БЕЛ Ł РУС

Мацкевіч: Абараняйце сваіх лідараў

5.12.2025 / 22:38

Вінцэсь Клепачэня

Філосаф Уладзімір Мацкевіч назваў «самаарганізацыю без кіраўніцтва» міфам і паказаў на галоўную прычыну згасання пратэстаў у 2020-м. На яго думку, гэта няздольнасць грамадства фізічна абараняць абраных ім жа лідараў.

Уладзімір Мацкевіч. Фота: Look by Media

Развагамі «аб тым, як з'яўляюцца лідары» Уладзімір Мацкевіч падзяліўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Аўтар пачынае з заўвагі аб прынцыповай розніцы паміж спартовым і палітычным лідарствам. Калі ў спорце атлет робіць сябе сам, то ў электаральнай гонцы лідара ствараюць выбаршчыкі. Аднак шараговы грамадзянін рэдка ўсведамляе вагу свайго голасу.

«Кожны, хто прагаласаваў, унёс сваю лепту. Адну шасцімільённую частку. Мізер. Шараговы выбаршчык, просты чалавек не адчувае сваёй адказнасці за тое, што і ён зрабіў кагосьці прэзідэнтам ці дэпутатам», — піша Мацкевіч. Замест гэтага чалавек пачынае «патрабаваць адказнасці ад таго, каго вывеў у лідары, адчувае, што можа нечага ад яго патрабаваць».

У беларускім кантэксце 2020 года, нагадвае філосаф, людзі аддалі галасы за «хатнюю гаспадыню» і вечарам 9 жніўня «выйшлі святкаваць». Але замест свята яны сутыкнуліся з гвалтам і стрэламі. Мацкевіч нагадвае, што нават смерць Аляксандра Тарайкоўскага і наступныя рэпрэсіі не спынілі людзей. Яны выходзілі, нягледзячы на рызыку, як гэта зрабіў Раман Бандарэнка, чыімі апошнімі словамі сталі: «Я выходжу».

Разважаючы пра матывацыю такіх учынкаў, філосаф задаецца пытаннем: дзеля чаго загінуў Раман? На думку аўтара, гэта адбылося не проста за мурал на сцяне, а за нешта большае — «за свой гонар, за грамадзянскую годнасць сваіх сяброў і суседзяў, тых дыджэяў перамен, якія намаляваныя на сцяне, за Беларусь».

Мацкевіч падкрэслівае, што ў 2020 годзе гатоўнасць рызыкаваць дзеля высокіх ідэалаў «не ўспрымалася празмерным пафасам». Аднак тут філосаф ставіць «каверзнае пытанне»: «А хто гатовы быў рызыкаваць за Святлану Ціханоўскую?».

Аўтар сцвярджае, што людзі гатовыя былі трапляць у турму за неадушаўлёныя сімвалы — сцягі, букеты, нават спалучэнне колераў вывешаных на балконе трусоў і маек. Але чамусьці такое стаўленне не распаўсюджвалася на жывога чалавека, «якога мільёны выбаршчыкаў зрабілі сімвалам».

Праводзячы гістарычныя паралелі, Мацкевіч даводзіць, што калі ў мінулым людзі ішлі на смерць за каралёў ці правадыроў, то пазней гэта выйшла з моды. Аднак, на думку філосафа, калі ўжо грамадства ператварае асобу ў сімвал, то яно павінна быць гатова абараняць яе гэтак жа зацята, як і іншыя сімвалы. Бо, як даводзіць аўтар, «у адрозненне ад проста сімвала, у асобы ёсць мэты, задачы, патрэбы».

Значную частку свайго допісу філосаф прысвяціў разбору падзей лета 2020‑га года «ў дынаміцы». Аўтар паказвае, як Ціханоўская спачатку проста заняла месца мужа («месца ўпрыгожвае чалавека»), а пасля аб’яднання штабоў і рэгістрацыі засталася адзіным кандыдатам, апынуўшыся «па-за канкурэнцыяй».

Аднак пасля выбараў рэжым паставіў мэту «пазбавіць пратэстуючыя масы жывога сімвала». Філосаф тлумачыць, што забіваць Ціханоўскую рэжыму было нявыгадна («інакш сімвал стане сакральным»). Таму, па словах Мацкевіча, улада пачала распаўсюджваць чуткі пра пагрозу забойства, каб выдварыць яе, дыскрэдытаваўшы запісаным відэа з 15 тысячамі даляраў: «Ім патрэбны дыскрэдытаваны сімвал».

Злачынная памылка: «Нам не патрэбныя лідары»

Калі ў рэжыму быў выразны план па нейтралізацыі пагрозы, то грамадства, паводле назіранняў філосафа, аказалася ў палоне небяспечных ілюзій і ўласнай безадказнасці.

«Пра масы. А ім усё роўна. Яны ж галасавалі супраць Лукашэнкі. Проста так ужо атрымалася, што гэтыя галасы супраць вывелі Ціханоўскую на першае месца, гэта значыць, на лідарскую пазіцыю. А які з хатнія гаспадыні лідар! Вось гэты мем быў галоўнай памылкай, злачыннай памылкай. Так, менавіта злачыннай», — адзначае філосаф і працягвае:

«Усе памятаюць фразу з дзіцячай кніжкі: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі».(…) Добры гаспадар у дрэннае надвор'е сабаку на вуліцу не выганіць. А вось выгнаць з краіны абранага намі лідара мы дазволілі».

Гэтая абыякавасць да лёсу правадыроў, на думку Мацкевіча, наўпрост паўплывала і на правал руху забастовак. Папулярны наратыў «нам не патрэбныя лідары, мы самі ўсё зробім», які людзі скандавалі на маршах, адыграў фатальную ролю.

Філосаф даводзіць, што забастоўкі не адбыліся не столькі праз эканамічныя прычыны, колькі праз тое, што працоўныя калектывы не здолелі фізічна абараніць сваіх актывістаў.

«Калектыў можа і павінен абараняць сваіх лідараў і прафсаюзных актывістаў», — піша ён, але на практыцы, калі адміністрацыя прадпрыемстваў пачала звальняць «буйных і актыўных супрацоўнікаў», а ўлады «хапалі і арыштоўвалі іх на суткі», «народ маўчаў».

У выніку, як адзначае аўтар, «актыўнасць згасла. Ніхто з актывістаў не хацеў выходзіць у лідарскую пазіцыю, паколькі ўжо дакладна ведаў, што калектыў яго не абароніць».

«Працоўныя калектывы былі абезгалоўленыя за першыя ж два месяцы пасля 9 жніўня. І дарма было чакаць дапамогі рэвалюцыі з гэтага боку. А чаму? Ды таму, што дурны наратыў: «Нам не патрэбныя лідары, мы самі ўсё зробім». Крычаць гэта ўсё крычалі, нават на маршах скандавалі, шпацыруючы невядома куды, кіраваныя невядома кім», — піша Мацкевіч і пераходзіць да разбору пазіцыі палітыкаў.

Гульня амбіцый 

Калі масы верылі ў самаарганізацыю, то палітычныя менеджары і каардынатары, на думку філосафа, не былі такімі наіўнымі. Яны выдатна разумелі «функцыю і прызначэнне той пазіцыі», на якую вывелі Ціханоўскую. Аднак пасля яе выдварэння пачаў дзейнічаць «чалавечы фактар, а дакладней, эгаізм і гульня амбіцый».

Аўтар сцвярджае, што вызваленае лідарскае месца нехта ўспрыняў як свой шанец. Паколькі асноўныя апаненты рэжыму (Бабарыка, Ціханоўскі, Статкевіч) сядзелі, а Цапкалы з’ехалі, узнік вакуум. Штаб Бабарыкі меў толькі «завяшчанне» Віктара з «неадэкватнай прапановай ствараць партыю «Разам», якое не магло знайсці водгуку ў масах».

У гэтай сітуацыі, як піша Мацкевіч, «на пустым месцы» лідарам меркаванняў стала Вольга Кавалькова. Менавіта яна сабрала знакавыя фігуры (Калеснікаву, Знака, Алексіевіч) у «бессэнсоўную Каардынацыйную раду».

Мацкевіч даводзіць, што гэты орган не выканаў сваёй галоўнай задачы:

«Замест каардынацыйнай функцыі гэтая рада стала дыскусійнай пляцоўкай. Адбыўся поўны разрыў паміж пратэстоўцамі і патэнцыйным палітычным крылом пратэсту. А ўсё таму, што «нам не патрэбныя лідары, мы самі ўсё зробім», нам не патрэбны кіруючыя ўказанні, не патрэбны кіраўнікі, мы самі з вусамі».

Гэтая раз’яднанасць і адсутнасць стратэгіі дазволілі рэжыму метадычна ліквідаваць пагрозы. Пакуль палітыкі дыскутавалі, а вуліца крычала, што кіраўнікі не патрэбныя, улада паступова прыбірала тых, хто мог бы ажыццяўляць вызначэнне мэтаў. Арышты Марыі Калеснікавай і Максіма Знака ў верасні паставілі кропку.

«Усё, рэвалюцыя абезгалоўленая. (…) Цяпер у рэжыму развязаныя рукі, ён робіць, што хоча, праўда, яшчэ не ўсё можа. Пратэсты працягваюцца, народ усё яшчэ моцны, але ўжо без мэты і яснага плана дзеянняў. Пачынаецца гулянне па вуліцах «ад агароджы і да абеду». (…) Так, рэжым не можа правесці адкрытую інаўгурацыю. Але праводзіць закрытую. І ніхто не можа яму перашкодзіць», — канстатуе філосаф.

Высновы Уладзіміра Мацкевіча з аналізу падзей 2020 года

Падсумоўваючы свае разважанні, Уладзімір Мацкевіч прапануе наступныя высновы, якія прыводзім цалкам:

Калі лідары і лідарства існуюць, значыць гэта на штосьці і камусьці трэба.

Лідарамі не нараджаюцца, і ні ў кога на лбе не стаіць пячаткі схільнасці да лідарства. Месцы для лідараў з’яўляюцца ў выніку збегу абставін. Святое месца пустым не бывае, нехта ўсё роўна аказваецца ў гэтым месцы.

Кожны, хто аказваецца на лідарскім месцы, можа быць да МЕСЦА і своеЧАСовым. Альбо не да месца і нясвоечасовым, то-бок, апынуцца «не ў сваёй талерцы». А таму што — не ў свае сані не сядай.

Не той чалавек у патрэбным месцы — памылка, зман, або злачынства. Гэтакі Сусанін у поцемках і сляпы. Ну ці зламысны, чаго таксама выключаць нельга.

У вострых і крызісных сітуацыях да лідараў павінны выстаўляцца высокія патрабаванні, і праводзіцца пільны адбор на лідарскія пазіцыі і месцы.

Але лідары тады і толькі тады могуць адпавядаць патрабаванням, калі тыя, хто іх зрабіў лідарамі, гатовыя за гэта адказваць, а не кідаць іх у лапы ворагаў ці проста пакідаць на волю лёсу.

Чытайце таксама:

Уладзімір Мацкевіч: Найгоршае, што са мной адбылося ў турме, — тое, што забралі мае сшыткі

Мацкевіч: Статкевіч маральна перамог, але мяне проста бесіць вось гэтая «маральная перамога»

Мацкевіч: Не пара аспрэчваць лідарства Ціханоўскай. Яна вельмі добрая ў якасці лідаркі

Каментары да артыкула