Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан больш слухаў, чым гаварыў.
Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан больш слухаў, чым гаварыў.
Філіп Гордан з раніцы ў пятніцу пачаў свой візіт з сустрэчы з прадстаўнікамі апазіцыі.
У амерыканскае пасольства былі запрошаныя экс‑кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах 2006 г. Аляксандр Казулін, лідэр ПКБ Сяргей Калякін, старшыня БСДП Анатоль Ляўковіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, намеснік лідэра Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік праваабарончага руху «Вясна» Валянцін Стэфановіч і лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч.
Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны. Філіп Гордан больш слухаў, чым гаварыў. Яго цікавіла сітуацыя ў Беларусі, як яе ацэньваюць апазіцыянеры. Памочнік Дзяржсакратара адзначыў, што гэтую ранішнюю сустрэчу ён правёў, каб быць больш падрыхтаваным для сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, паведаміў Міхаіл Пашкевіч.
Гордан таксама зазначыў, што Амерыка не пойдзе на адмену эканамічных і візавых санкцый супраць Беларусі ў абмен на павелічэнне штату пасольства ў Мінску.
У праграме аднадзённага візіту былі таксама сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрстве замежных спраў.
У Адміністрацыі Гордана прыняў кіраўнік гэтага органа Уладзімір Макей. Менавіта ён лічыцца архітэктарам сённяшняга замежнапалітычнага курсу лукашэнкаўцаў.
«Адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаннях шматбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў сферы міжнароднай бяспекі і раззбраення. Бакі дамовіліся падтрымліваць рэгулярныя кантакты», — паведамляе БЕЛТА пра сустрэчу Гордана з Макеем.
Пасля сустрэчы ў МЗС не было традыцыйнага выхаду да прэсы, і вынікаў перамоваў з афіцыйнымі структурамі пакуль не ведаем. Што маецца на ўвазе пад «рэгулярнымі кантактамі», стане ясна пазней. Аднак у апошні час у двухбаковых адносінах заўважна знікла ранейшае напяццё.
У Мінск Філіп Гордан прыбыў з Вільні. Падчас візіту ў Літву 12—13 жніўня ён абмеркаваў з кіраўніцтвам гэтай краіны шэраг актуальных міжнародных праблем, у тым ліку стратэгічную канцэпцыю НАТО, уплыў сусветнага эканамічнага крызісу на краіны Усходняй Еўропы, праграму ЕС «Усходняе партнёрства», сітуацыю ў Грузіі, Украіне і Беларусі.
Як заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас, «падтрымка ЗША з`яўляецца важнай для ажыццяўлення палітыкі Усходняга партнёрства». Міністр таксама ўказаў на неабходнасць умацавання супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі. «Асабліва важна ўключыць у гэтыя працэсы нашага найбліжэйшага суседа — Беларусь», — падкрэсліў Ушацкас.
Каментуючы адносіны ЗША і Беларусі, Гордан заявіў:
Злучаныя Штаты адменяць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў пасля таго, як у краіне з`явіцца больш свабоды для актывістаў апазіцыі, СМІ і НДА.
Амерыканскі чыноўнік адзначыў крокі насустрач з боку беларускіх улад, у прыватнасці вызваленне палітзняволеных. Менавіта такія крокі, падкрэсліў Гордан, «зрабілі магчымым» яго візіт у Беларусь. «Магчыма, беларускія ўлады гатовы ісці насустрач, але павінны прыкласці больш намаганняў», — цытуе Гордана агенцтва Рэйтэр.
Пакуль жа, адзначыў памочнік дзяржсакратара, у Беларусі працягваюцца арышты паводле палітычных матываў. Вашынгтон гатовы адправіць у Мінск пасла (зараз амерыканскае пасольства ў Беларусі ўзначальвае часовы павераны. — БелаПАН.), але «мяч — на баку поля беларускіх улад», падкрэсліў Гордан.
Пры гэтым ён даў зразумець, што падчас яго візіту ў Мінск складана чакаць канкрэтных рашэнняў пытанняў аб павышэнні ўзроўню пасольства і аб адмене санкцый.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары