Міністр фінансаў Джэк Лью адправіў у адстаўку дырэктара падатковай службы краіны Стывена Мілера.
Як паведамляе ВВС, міністр зрабіў гэта па непасрэдным указанні Барака Абамы. Звальненне адбылося, калі стала вядома, што падатковая служба праводзіла дадатковыя праверкі прадстаўнікоў апазіцыйных груп, арганізацый, якія належаць да так званай Tea Party, кансерватыўнага руху ў Рэспубліканскай партыі.
Падатковая служба прызналася, што сапраўды арыентавала сваіх інспектараў на дадатковыя праверкі гэтага сегменту. Узнік скандал: многія пабачылі за гэтым палітычны заказ.
У ЗША грамадскія арганізацыі і непрыбытковыя, некамерцыйныя ініцыятывы вызваленыя ад падаткаабкладання. У тым ліку і палітычныя суполкі, групы па інтарэсах. Аднак гэтае правіла не распаўсюджваецца на лабісцкія структуры. Гэта і дае падставу для дадатковых праверак.
Амерыканцы свята шануюць свае палітычныя свабоды. Калі стала вядома, што прэзідэнт Ніксан падслухоўваў сваіх канкурэнтаў, гэта каштавала яму пасады.
«Я не пацярплю такіх паводзінаў ні ў адным агенцтве, але асабліва ў падатковай службе. Бо яна валодае валодае вялікімі паўнамоцтвамі і мае ўплыў на жыццё кожнага з нас. І ўсё роўна, якіх палітычных поглядаў вы прытрымліваецеся, але падатковая служба павінна працаваць абсалютна сумленна», — сказаў Абама.
Каментары