Беларускія гераіні26

Самая панкавая беларуская мастачка — пра «Дажынкі», мроі трактарыста і дзяцей кукурузы

Яе жывапіс непрыяцелі крытыкуюць, называюць «негарманічным». Але серыя мастачкі «Дажынкі» напоўненая гумарам і любоўю да Радзiмы. І гэта круты панк, які беларусам так патрэбны для раўнавагі.

Разам з Samsung Galaxy S9|S9+ знаёмім вас з чарговай асобай нашага праекта «Беларускія гераіні». Раней вы маглі пачытаць пра жыццёвы шлях Эміліі Плятэр, Веры Харужай і Ларысы Геніюш. Цяпер жа мы бяромся за сучасніцу — Жанну Капуснікаву, дзякуючы якой беларускія матывы і персанажы заявілі пра сябе ў свеце. Працы мастачкі знаходзяцца ў калекцыях Нямеччыны, Францыі, ЗША, Японіі, Літвы, Расіі, Эстоніі, Егіпта i, вядома ж, Беларусi.

Жанна Капуснікава ў майстэрні.

Жанна нарадзілася ў 1965 годзе ў Мінску ў сям’і супрацоўнікаў тэатра з прозвішчам Кутас. Бацька Анатоль так і не скончыў сённяшні БДУІР: калі на свет з’явілася першая дачка, трэба было неяк забяспечваць сябе. Каб зарабіць грошы, спадар Анатоль браўся за любую працу. Маці, «амазонка» родам з Палесся, з тых жа прычын кінула хімфак.

У іх працоўных кніжках пасля з’яўляліся розныя запісы: геолаг-разведчык, слесар-зборшчык радыёапаратуры, майстар на заводзе вылічальнай тэхнікі, прадавачка, вязальшчыца на фабрыцы, выхавальніца ў дзіцячым садку… Але на самы доўгі час абаіх зацягнула «тэатральная багна». У 1970-я гады ў былы Рускі драматычны тэатр БССР (цяпер — НАДТ імя Максіма Горкага) спачатку прыйшоў бацька Жанны. Звычайным манціроўшчыкам сцэны. Дапрацаваўся да машыніста сцэны і загпаста і прывёў туды жонку Нэлі. Сёння ёй 75, і, як і раней, яна працуе там начальнікам касцюмернага цэха, бо тэатр у іх сям’і — гэта па любові.

Па любові ў іх былі і іншыя рэчы. Бацькі ніколі не прымушалі ні Жанну, ні малодшага брата Сашу рабіць нешта не па іх волі. Уважліва прыслухоўваліся да жаданняў дзяцей. Напрыклад, у дзяцінстве Жанна дэманстравала неблагія вынікі ў лёгкай атлетыцы — стабільна мела другія месцы. Але ў пятым класе настаўніца прапанавала ёй паступіць у мастацкую школу без экзаменаў. Бацька тады запытаўся, чым бы яна сама хацела займацца. Жанна сказала, што паспрабавала б маляваць.

«Мы ўчацвярых жылі ў аднапакаёўцы на 17,5 квадратнага метра, і праз мае планшэты, рулоны, мальберты і эцюднікі месца для жыцця амаль не заставалася. Выхавальніца ў садку тады зарабляла рублёў 60, рабочы на заводзе — 120. І пры гэтым бацькі пастаянна выдзялялі мне на фарбы і палотны досыць вялікія сумы, рублёў па 70. Плацілі яны і за мастацкую школу, навучанне ў якой было хай і не дарагім, але не бясплатным», — згадвае Жанна.

Дэфіцытныя фарбы, нават маючы грошы на руках, трэбы было яшчэ пашукаць. Як толькі ў мастацкім салоне ці шапіку Саюза мастакоў быў прывоз, закупляліся адразу дзесяццю, а то і большай колькасцю цюбікаў ультрамарыну ці умбры. Так ва ўсіх, хто маляваў, аднойчы збіралася цэлая палітра.

Нягледзячы на ўсю строгасць, бацька Жанны мог у лёсавызначальныя моманты даць дзецям свабоду. Гэта праяўлялася і калі ён адпускаў малую дачку з настаўнікам малявання Анатолем Царанковым на выставы ў Маскву, і калі пазней дазваляў ёй у адзіночку аўтастопіць, а ўжо пазней — маляваць бровы ў чырвоныя і сінія колеры.

Малаімаверна, што без гэтай свабоды ў мастачкі мог бы сфарміравацца той погляд і густы, якія прынеслі ёй вядомасць.

Жанна з бацькам Анатолем. На фоне карціна «Жоўтая сукенка і абутак», 1994 год.

Пра жаданне фрыкаваць і навучанне з Вольскім

У вучылішча, «Глебаўку», Жанна паступіла, калі бацькі з тэатрам былі на гастролях. Згадвае, што ў 1980-я там быў «круты час». Многіх таленавітых выкладчыкаў не прымалі ў Акадэмію мастацтва з прычыны іх «нефармальнасці». І ўся гэтая неймаверная творчая энергія канцэнтравалася ў сценах «Глебаўкі».

Асобна Жанна згадвае Альгерда Малішэўскага, які і ёй, і многім іншым аднакурснікам даў правільны мэсэдж. А камусьці — і патрэбны «выспятак». Менавіта словы Малішэўскага згадвала яна кожны раз, калі яе крытыкавалі, калі апускаліся рукі і хацелася кінуць маляванне.

На адным курсе з мастачкай вучыўся Лявон Вольскі.

Жанна расказвае: «З сюжэтамі ў карцінах Вольскі «дурэў» нармальна. Але зоркай на факультэце ён стаў не праз свой бездакорны жамчужны жывапіс, а праз віртуознае ўменне маляваць карыкатуры і шаржы. Усе героі спісваліся з прататыпаў абсалютна дакладна і адразу. Гэта было вельмі крута па графіцы і смешна».

«Заўсёды хацелася, каб было наадварот»

У 1984 годзе Жанна скончыла «Глебаўку» і адправілася па размеркаванні настаўніцай чарчэння і малявання. Смешна, але далей круты паварот у яе жыцці адбыўся праз зубную хваробу. Па лячэнне яна звярнулася ў зубатэхнічную лабараторыю да знаёмай. Менавіта праз яе яна пазнаёмілася з будучым мужам Андрэем Капуснікавым, сёння — вядомым скульптарам. Але тады пра яго талент не ведаў ніхто. Нават ён сам.

Іх раман закруціўся кіношна: «У першы ж дзень знаёмства мы з Андрусём паехалі катацца на Мінскае мора на лодцы. А пасля ён прапанаваў: «Давай са мной і сябрам на Каўказ?» І я пагадзілася. Спытала, канечне, дазвол у бацькоў. Мы сабралі палаткі і паехалі з ім і Юркам Ігрушай загараць і фатаграфаваць голых людзей на «Зеніт». Я называю гэта «перадвясельнай» вандроўкай, бо пасля лета мы яшчэ восень патусаваліся, а зімой ажаніліся».

Архіўны фотаздымак. Жанна і Андрэй Капуснікаў.

У 1987-м годзе ў іх нарадзіўся сын Гоша. З ім, васьмімесячным, Жанна паступала ў Акадэмію мастацтваў. Нягледзячы на новы статус маці («Ты ж жанчына!» — час ад часу нагадваў муж), яе вольная натура працягвала фрыкаваць.

Калі ў «Глебаўцы» дзяўчына ўгарала па «Бітлз» і крыху хіпавала, то цяпер у жыцці моцна ўкараніўся панк, свет якога для яе пачаўся зусім не з «Сэкс Пісталс», а з «Вельвет Андэграўнд».

Гераіня натхнёна расказвае: «Бровы я фарбавала ценямі то ў сіні, то ў чырвоны, то ў зялёны колеры. Пазногці рабіла рознакаляровымі. Са шмоткамі было напружана, таму ў ход ішлі рэчы з камісіёнкі не па памерах: кароткія штаны XXL на клятчатых падцяжках, а пад іх — боты эфіопскай арміі 41-га памеру (прытым што сама я насіла 37-ы). Мне заўсёды хацелася, каб было наадварот. Маці кажа, што нейкая ўпартасць унутры мяне была заўважная яшчэ ў дзяцінстве».

Упартасць, якая пачыналася з уласных прынцыпаў, распаўсюджвалася і на яе асяроддзе. Жанна ва ўсім секла праўду, хоць пасля і перажывала, што можа праз гэта згубіць сяброў.

«Многія недасканаласці нашага асяроддзя — яны якраз праз тое, што мы не кажам адзін аднаму праўду. Хаця б калегі. Мы ніяк не накіроўваем адзін аднаго. Толькі льём алей», — упэўненая Жанна.

На чорна-белым фотаздымку — Жанна падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў. На фоне карціна «Слесар механа-зборачных работ», 2015 год.

Пасля Акадэміі некалькі месяцаў яна адпрацавала на капялюшнай фабрыцы. А потым, амаль магічным чынам, на шэсць год стала мастаком па касцюмах «Песняроў» і асабіста Уладзіміра Мулявіна. Справа ў тым, што першапачаткова музыкі даверылі зрабіць касцюмы іншым мастачкам, але яны не ўкладваліся ў дэдлайн. Такім чынам задачу стварыць адзін са строяў для праграмы даверылі Жанне. У выніку яна выдатна спрацавалася з музыкамі. Гэта была яе першая сур’ёзная замова, дзякуючы якой пазней з’явілася дадатковая праца — у майстэрнях Тэатра оперы і балета.

Маляваць у тыя часы атрымлівалася толькі ў вольны час. А яго было мала. У адпачынку ж справы зусім не клеіліся, і Жанна толькі раздражнялася. Той жывапіс, што ўрэшце нараджаўся, быў нікому не патрэбны: толькі адзіная галерэя («Каўчэг» Людмілы Яравенкі) у пачатку 90-х пагадзілася выстаўляць працы Капуснікавай. На тыя ж фарбы патрэбныя былі грошы, падрастаў сын, які задаваў усё больш пытанняў пра фатаграфію і хацеў ёй займацца, трэба было выжываць. Сям’я знаходзілася ў вечным нервовым стане, і ў такіх умовах з творчасцю атрымлівалася цяжка.

У 2006-м Жанна і Андрэй развяліся. Мастачка не любіць размаўляць пра гэта. Кажа, што рассталіся не праз нейкія канфлікты на глебе творчых крызісаў і не праз здраду. Проста кожны крыху расчараваўся ў другім.

Развіталіся яны сябрамі. «Андрэй для мяне быў і застаецца любімым мастаком за сваю шчырасць», — кажа Жанна.

Яны пазнаёміліся, калі пра яго яшчэ амаль ніхто не ведаў. Ён здымаў з сябрамі пластылінавыя мульцікі, слядоў якіх ужо і не знайсці, здымаўся ў відэаперформансах, але яшчэ не быў блізка знаёмы з жалезам і дрэвам, з якіх пасля пачне рабіць скульптуры «Лісічка», «Падводная лодка» і іншыя.

Працы Капуснікава-скульптара ўпершыню адкрыліся свету ў 2007-м. І ў гэтым жа годзе, пасля 11-гадовай цішыні, запрацавала персанальная выстава Жанны «Любоў-маркоў».

Жывапіс для яе зноў стаў магчымым, калі прыйшла працаваць у кіно. Гэта яна была мастачкай па касцюмах у «Княгіні Слуцкай» і «Летапісе часоў». Потым мастаком-пастаноўшчыкам у кіно і рэкламе. І хоць калектыўная праца ніколі не была даспадобы Жанне, гэтыя сферы прынеслі ёй больш грошай і далі вольны час, які яна магла прысвячаць любімаму жывапісу.

Жанна-Андрэй-Юра

А пасля ў яе жыцці «здарыўся» Юрый Білык. Праз Андрэя і супольныя кампаніі яны былі знаёмыя і раней, але ніколі не камунікавалі блізка, сам-насам. Пасябравалі на канцэрце групы «Воплі Відаплясава».

Як і Жанна, Юрый таксама нядаўна развёўся з жонкай. У плане жыццёвых схем ды нават па характарах гэта было 99-працэнтным супадзеннем. «Быццам мяне памножылі на два», — не хавае радасці Жанна. Юрый стаў яшчэ адной рукой мастачкі, яе паплечнiкам ва ўсіх творчых і бытавых справах. Нягледзячы на тое, што Жанна з Андрэем былі ў афіцыйным разводзе, Юрый як сапраўдны сябар і мужчына ўсё роўна папрасіў блаславенне на іх адносіны. І атрымаў.

На архіўным фотаздымку Жанна, Юрый Білык (у цэнтры) і сын мастачкі Гоша.

У 2010-м годзе Андрэя не стала… «Яго смерць паўплывала на ўсіх нас. На мяне дык дакладна. Ад таго часу я разумею, што гэта рэальнасць. І на ўсё гляджу праз прызму гэтай раптоўнай бязглуздай смерці. Я цаню ўсё і берагу Гошу, Юрку, сваіх бацькоў. Сама не хачу паміраць вельмі-вельмі, бо шчаслівая і зрабіць яшчэ шмат хочацца», — прызнаецца Жанна.

Аграрамантычны серыял з працягам

Пасля «Любові-маркові» ў Жанны было шмат выстаў. Але складваецца ўражанне, што ўсе яны былі нібыта прабежкай, размінкай яе лёгкаатлетычнай натуры перад праектам «Дажынкі».

Усходнеславянскі абрад завяршэння жніва ў Беларусі набыў свой дадатковы сэнс. Святкаваць «агульнарэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі» ў нас пачалі ў 1996 годзе, але з кожным годам гэтая падзея, нягледзячы на добрую задуму, набывала некаторыя… ммм… цікавыя рысы. Пад маркай навядзення парадку зносілі старыя будынкі (ці рэканструявалі сайдынгам), раёны гналіся за новымі незразумелымі лічбамі і паказчыкамі…

На экране смартфона карціна «Вішнёвае сочыва», 2013 год.

На гэтай хвалі ў Жанны нарадзіліся свае «Дажынкі». Чаму дзяўчынку, якая вырасла ў сталіцы, пацягнула да зямлі і такіх персанажаў як аграномы, даяркі, трактарысты? Сыгралі ролю палескія карані. Значэнне мае і перыяд распрацоўкі нацыянальных касцюмаў для «Песняроў».

Жанне не падабалася «прыватызацыя» ўсенароднага свята: «Сказілі яго сэнс і ператварылі ў трэш».

«Дзеці кукурузы», 2013 год.
«Мроя трактарыста», 2013 год.

У «Дажынках» Жанны вясковыя беларусы сапраўды шчаслівыя, прыгожыя і расслабленыя. Размаляваныя ў шалёныя «вырві вока» колеры, каб ужо дакладна развітацца са стэрэатыпам, што Беларусь — гэта шэра і сумна.

«Ад мяне вечна чакалі нейкай гармоніі. А мне мала панку. І я лічу, што трэба даваць жару мацней», — кажа мастачка.

Яна малявала сваю ўтапічную краіну мары. Дзе ўсе ў вышыванках, але не таму, што гэта модна, а проста так, бо душа пажадала. Дзе няма рэлігійнай пошласці, а замест спрэчак пра тое, правільна пісаць «Белоруссія» ці «Беларусь», людзі апекваюць пенсіянераў, збіраюць ураджай і кахаюць. Без русафобіі і карон ВКЛ на галаве, але з чалавечай годнасцю ўнутры.

«Паспелі», 2013 год.

Праўда, ужо другая серыя «Дажынак», працяг яе аграрамантычнага серыялу з тымі самымі персанажамі, гэтакая кінематаграфічна-жывапісная гісторыя, атрымалася куды больш сумнай. Аграномы і даяркі пачалі сцякаць кроўю…

«Ягадкі», 2015 год.

«У СССР я расла з упэўненасцю, што вайны больш ніколі не будзе. Пра яе шмат размаўлялі, яе згадвалі, але мы не маглі ўявіць, што яна паўторыцца зноў. І вось за некалькі тыдняў да падзей ва Украіне мне сніцца сон пра вайну. Мне стала вельмі страшна. І тое, што пачалося, было страшным. Думаю, нікому былі не патрэбныя карціны з кроўю і смерцю. Але я не змагла застацца ў баку ад гэтай тэмы, інакш мне было б сорамна», — згадвае мастачка.

Праўда, нягледзячы на ўплыў данбаскіх падзей, яе другія «Дажынкі» ўсё роўна былі не пра тое, што там. Гэта зноў былі беларусы. І напамін: усіх жывых людзей, незалежна ад поглядаў, аб’ядноўвае тое, што яны пакуль жывыя.

«Дошка гонару», 2015 год. На фоне — працоўныя трафарэты мастачкі.

Сёння Жанна працуе над трэцімі «Дажынкамі». Серыя ўжо мае назву: «Марсiянскі лапiк». Некалькі прац гатовыя даўно, але калі ўдасца скончыць усе, пакуль казаць рана. І не, яна не баіцца застацца мастачкай адной тэмы: «Пакуль што гэта ўсё роўна самае важнае з таго, што я зрабіла».

Як і раней, сёння яе натхняюць шчырыя маладыя панкі без тармазоў, слухаць і наведваць канцэрты якіх яна працягвае ўвесь час. Чаму? Таму што яны сапраўдныя. «З нашай «стабільнасцю», надвор’ем, сацыяльнай атмасферай вельмі хочацца панку, хочацца адрывацца», — кажа Жанна. І запрашае ў гэты адрыў ўсіх, хто гатовы да новага, лепшага, яркага, свабоднага.

Каментары26

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць