Як паведамляе рэдакцыя часопіса Arche, сёлета на велікодны распродаж выстаўленая рэкордная колькасьць выданьняў — 44 папяровыя й 34 электронныя.
Большасьць выданьняў прапануецца з адчувальнымі зьніжкамі — да 70%. Некаторыя зь іх, прыкладам, кнігі Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии, Збор твораў у 3-х тамах Мікалая Улашчыка. Том 1 і ARCHE № 5 (150) — 2016. Ад Ятвязі да Літвы ніколі раней не прадаваліся з дысконтам.
Наклады іншых выстаўленых на распродаж выданьняў, такіх як «Рускі Вавілон: Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі» Cяргія Плахія або «Краіна пагранічча: выбраныя творы» Аляксандра Краўцэвіча фактычна вычарпаныя. Гэтая акцыя — адна з апошніх магчымасьцяў займець названыя кнігі. Сярод папяровых выданьняў выклікаюць цікавасьць раманы Сяргея Пясецкага («Багам ночы роўныя» і «Жыцьцё раззброенага чалавека»), шматлікія даследаваньні на тэму Беларусі пад нямецкай акупацыяй, працы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку магнацкіх родаў Радзівілаў і Сапегаў, публікацыі аб паўстаньні 1863-1864 гг. на беларускіх землях, штудыі аб гісторыі беларускіх рэгіёнаў — Полаччыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны й Палесься, культавыя слоўнікі Некрашэвіча-Байкова, Касьпяровіча й Шатэрніка, зьмястоўныя матар'ялы па гісторыі Заходняе Беларусі, а таксама архівы творчае й навуковае спадчыны нашых выбітных навукоўцаў — Антона Адамовіча (1464 старонкі), Адама Бабарэкі (сукупны аб'ём каля 3000 старонак) і Адама Станкевіча (каля 1200 старонак).
Сярод электронных выданьняў нельга не адзначыць наступныя пазыцыі: папулярныя нумары ARCHE («Жанчыны ў беларускай гісторыі», «Вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» і іншыя).
Варты ўвагі і нумар «Беларуская гістарыяграфія 1920-х: Сярэднявечча і раннемадэрны час», што выйшаў аб'ёмам у 1108 старонак. У ім зьмешчаныя найлепшыя тэксты на тэму Сярэдневечча й ранняга Новага часу найвыбітнейшых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі 1920-х гг. А таксама — выпуск, у якім друкуюцца «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1794 г.» Міхала Клеафаса Агінскага, 24 слоўнікі беларускае навуковае тэрміналёгіі, выданыя ў 1920-х гадох сукупным аб'ёмам каля 3000 старонак (Том 1, Том 2, Том 3), кнігі Мечысловаса Ючаса «Грунвальдская бітва», Яна Станкевіча «Язык і языкаведа» Юрыя Туронка «Мадэрная гісторыя Беларусі» і іншыя.
Акцыя дзейнічае да 8 траўня. Поўны сьпіс выданьняў з апісаньнямі і інфармацыя пра тое, як іх атрымаць, ёсць на сайце Arche.
Сейчас читают
Помните Даниила из Офиса Тихановской, которому за два дня собрали деньги на онкологическую операцию? Ему написал тот самый одноклассник, который его ударил — с чего все и началось

Комментарии