Суд адмовіў хатняй гаспадыні з Гомеля ў пазове да «дармаедскай» камісіі

Сёння суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыняў рашэнне па справе хатняй гаспадыні Марыі Тарасенка супраць камісіі, якая прыраўняла гамяльчанку да дармаедаў. Жанчыне адмовілі ў пазове, пішуць finance.tut.by.
Суд Чыгуначнага раёна адмовіў Марыі Тарасенка у яе патрабаваннях.
Пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды хатняя гаспадыня адрасавала да камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля і Камітэта па працы, занятасці і сацабароне. Пазней суд дадаў да суадказніка адміністрацыю раёна і фінансавыя ўпраўленні горада і вобласці. Свой пазоў жанчына ацаніла ў адну тысячу рублёў.
Гадоў 10 таму Марыя звольнілася з працы і стала хатняй гаспадыняй. 15 студзеня на яе мабільны патэлефанавала майстар з домакіраўніцтва і спытала, ці працаўладкавалася яна. А затым паведаміла, што з 1 студзеня для Марыі, бо яна ўласнік кватэры і не працуе, павышаюцца тарыфы на падагрэў вады. Марыя палічыла і жахнулася - пераплачваць прыйдзецца каля 100 рублёў, і гэта яшчэ без цяпла і газу!
Марыя вырашыла давесці: да «асобаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў» яе прылічылі незаконна.
Спачатку яна з дапамогай юрыстаў прафсаюза РЭП склала скаргу ў гарвыканкам — у якой спасылалася на тое, што дармаедскі дэкрэт неканстытуцыйны. Прыйшоў адказ, што даваць ацэнку дэкрэтам мясцовыя ўлады не маюць права. Тады Марыя падала скаргу ў суд. Адтуль таксама прыйшла адмова ў сувязі з не падведамасным дадзенага пытання суду.
Тады хатняя гаспадыня звярнулася ў суд, але ўжо з іншым заявай — запатрабавала кампенсацыі нанесенай ёй маральнай шкоды.
Юрысты прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак, якія прадстаўлялі ў судзе інтарэсы Марыі, настойвалі, што хатняя гаспадыня не павiнна быць у дармаедскіх спісах і не мусіць аплачваць жыроўкі па камерцыйных цэнах - яна хоць і не працуе па найме, але ўдзельнічае ў эканоміцы краіны, бо выплачвае ускосныя падаткі пры пакупках у краме.
Каментары