Найбуйнейшы ў свеце тэлескоп, названы ў гонар дачкі эмігрантаў з Вільні, перадаў першыя ФОТЫ космасу
Каманда абсерваторыі Веры К. Рубін апублікавала першыя здымкі, зробленыя новым тэлескопам, які лічаць самым вялікім з сучасных наземных тэлескопаў. Яго будавалі 15 гадоў у чылійскіх Андах.

Чакаецца, што тэлескоп зможа зафіксаваць мільёны вельмі дробных касмічных аб’ектаў — напрыклад, новыя астэроіды, піша выданне The Insider.
Адзін з першых здымкаў, атрыманых тэлескопам, — фатаграфіі Патройнай туманнасці і туманнасці Лагуна ў Млечным Шляху. Гэтыя выявы — кампазіт з 678 асобных здымкаў, зробленых на працягу 7 гадзін. Як адзначае CNN, на іх можна бачыць воблакі газу і пылу, якія раней не даследаваліся.

Абсерваторыя імя Веры К. Рубін — гэта найбуйнейшы наземны тэлескоп, які будавалі каля 15 гадоў у чылійскіх Андах для агляду ўсяго Паўднёвага неба кожныя некалькі начэй. Абсерваторыя названа ў гонар астранома Веры Рубін, якая даследавала хуткасць кручэння галактык і чые адкрыцці пацвердзілі існаванне цёмнай матэрыі. Яе бацька, Песах Кабчэўскі, нарадзіўся ў Вільні ў сям'і пальчатніка, якая ў пачатку XX стагоддзя перабралася ў ЗША.
Выразныя здымкі зорнага неба тэлескопу дазваляе рабіць яго канструкцыя. Ён мае люстэрка дыяметрам 8,4 метра, якое працуе з гіганцкай лічбавай камерай вагою 2,8 тоны, памеры якой падобная да невялікага аўтамабіля.
Камера здольная захопліваць вобласць неба, эквівалентную 45 дыскам поўнага Месяца. Гэта дазваляе фатаграфаваць неба з дэталізацыяй, якой да гэтай пары нельга было атрымаць.

Афіцыйныя першыя навуковыя назіранні ў абсерваторыі, якія таксама называюць «першым святлом», прызначаныя на 4 ліпеня. У той час як іншыя наземныя і касмічныя тэлескопы штогод адкрываюць каля 20 тысяч астэроідаў, мяркуецца, што абсерваторыя Рубін зможа зафіксаваць мільёны такіх аб’ектаў за першыя два гады працы.

Асноўны праект абсерваторыі — Агляд спадчыны космасу і часу (Legacy Survey of Space and Time — LSST) — стартуе ў канцы 2025 года. На працягу дзесяці гадоў тэлескоп кожную ноч будзе сканаваць усё неба паўднёвага паўшар'я, ствараючы своеасаблівы «фільм» з трансфармацый Сусвету ў звышвысокім разрозненні.

«Рубін дазволіць нам вывучаць галактыкі і зоркі Млечнага Шляху, аб’екты ў Сонечнай сістэме зусім па-новаму. Паколькі ён робіць здымкі начнога неба хутка і часта, мы можам выяўляць мільёны аб’ектаў, якія змяняюцца, літаральна кожную ноч», — кажа доктар Аарон Рудман, прафесар фізікі элементарных часціц і астрафізікі ў Нацыянальнай паскаральнай лабараторыі Стэнфардскага ўніверсітэта.
Па яго словах, тэлескоп можа стаць «машынай адкрыццяў». Напрыклад, з яго дапамогай даследчыкі хочуць больш падрабязна вывучыць прыроду цёмнай матэрыі.

Штодня абсерваторыя будзе збіраць каля 20 тэрабайтаў інфармацыі, а за дзесяцігоддзе назапасіць базу аб’ёмам больш за 500 петабайтаў. У яе трапяць мільярды нябесных цел і трыльёны асобных вымярэнняў. Пры гэтым уся база даных будзе адкрытай для навукоўцаў усяго свету — кожны зможа зрабіць сваё адкрыццё, нават не звязанае з асноўнымі мэтамі місіі.
Каментары