Пишет Андрусь Горват — тот, который переехал из Минска на Полесье, жить в дедовом доме.
Цётка Воля расказвала:
«Вельмі добры быў бацька мой. Ніколі не біў нас. Нічога ніякага. Ён быў сільна добры. Але хварэў. Баба Ганна знізу вось цяпер жыла, так? А то насупраць наверсе мы жылі. Там наша хатка была. Каморка. Баба Ёўга, бацькава маці, выгнала бабу Ганну з дзедам Іванам у камору. Там вада замярзала. Я яшчэ і сёння помню тую хатку. Ішла я ў першы клас з той хаткі. Мама напаліць печку крэпка. Мы ўсе — і тата, і мама — усе на печы. І кругом посцілкамі паабпінае. Так і спалі. Я так добра гэта запомніла.
Вой, Госпадзе. Дарма што без бацькі жылі — бацька памёр, — але ў нас мама была такая, што ўсё ў нас было. Яна сама і плацці шыла нам. У нашых тэчак [сябровак — дыялектнае слова. —Рэд.] па адным плацці, а ў нас з Юляй хапала.
Галя тэчка была. Яна ў мяне потым кумою стала. Хрысціла маіх хлопцаў. Во. Дык яна з бацькам жыла, з маткай. Ніколі матцы сваёй нічога не раскажа. Ніводнага сакрэту матка яе не знала. А наша матка ўсе сакрэты Галіныя знала. Усё раскажа. Прыйдзе:
— Арцёмаўна, сядай, я табе раскажу.
А хлопец які цукерак дасць ці што, яна нясе:
— Арцёмаўна, на, ты першая, потым я.
Ніколі сама не з’есць без маткі. Усе цукеркі матка з ёю ела.
Прыйдзе, стаіць, стаіць пад нашай хатай з хлопцам, захацела пасцаць, а стыдна хлопцу сказаць, што сцаць хоча. Прыбяжыць:
— Вой, Арцёмаўна, не магу ўжо. Дай хутчэй быстрэй куды што-небудзь.
Тая вядро ёй паставе. Пабегла ізноў да таго хлопца. Канцэрт! То не Галя была, а я не знаю — конь!
Матка яе ўсю дарогу [усё жыццё — дыялектнае. — Рэд.] любіла».
Цётка Воля гучна смяецца. І я смяюся разам з ёю.
* * *
Маці гасцявала ў мяне, калі патэлефанавалі з клінікі і сказалі забраць ейную сястру. Усім усё стала зразумела – цётку Волю адпускаюць дадому памерці па-людску. Каб не ў бальнічнай палаце сярод чужых хворых людзей, а дома.
Маці плакала.
— Эх, сястра… Узяла на сябе матчыну долю…
Калі была маладая, цётка Воля не ўмела ўседзець дома, хадзіла на вячоркі ды на спатканні, а мая маці гаспадарку вяла, квіткі ў доме культуры прадавала. Вось яны і сварыліся між сабою.
Маці хоць і прыгажэйшая ды маладзейшая за цётку была, але ўзяла на сябе ролю лакаматыва ў сямейным цягніку.
Тая традыцыя захавалася і калі сёстры сталі пенсіянеркамі. Жылі ў розных мястэчках, аднак па-ранейшаму – нібы ў адной хаце. Маці бурчэла, што цётка рамонт у сябе не робіць, што ў секту падалася. Цётка ж хадзіла на агароды ды да сведкаў Іеговы. Гэты сямейны цягнік няспынна бег у касмічную прастору, пакуль не пазванілі з клінікі і не сказалі забіраць цётку дадому.
Маці карміла яе, мыла, насіла на вядро.
Усё, што я дагэтуль ведаў пра пяшчоту, не каштуе нічога. Пра сапраўдную пяшчоту мне расказалі дзве сварлівыя сястры.
Прайшоў тыдзень. Другі. Цётка не памірае. З далёкага падарожжа вяртаецца ейны позірк.
— Дзе ты была? Чаго ўсміхаешся? Я з табой бы з хрустальнай вазай нашуся, а ты ўсміхаешся.
Маці тэлефануе мне і расказвае, што цётка прыдурваецца са сваёй хваробаю. Я разумею: цягнік пабег далей. Праз месяц маці йдзе ў двор і з галін і дошак збівае для сястры хадункі. Яшчэ праз месяц цётка Воля з’язджае ў сваю калінкавіцкую кватэру з высокай столлю. А маці – у сябе – тэлевізар глядзіць. А разам яны – сям’я.
* * *
Сёння цётка Воля, нарэшце, вызвалілася ад хваробы, якая яе мучыла. У мяне няма адчування, што я згубіў цётку. Там, куды яна пайшла, яе будуць чакаць дзясяткі людзей, успамінамі пра якіх яна дзялілася. А мы, пазасталыя, развітаемся з ёй заўтра тут, на зямлі. Але развітаемся толькі на час. На кароткі час зямнога блукання. Свой кароткі час я пражыву з любоўю да жыцця, пражыву без злосці. Так, як мяне навучыла цётка Воля.

Помните Даниила из Офиса Тихановской, которому за два дня собрали деньги на онкологическую операцию? Ему написал тот самый одноклассник, который его ударил — с чего все и началось
Комментарии