«Добрага роду — п’ю гарэлачку як воду»: вышла уникальная книга-CD с белорусскими застольными песнями
15 верасня праект Tradycyja прэзентуе ў Мінску кнігу-CD «Бяседныя песні». Там сабраны застольныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу. Прэзентацыя пройдзе з сапраўдным застоллем, спевамі і традыцыйнымі стравамі на фестывалі «Rajok».
Усе кампазіцыі кнігі-CD «Бяседныя песні» выдадзены ўпершыню.

— Зараз шмат хто захапляецца грузінскімі песнямі, а мы імкнёмся паказаць, што ў беларусаў ёсць свая магутная традыцыя. Наш праект — гэта яшчэ адзін доказ таму. Усе тэксты песень можа вывучыць і спяваць кожны. Запісы на дыску «Бяседныя песні» складаюцца з дзвюх частак. Першая — песні і найгрышы з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, сабраныя ў экспедыцыях пачынаючы з 1960-х. Другая частка — студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч, запісаныя пераважна ў студыі Дома радыё ў Мінску. «Бяседныя песні» — ужо трэці дыск серыі. Першы называўся «Мужчынская традыцыя спеваў». Другі — «Музыка Полаччыны», — распавядае музыкант, стваральнік і арганізатар «Спеўных сходаў», кіраўнік праекта Tradycyja Сяргей Доўгушаў.
Выданне зроблена ў выглядзе кніжкі з вышыўкай на вокладцы і багата ілюстравана старымі фотаздымкамі. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазіцый: 18 у першай частцы, 14 у другой і два бонус-трэкі. У выданні змешчана даведка аб песеннай традыцыі беларусаў, інфармацыя аб усіх запісах, фотаздымкі з сямейных архіваў выканаўцаў. Усе звесткі перакладзены таксама на англійскую мову.

Спевы суправаджалі нашых продкаў ад нараджэння да смерці. Бяседныя песні спявалі ў святочныя моманты, калі ў застоллі збіраліся сям’я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы — застольныя, гасцявыя, п’яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песні казалі: «Як толькі адну чарачку вып’ю і ўсё, пашло — вы сядзіце, а я буду песні пяяць».
Бяседныя песні выконвалі на застоллі ў гонар нараджэння дзіцяці і ўслаўлялі гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, добры пачастунак. У песнях «пад чарачку» апавядалі пра сямейныя ўзаеміны: жыццё ў няроднай сям’і, адносіны з мужам, свёкрам ды свякроўю, смутак па родным доме.
«Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застоллі. У час кірмашоў і фэстаў, куды з’язджаліся сваякі і знаёмыя, спявалі кірмашовыя песні», — тлумачыць укладальніца «Бяседных песень» Яніна Грыневіч.
Большасць застольных твораў былі не абрадавымі, а «жызненнымі». У іх распавядалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа: «Я ж думала, што сакол леціць, аж нелюбы й уздагон бежыць, а нелюбы й уздагон бежыць», нявернасць ды сацыяльную няроўнасць. Вясёлыя, гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, мінорнымі.
Набыць дыск можна на фестывалі традыцыйнай музыкі «Rajok» 14—15 верасня, які адбудзецца ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі (г. Мінск, вул. Карла Маркса 12).
Сейчас читают
Помните Даниила из Офиса Тихановской, которому за два дня собрали деньги на онкологическую операцию? Ему написал тот самый одноклассник, который его ударил — с чего все и началось
Комментарии