Театр

Сочувствие деспоту. В Купаловском премьера 100-го сезона — «Король Лир». Все ждали аллюзий

На премьеру собрался бомонд, в зале сидела и Лидия Ермошина. А на сцене происходила битва между Добром и Злом. Пишет театральный критик Вячеслав Ракицкий.

Вялікая і вечная трагедыя «Кароль Лір» Уільяма Шэкспіра — найлепшы выбар тэатра да свайго юбілею. А тут яшчэ і глыбокі, прыгожы — узорны пераклад Юркі Гаўрука! Нават калі б акцёраў рэжысёр проста пасадзіў на сцэне ў крэслы і папрасіў па ролях прачытаць тэкст, правалу б не было: словы складаюцца ў сказы, маналогі, дыялогі так дасканала, што і філасофія, і бытавая праўда, і жарсці становяцца сапраўдным космасам.

Зрэшты, пастаноўшчык спектакля Мікалай Пінігін увесь час падкрэслівае, што адной з прычынаў выбару для пастаноўкі гэтай трагедыі Шэкспіра быў менавіта ўзорны пераклад яе на беларускую мову. Тэатр спектаклем «Кароль Лір» і далучае публіку да трыумфу нашай багатай мовы, якою можна тонка і дакладна перадаць гуманістычны свет Шэкспіра.

Геніяльнасць трагедыі «Кароль Лір» у нязгубленай у стагоддзях ні палітычнай, ні чалавечай яе актуальнасці і ўніверсальнасці. Што да сучаснай Беларусі, дык не толькі яе філасофія, а нават наўпрост вобразы, канфлікт і калізіі выклікаюць алюзіі і асацыяцыі з сістэмай улады ў Беларусі.

У гэтым сэнсе роўнай «Каралю Ліру» для нашай сцэны можа быць хіба «Рычард ІІІ» таго ж Шэкспіра. Палітычных алюзій шмат. Найперш — непазбежны, ужо не за гарамі, транзіт пакуль яшчэ аўтарытарнай улады з вельмі падобнаю раскладкай прэтэндэнтаў на яе. А гэта заўсёды спараджае палацавыя інтрыгі з барацьбой інтарэсаў, фіналам якіх звычайна з’яўляюцца пакаранне, адплата, пакаянне.

Усё гэта ёсць і ў сцэнічным «Каралі Ліры» рэжысёра Мікалая Пінігіна. Але

тую публіку, якая чакае ў гэтых параметрах выкрывальнага, адкрыта публіцыстычнага спектакля з наўпроставай канстатацыяй цяперашняга беларускага ліха, спектакль, напэўна ж, расчаруе. Пінігін паставіў усё ж гісторыю ўніверсальную, найперш засяроджаную на маральным яе баку.

Рэжысёра цікавіць само змаганне дабра з ліхам.

Ён разглядае сувымернасць іх у жорсткім свеце і здольнасць чалавека, людзей да каяння і спачування. Вось мы і мы ўбачылі гэты бой на сцэне не архаічным, без гістарызму, а ў нашых, сучасных разуменнях і каардынатах. Гэта выяўляецца перадусім у абсалютна нейтральнай да гістарызму і аскетычнай сцэнаграфіі Кацярыны Шымановіч з вялікімі рухомымі шчытамі ў глыбі сцэны і пустой пляцоўкай для дзеяння. У дэкарацыях, святле, касцюмах, рэквізіце выкарыстаныя толькі чатыры колеры — чорны, белы, чырвоны, жоўты. Усе яны чытаюцца на ўзроўні сваіх сімвалічных значэнняў — цемра, святло, кроў, розум. Стыльна, яскрава, прыгожа. А ў дадатак — неверагодныя касцюмы персанажаў у тых жа колерах. Я назваў бы іх гранічна эстэцкімі, нават футурыстычнымі, а мо і дэкадэнцкімі. Яны падкрэслена эклектычныя, іх дэталі, аксесуары гіпербалізаваныя, розных стыляў, але ўсё ж з нашага ці добра вядомага нам часу — бліскучыя боты, кіцелі, галіфэ, плашчы, накідкі і нават футравыя шапкі брытанскіх гвардзейцаў. Эклектыка і ў матэрыялах: лакіраваная скура, сукно, футра, паркаль, зрэб’е і таму падобнае. Але

ўсё зліваецца ў выразны і апраўданы вобраз працяглай эпохі, брутальнасць, вычварэнства і заняпад якой наўмысна эстэтызуюцца, ад чаго яе агіднасць яшчэ больш выяўляецца.

Прычым, і касцюмы, і рэквізіт дае нам намёк і на зусім наш час. А на пачатку другой дзеі, калі Лір выпраўляецца ў непагадзь і вар’яцее, на іржышчы з’яўляецца велічэзны цюк саломы, абматаны белым поліэтыленам, такі самы, які мы бачым сёння на беларускіх калгасных палетках.

Пасля спектакляў «Шляхціц Завальня» і «Кароль Лір» на купалаўскай сцэне можна ўжо сцвярджаць, а я ў гэтым перакананы, што ў асобе Кацярыны Шымановіч беларускі тэатр мае вельмі перспектыўную мастачку з адметным стылем і выдатным густам. А ў «Каралю Ліру» мы ўбачылі і поўную гармонію рэжысуры з такой сцэнаграфіяй.

Пінігін і Шымановіч класічную трагедыю насычаюць элементамі з сімвалісцкага тэатру. Ужо на самым пачатку спектакля, у сцэне раздзелу каралеўства, доўгі каралеўскі скураны шлейф падаецца як аб’ёмістая карта Англіі. Шлейф-карту тут жа раздзіраюць на тры вялікія кавалкі. Далей замест крыві з ранаў герояў будуць з’яўляцца чырвоныя стужкі, замест баявых мячоў персанажы будуць біцца чорнымі з чырвонымі канцамі рурамі, з якіх у фінале будуць змантаваныя крыжы. Вось Эдгар (Іван Трус) пляце сваю інтрыгу, а згатаваную ім жа локшыну развешвае на вушах Глостэра (Андрэй Градабоеў). Я заўсёды, дзе б ні глядзеў «Караля Ліра», з жахам чакаю сцэну выколвання вачэй у Глостэра. У новым мінскім спектаклі гэта зроблена зноў жа вынаходліва і сімвалічна. Графа Глостэра кідаюць на крэсла катавання, яго засланяе сваім аб’ёмным целам Герцаг Корнуал (Дзмітрый Есяневіч), і на сцэну спачатку адзін, затым другі вывальваюцца чырвоныя тэнісныя мячыкі — вочы Глостэра.

Як для мяне, дык усё ж занадта эканомна пастаноўшчыкі выкарыстоўваюць падобныя вынаходніцтвы. Асобныя сцэны, здаецца, таксама патрабуюць такіх дапаўненняў, настолькі яны эфектныя. Але ёсць і такія, што пакуль яшчэ не вельмі добра ўгрунтаваныя ў сэнс. Магчыма, у мяне не хапіла фантазіі, але сэнс белай стужкі я так і не адчытаў. Магчыма, акцёры не апраўдалі прыём.

На такім тле Мікалай Пінігін і яго акцёры з павагай да тэксту лагічна расказваюць гісторыю, выпрастоўваюць шматпланаваны і ў пэўнай ступені заблытаны сюжэт, які сёння пры чытанні твору ўжо цяжка ўспрымаецца. Дзеянне развіваецца на адной, практычна пустой пляцоўцы. Сцэны мантуюцца не праз традыцыйныя змены дэкарацыяў, а праз дынамічны, які часам падаецца аж шалёным, рытм. Персанажы толькі што адыгранай сцэны знікаюць у кулісах, і ў гэты ж самы момант на пляцоўцы з’яўляюцца ўжо персанажы сцэны наступнай. Непарыўнасць і рытмічнасць дзеяння не даюць засумаваць гледачу. Інтанацыі акцёраў вельмі гучныя, нават на мяжы крыку, яны цалкам падпарадкоўваюць сабе ўвагу гледача. У выніку доўгі як для сучаснага тэатра спектакль (каля трох гадзінаў з антрактам) пралятае як імгненне. І пры гэтым паспяваеш успрымаць тэкст.

Акторы ў гэтым спектаклі, можа, нават як ніколі раней, выдатна даносяць няпросты вершаваны тэкст, прысвойваючы яго сабе, сваім персанажам. Крыўдна толькі, што ў гэтым тэмпарытме часам знікаюць псіхалагічныя матывацыі, і ты не разумееш, чаму герой здзяйсняе той ці іншы ўчынак, якая жарсць ім кіруе — прага ўлады, помста, сэкс?

А мо гэта ад таго, што ўсе падзеі падпарадкаваныя ў спектаклі высокаму ўзроўню тэатральнасці? Акцёры прамаўляюць голасна, падкрэслена трагічна, нават крыху на дыстанцыі ад сваіх герояў. Кожны знаходзіцца на сваім месцы ў вынаходлівай геаметрыі мізансцэнаў, кожны дакладна, дысцыплінавана выконвае рэжысёрскую задуму. Акцёрскі ансамбль працуе як зладжаны механізм. Купалаўская трупа ва ўсім сваім тэхнічным харастве!

Нарэшце збылася даўняя мара сыграць трагедыю і найперш Караля Ліра суперзоркі беларускай сцэны, прызнанага майстра камедыйнага жанру Віктара Манаева. І ў гэтай яго мары таксама прычына выбару для пастаноўкі ў юбілейным сезоне «Караля Ліра».

Прыроду пачуццяў свайго героя і стыль перадачы яе Манаеў заяўляе ўжо ў першым выхадзе на сцэну. Ён у бліскучых ботах, знаёмых галіфэ, кіцелі, пад каронаю і пазнавальная прычоска — зачэсаныя на бок валасы. Кароль-дэспат, кароль-самадур рэзка, істэрычна, з моцнай жарсцю распачынаю ролю. Жорсткія, катэгарычныя, загадлівыя інтанацыі, якія пераходзяць на крык, аслепленага ўладай караля-дэспата, караля-самадура разрываюць цішыню глядзельнай залі, запаўняюць яе цалкам, убіваюць гледачоў у крэслы. Мы бачым, скарыстаўшы словы Арыстоцеля, чалавека «хутчэй горшага, чым лепшага», які на нашых вачах здзяйсняе трагічную памылку.

Нават добраахвотна адмаўляючыся ад улады, ён верыць, што будзе да скону дзён усімі кіраваць. І вось гэтыя жорсткія, напоўненыя ўнутраным кіпеннем інтанацыі будуць воляю рэжысёра і артыста паступова гаснуць, удала размяркоўваючыся праз увесь спектакль, яны згаснуць у каянні, што будзе ціха сыграны пры фінале.

Ад самага зыходу Ліра ў непагадзь Пінігін з Манаевым настойліва вядуць залу да спагады і спачування кінутаму і зняважанаму каралю аж да такой ступені, што ўжо забываеш яго мінулае аблічча, робяць з яго чалавека, вартага спачування.

А шэкспіраўскага пакарання ліха, увасобленага ў гэтым героі, нібыта і няма. Цікавая, у нейкай ступені арыгінальная трактоўка вобразу, хоць і не бясспрэчная, і не да канца матываваная. Да таго ж і збожжавыя каласкі мастачкі Шымановіч, што прарастаюць на вопратцы Ліра, увогуле настойліва патрабуюць нашага спачування дэспату, заслужана пакаранага Богам, лёсам.

Магчыма, тэатр задае пытанне нам: ці варта і ці ў стане мы дараваць злачынствы, здзейсненыя тыранам, і ці можа сам ён увогуле стаць відушчым і пакаяцца? Звычайна, зло ў трагедыі, хай нават і здзейсненае памылкова, караецца, а наша прасвятленне і ачышчэнне наступае ад разумення абавязковай кары за яго. На мой погляд, тое стаўленне да Ліра. Якое ёсць спектаклі Пінігіна, усё ж зніжае градус высокай трагедыі, пераводзячы яе ў драму.

Такой ідэі спектаклі падпарадкаваная і ўся расстаноўка сілаў. У цэнтры — Лір. Амаль усе астатнія, бадай, адназначна падзеленыя на сілы дабра і ліха. З боку дабра — Граф Кент (Ігар Сігоў), Граф Глостэр (Андрэй Градабоеў), Эдгар (Іван Кушнярук), Герцаг Альбані (Раман Падаляка). З боку ліха — Ганерылья (Вікторыя Чаўлытка), Рэгана (Валянціна Гарцуева), Эдмунд (Іван Трус), Герцаг Корнуал (Дзмітрый Есяневіч). Паміж імі, паміж дабром і ліхам, і вядзецца бой. Бой, які інакш, як смерцямі закончыцца не мог. У фінале Блазен (Аляксандр Казела) над кожным з трупаў мантуе з рураў-мячоў крыжы, а затым сам караскаецца на вертыкальную канструкцыю і ўкрыжоўваецца. Нялёгка разгадаць, чаму? Мне ж пасля доўгіх роздумаў, падаецца, што гэта метафара знішчэння Розуму ў «такі наш час, калі сляпых вядуць вар’яты». Але вельмі неабходныя больш дакладная матывацыя, мацнейшы грунт такой метафары, асабліва калі гэта фінал, падсумаванне.

Так, усе выканаўцы пераканаўчыя і выразныя ў сваіх ролях. Усе дакладна нясуць той знак, тую функцыю, якую яны мусяць выконваць у сістэме вобразаў і развязанні канфлікту.

Некалькі артыстаў асабліва мяне парадавалі ў сэнсе далейшай перспектывы трупы. Найперш адзначу безумоўны акцёрскі рост маладога Івана Кушнярука. За тры гады ў тэатры ён шмат сыграў, а створаным ім у гэтым спектаклі вобразам Эдгара даказвае, што вырас у акцёра галоўных роляў.

Арганічна, гнутка, пластычна мяняе ён унутраныя станы свайго персанажа — наіўны, шчыры, светлы, спагадлівы, яго Эдгар мусіць выблытвацца з пасткі подласці, інтрыг, прыкідвацца вар’ятам і ратаваць іншых. Кушнярук вядзе ролю з перспектывай, дасягае значнай яе эмацыйнасці, і праз яе ў гэтай пастаноўцы ўмацоўваецца дабро, якому наканавана калі не перамагчы, дык ураўнаважыць зло. 

Сёлета прыйшоў у купалаўскую трупу адносна малады, але з вопытам працы ў Магілёўскім тэатры, Іван Трус.

Ён яшчэ толькі ў другім спектаклі выходзіць на сцэну ў адной з цэнтральных роляў, а ўжо стаў улюбёнцам публікі. І тут, і ў «Шляхціцы Завальні» ён выконвае ролі падобныя, таму амплуа тэмпераментных інтрыганаў, злодзеяў, выглядае, замацуецца за ім у тэатры надоўга.

Вярнуўся ў Тэатр пасля даволі доўгага перапынку калісьці папулярны купалавец Андрэй Градабоеў і з бляскам выканаў ролю Графа Глостэра. Ён выдатна перадае тыя пакуты, якія цярпіць за сваё сумленне і дабро. У Градабоева атрымаўся глыбока псіхалагічны вобраз.

Увогуле гэтым спектаклем Тэатр імя Янкі Купалы падаўся мне істотна памаладзелым. Набыла новае дыханне, стала зноў дзёрзкай рэжысура Пінігіна. Прынцыпова новая, маладая сцэнаграфія Шымановіч. І на першы план, вядомыя вопытным майстрам Віктарам Манаем, выйшлі акцёры маладога і сярэдняга пакалення. Іспыт на майстэрства класікай імі відавочна здадзены.

Тэатральны спектакль адбываецца тут і зараз. Спектаклю, як і людзям, наканавана нараджацца, сталець, а пасля і старэць, паміраць.

Я апісаў свае ўражанні ад толькі што народжанага, у яго першы выхад на людзі сёлетняга «Караля Ліра». І выглядаў ён падчас першых крокаў ужо маштабным, магутным, відовішчным, дынамічным, вельмі прыгожым, але — крыху халодным, бо не заўсёды паводзіны герояў, а значыць, і сама ідэя пастаноўкі, яе пасланне, былі матываванымі. «Караля Ліра» рэжысёра Мікалая Пінігіна варта і трэба глядзець, на ім дакладна будзе працаваць розум, а калі спектакль крыху падрасце, спадзяюся, запрацуюць і пачуцці гледачоў. 

Комментарии

Сейчас читают

Трамп одобрил план атаки на Иран, но пока воздерживается от приказа

Трамп одобрил план атаки на Иран, но пока воздерживается от приказа

Все новости →
Все новости

«Месяц без работы — дороже». Можно ли заплатить $5 тысяч и получить оффер?1

«Считаю, что заслужил право высказаться». Отставной подполковник белорусской милиции вернул медаль и ушел воевать за Украину9

В США врачи отключили от аппарата жизнеобеспечения 31-летнюю американку — она родила ребенка, будучи в коме3

От иранского ракетного удара в Израиле погибла семья из Украины, которая приехала лечить семилетнюю дочь от лейкемии2

Фордо — главный ядерный объект Ирана. Что о нем известно?5

Трехкратный чемпион Беларуси по футболу подал на банкротство2

На Комаровке появилась первая черника

18-летней минчанке показалось, что на нее напали, вывезли в лес и отобрали деньги1

Гомельский бизнесмен-лукашист, который воюет за Сталина, написал донос сам на себя5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп одобрил план атаки на Иран, но пока воздерживается от приказа

Трамп одобрил план атаки на Иран, но пока воздерживается от приказа

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць