Вярхоўны камісар ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Кэтрын Эштан выказала шкадаванне з нагоды смяротнага прысуду, вынесенага Мінскім абласным судом Эдуарду Лыкаву.
Паводле прэс-службы вярхоўнага камісара ЕС, Эштан усведамляе сур’ёзнасць злачынстваў асуджанага, аднак мяркуе, што «смяротнае пакаранне ніколі не можа быць апраўдана».
«Еўрапейскі саюз выступае супраць вышэйшай меры пакарання пры любых акалічнасцях. Смяротнае пакаранне з'яўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараннем, якое не ў стане дзейнічаць як стрымліваючы фактар і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці».
Эштан заклікала «Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая дагэтуль прымяняе смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыю на такі від пакарання ў якасці першага кроку да поўнага скасавання».
17 снежня стала вядома, што Мінскі абласны суд пакараў вышэйшай мерай 53-гадовага Эдуарда Лыкава, якога вінавацілі ў пяці эпізодах забойства ў стане алкагольнага ап’янення. Вырак агучылі 26 лістапада 2013 года. Пад следствам Лыкаў з 2011-га. Лыкаў падаў на прысуд касацыйную скаргу.
Каментары