БЕЛ Ł РУС

Турцыя прапанавала Расіі і Украіне развесці судны ў Чорным моры

9.10.2026 / 19:30

Nashaniva.com

Турцыя прапанавала Расіі і Украіне развесці маршруты цывільных суднаў у Чорным моры, каб спыніць атакі на гандлёвыя караблі. Адпаведны праект мемарандума міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан перадаў Маскве і Кіеву. Пакуль ніводзін з бакоў не даў выразнага адказу, піша турэцкая газета Milliyet.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nina Liashonok/Ukrinform/NurPhoto via Getty Images

Паводле прапановы Анкары, украінскія судны павінны рухацца ў бок Басфора ўздоўж узбярэжжаў Румыніі і Балгарыі, а расійскія — уздоўж берагоў Грузіі і Турцыі. Дакумент таксама прадугледжвае адмову ад удараў па суднах і абарону цывільнага суднаходства — паводле прынцыпаў, падобных да тых, што дзейнічалі ў межах збожжавай дамоўленасці.

Турцыя перадала праект бакам яшчэ ў верасні. Незадоўга да гэтага Хакан Фідан заклікаў абвясціць мараторый на атакі па караблях. Украіна карыстаецца маршрутам уздоўж Румыніі і Балгарыі з 2023 года, пасля выхаду Расіі са збожжавай дамоўленасці. Новая прапанова прадугледжвае стварэнне паўднёвага і ўсходняга калідораў.

«Мы хочам выкарыстоўваць тэрытарыяльныя воды суседніх краін, у тым ліку Турцыі, а таксама Грузіі, калі яна пагодзіцца», — патлумачыў турэцкі дыпламат.

Кансультацыі наконт дакумента працягваюцца. Кіеў мае пэўныя агаворкі адносна грузаў падвойнага прызначэння, напрыклад жалезнай руды.

Паводле падлікаў турэцкай газеты Milliyet, з пачатку года ў Чорным моры атакавалі 70 суднаў, 51 з якіх звязаныя з Турцыяй. Толькі за апошнія дні пацярпелі шэсць караблёў, тры з іх належалі турэцкім уладальнікам. У выніку нападаў загінулі 11 чалавек.

Ля берагоў Румыніі пасля ўдару беспілотніка затануў турэцкі сухагруз Royad Mammadov. Яго капітан загінуў.

Яшчэ два судны атакавалі ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі. Прэм’ер-міністр краіны Румен Радзеў паведаміў, што сухагруз Alfa Watan пад сцягам Тога, які накіроўваўся ў румынскі порт Суліна, затануў прыкладна за 112 кіламетраў ад горада Бяла. Усе дзесяць членаў экіпажа загінулі.

6 кастрычніка быў атакаваны карабель Able пад сцягам Палау, які перавозіў збожжа. Усіх 18 членаў экіпажа ўдалося выратаваць. Сярод іх было 11 грамадзян Турцыі і сем грамадзян Індыі. Румен Радзеў не назваў тых, хто стаіць за нападамі, але заявіў, што такія дзеянні ў балгарскай эканамічнай зоне «абсалютна непрымальныя».

Збожжавая дамоўленасць, заключаная пры пасярэдніцтве Турцыі і ААН, дзейнічала з ліпеня 2022 года да ліпеня 2023 года. Паводле Канвенцыі Мантро, Анкара не мае права закрываць пралівы для гандлёвых суднаў, пакуль сама не ўдзельнічае ў вайне, нагадвае Milliyet.

Чытайце таксама:

Рубіа заявіў пра тупік у вайне паміж Расіяй і Украінай і адсутнасць перспектыў мірнага ўрэгулявання

Судна, якое загарэлася пад Сочы — танкер расійскага ценявога флоту

Каля ўзбярэжжа Балгарыі дроны атакавалі два гандлёвыя судны, адно затанула

Расія ўдарыла дронамі па турэцкім судне з кукурузай

Каментары да артыкула