БЕЛ Ł РУС

«Дасягненне — гэта тое, што выжылі. Жывыя, і дзякуй Богу». Сацыёлаг расказаў, які цяпер вобраз у беларускага рэжыму

22.11.2025 / 23:38

Nashaniva.com

Многія аналітыкі адзначаюць: сацыяльны кантракт паміж дзяржавай і грамадствам у Беларусі скасаваны. А што ўлады прапанавалі наўзамен, і як ацэньвае іх высілкі насельніцтва краіны? Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў прадставіў вынікі даследавання «Вобраз беларускага рэжыму: агрэсар ці апякун?». «Салідарнасць» паслухала і расказвае, што, на думку даследчыка, хвалюе беларусаў у Беларусі ў 2025-м.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

«Паліталагічная тэрміналогія не заўсёды дазваляе зразумець успрыманне рэжыму беларускім грамадствам», — тлумачыць даследчык, пра што наогул ягоная праца.

Генадзь Коршунаў

І нагадвае кантэкст. У 1990‑х Аляксандр Лукашэнка прапанаваў грамадству пэўны кансэнсус: адмова ад палітычных свабод, але і рызыкаў, у абмен на бяспеку і стабільнасць. Тады — і доўгі час пасля — гэта спрацавала.

Але паступова дзяржава ўсё меней забяспечвала сваю «сацыяльнасць», а грамадства рабілася ўсё болей праактыўным і самастойным. Эпідэмія каранавірусу ў 2020‑м найбольш яскрава паказала розніцу паміж словамі і справамі, і беларусы пажадалі перафарматаваць стасункі. Рэжым адказаў здушэннем пратэсту і рэпрэсіямі, якія працягваюцца да сёння.

Разам з тым, зазначае Генадзь Коршунаў, нельга сказаць, каб улады былі зусім не заклапочаныя сваёй рэпутацыяй. Рэжым усяляк прасоўвае сваю патэрналісцкую ролю апекуна і абаронцы «мірнага неба». У красавіку 2022 года больш як палова беларусаў турбавалася магчымым удзелам Беларусі ў вайне. На сёння гэтым занепакоеныя 28% гараджан — удвая менш.

А што тады хвалюе беларусаў тут і цяпер? Як паказала анлайн-апытанне, якое было зладжана ў траўні 2025 года (удзел у ім узялі 512 беларусаў-гараджан унутры краіны), у топе — эканамічныя праблемы:

Нездарма, кажа даследчык, запазычанасць беларусаў перад банкамі сёлета дасягнула максімуму за ўсю гісторыю незалежнасці краіны: беларусам не хапае грошай.

Галоўнымі ж задачамі дзяржавы рэспандэнты лічаць забеспячэнне правоў і свабод грамадзян (42%), даваць магчымасць людзям зарабляць (40%). І толькі потым — знешнепалітычны нейтралітэт, эканамічны рост, бяспеку і г.д. Прычым рост гэтых патрэбаў людзей паказваюць нават апытанні праўладных сацыёлагаў.

І яшчэ адзін трэнд: расце доля тых, хто чакае паслаблення рэпрэсій, але ж рэальна большасць у гэта слаба верыць. Вобраз дзяржавы-«абаронцы» робіцца ўсё болей цьмяным.

Што прапануе ўлада

Нават сёння прапаганда прасоўвае вобраз Лукашэнкі як «выратавальніка» ад нішчымніцы 1990-х, які дагэтуль застаецца «гарантам стабільнасці». Але гэта сведчыць перадусім пра адсутнасць іншых дасягненняў.

Уласна, гэта пацвердзіла і ранейшае апытанне Цэнтра новых ідэй, у якім сацыёлагі папрасілі вылучыць топ поспехаў і правалаў — за апошнія 5 год і за 30 год суверэнітэту. Больш за дзве траціны (61-67%) рэспандэнтаў не вызначыліся ні з тым, ні з другім. Яшчэ частка напісала сцісла: «Поспехаў няма».

Тыя ж, каму знайшлося за што пахваліць улады, адзначылі — мір, стабільнасць і ўтрыманне сітуацыі хаця б на мінімальным узроўні, захаванне эканомікі ад калапсу.

«Агулам можна зафіксаваць: дасягненне — гэта тое, што выжылі. Не развіццё, не рух наперад — жывыя, і дзякуй Богу», — зазначае Генадзь Коршунаў.

На мяжы 2024‑2025 гадоў, перад так званымі «выбарамі», амаль палова апытаных не магла назваць асноўныя ідэі Лукашэнкі — хіба расплывіста згадвалі «мір і бяспеку».

Што непакоіць

Для моладзі забеспячэнне правоў і свабод — не ў прыярытэтах. Толькі 26% маладых людзей лічаць гэта важным, пры гэтым больш за палову (58%) мяркуюць, што беларускія ўлады цалкам ці добра спраўляюцца з усімі сваімі задачамі.

«Ці сведчыць гэта, што сярод моладзі татальная залежнасць, успрыманне рэжыму цалкам легітымным? Я б не пагадзіўся з такім сцвярджэннем, — гаворыць сацыёлаг. — Тэндэнцыя сапраўды назіраецца, і гэта вельмі кепская штука. Але зусім не дзіва, што гэта ёсць.

Прапаганда ж працуе не толькі праз медыя. Страшэнная механіка такога кшталту запушчаная ў школе: манатонны, нудны, штотыднёвы ўплыў на ўроках, нагляднай агітацыі, у тыктоку — праўладныя наратывы ў моладзевых сацсетках пашырыліся неймаверна. Усё гэта працуе і, на жаль, дае плён».

«Рэжым у Беларусі — прыклад аўтарытарнага менеджара траўмы, які ўмела сумяшчае ролю апекуна і прыгнятальніка, у залежнасці ад патрэбы, — падсумоўвае Генадзь Коршунаў. — Ён сістэматычна выкарыстоўвае калектыўную траўму, якую часцяком сам жа і стварае, як адну з ключавых прылад кіравання».

За апошнія пяць гадоў вобраз рэжыму ў вачах беларусаў некалькі разоў змяняўся, дадае даследчык. Станам на сёння, мяркуе ён, узмацняецца кампанент «прыгнятальніка», а вобраз «міратворцы» прытухае. І штука ў тым, што істотная частка грамадства не пагаджаецца прызнаваць сябе «ахвярай», якой трэба, каб дзяржава нібыта апекавалася, усю дарогу падтрымлівала і вырашала за яе, як жыць.

Чытайце таксама:

Коршунаў: Частка грамадства ўспрымае рэжым як акупацыйны

Сакрэтнае дзяржаўнае апытанне 2020 года — Бабарыка перад арыштам дагнаў Лукашэнку па рэйтынгу

Для гараджан — перамога, для вяскоўцаў — трагедыя. Што паказала дзяржаўнае апытанне пра Другую сусветную вайну

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

Сацыёлаг расказаў, ці супадае з настроямі грамадства жаданне Ціханоўскага зламаць рэжым

Каментары да артыкула