — каля 3,5 мільёна. Тут жа на судзе сядзеў і вінаваты ў ДТЗ, прадстаўнікі саўгасу апелявалі да яго — вось ён наогул зараз 2,5 мільёна атрымлівае. Той падхапіўся і паправіў адміністрацыю: «Не два з паловай, а два мільёны сто, і гэта толькі бруднымі!». 

Тады жанчына, што падала касацыйную скаргу, парыравала, што не такое прадпрыемства беднае і няшчаснае, як прэзентуе сябе ў судзе. У першым квартале маюць запазычанасці — што натуральна для сельскай гаспадаркі, а ў трэцім ці чацвёртым квартале, калі збяруць ураджай — будуць пры грашах. 

Прадстаўніцу саўгасу такая заява абурыла, і яна сказала, што да чацвёртага кварталу ў гаспадарцы будзе ўжо не 15 мільярдаў запазычанасці, а ўсіх сто мільярдаў — з мінусам, канечне. 

Тады жанчына сказала, што яна пасівела ад гора, і прапанавала суду прадэманстраваць свае сівыя валасы — як доказ пакут. Суд аднёсся да такой прапановы стрымана. «Я цяпер вымушана часцей фарбаваць валасы з-за сівізны, а часцей фарбую — дык яны выпадаюць, і мне трэба іх лячыць! На гэта грошы таксама трэба!», — патлумачыла пацярпелая. 

Яшчэ яна дадала, што з-за трагедыі вымушана была шукаць новую працу, бо на мінулай працы яе ўсе шкадавалі і такім чынам не давалі забыць пра трагедыю, і яна зноў пакутавала праз тое шкадаванне. 

А прадстаўніца саўгасу ў сваёй прамове ўсё выбачалася перад жанчынай і зноў казала пра крэдыторскую запазычанасць у 15 мільярдаў і пра тое, што «сто мільёнаў — нармальная сума». Суддзя запыталася ў прадстаўніцы адказчыка: а вы не прапаноўвалі кампенсаваць пацярпелай маральную шкоду прадукцыяй? «Ды радзі Бога! — адказала прадстаўніца саўгасу. — Па сабекошце, канечне можам». «А бясплатна?» — спыталася суддзя. «Яны не згодзяцца, напэўна», — задумалася прадстаўніца саўгасу. 

Уявіце сітуацыю: жанчыне кампенсуюць смерць маці некалькімі грузавікамі зялёнага гарошку, памідораў і агуркоў. О так прывязуць і ў двор выгрузяць. 

У залі сядзеў і вінаваты ў аварыі. Суддзя зацікавілася і яго асобай, спыталася — чаму не праверыў тармазы перад дарогай?

«Як я магу праверыць, калі іх не бачна? А ямы, каб загнаць на яе машыну і паглядзець — што там унутры, у нашай гаспадарцы няма», — развёў рукамі чалавек. 

«Вы што — кепска бачыце?», — усё пыталася суддзя. «Чаму? Добра я вас бачу. — А чаму тады жанчыну на дарозе не ўбачылі? — Таму што мне тады зуб вырвалі, прычым здаровы зуб, а не хворы. — Прычым тут зуб?! — Таму што ён мне балеў, так балеў, што вочы слязіліся, вось я жанчыну і не ўбачыў!». 

Суддзі пайшлі раіцца. Ну і параіліся, што сто мільёнаў, па словах прадстаўніцы саўгасу — «нармальная сума». А 500 мільёнаў — ненармальная. Таму рашэнне прынялі на карысць саўгасу. 

Добра, што не агуркамі і яблыкамі кампенсавалі маральную шкоду.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры17

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння ў Расіі зноў гарыць Перм. Выглядае, што СПА ў Прыўраллі больш няма14

Бусел-прыгажун рэгулярна заходзіць у краму ў Маладзечанскім раёне. Яму купляюць сасіскі, не грэбуе птушка і батонам2

«7 пасажыраў, 2 каністры ў прыбіральні». Праз «саляршчыкаў» на мяжы ў Брэсце ўтвараюцца чэргі5

У Заслаўі ў ХІІ стагоддзі мог быць мураваны храм ці княжацкі палац, пра які нічога не ведалі гісторыкі17

На матчы Лігі чэмпіёнаў фанаты закідалі ўсё поле туалетнай паперай

Учора днём па ўсёй краіне было не вышэй за +10°С

Марыхуана НЕ бясшкодная, паказваюць новыя даследаванні22

Трамп расказаў пра «вельмі добрую» размову з Пуціным і назваў сябе ініцыятарам перамір'я6

Рудая кошка, якая стала талісманам музея ў Віцебску, цяпер сустракае наведвальнікаў разам з кацянятамі ФОТЫ3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры17

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць