У ЗША падрыхтавалі новыя санкцыі супраць Расіі на выпадак правалу перамоў
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падрыхтавала новыя санкцыі супраць Расіі, але пакуль не спяшаецца іх увесці. Пра гэта паведамілі агенцтву Bloomberg еўрапейскія чыноўнікі, знаёмыя з сітуацыяй.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Усе цяпер сочаць за мірнымі перамовамі паміж Расіяй, ЗША і Украінай, аднак у Еўропе ўзрастае скепсіс адносна іх поспеху. Суразмоўцы адзначылі, што Масква, не дасягнуўшы вынікаў на полі бою, узмацніла ціск на Кіеў і спрабуе прымусіць яго прыняць нявыгадную дамову праз масавыя ўдары па энергетычнай інфраструктуры.
Вашынгтон пачаў рыхтаваць новыя санкцыі яшчэ ў снежні на выпадак, калі мірныя перамовы праваляцца. Абмяркоўваліся абмежаванні для расійскага энергетычнага сектара, а таксама меры супраць так званага «ценявога флоту» для перавозкі нафты і супраць трэйдараў, якія спрыяюць продажу расійскага паліва. Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент абмяркоўваў гэтыя планы з групай еўрапейскіх амбасадараў, аднак канчатковае рашэнне пра санкцыі прымае прэзідэнт.
За год на пасадзе Трамп увёў абмежаванні толькі супраць «Раснафты» і «Лукойла» — пасля няўдалай спробы правесці двухбаковую сустрэчу з Пуціным у Будапешце ў кастрычніку мінулага года. Пасля гэтага ЗША прадставілі мірны план і ўзгаднілі яго з Украінай і ЕС. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначаў, што адзіным нявырашаным пытаннем застаецца тэрытарыяльнае. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін патрабуе вывесці войскі Украіны з неакупаванай часткі Данбаса і перадаць рэгіён пад кантроль Масквы, што для Кіева непрымальна.
23—24 студзеня ў Абу-Дабі прайшоў першы раўнд трохбаковых перамоў Расіі, ЗША і Украіны, другі раўнд запланаваны на 4—5 лютага ў закрытым фармаце. У Крамлі заявілі, што гатовыя да мірнага ўрэгулявання, але толькі калі Кіеў прыме «адпаведныя рашэнні» адносна тэрыторый. Трамп адзначыў, што прасіў Пуціна не біць па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры перад пачаткам перамоў, але Масква не рабіла гэтага толькі пару дзён.
Чытайце таксама:
Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі
ЗША прапанавалі Індыі замяніць расійскую нафту на венесуэльскую
Еўрасаюз абмяркоўвае поўную забарону марскіх перавозак расійскай нафты
WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе