Міністр транспарту расказаў, як будуць выконваць загад Лукашэнкі разабрацца з маршруткамі
Купяць новыя аўтобусы, але ці будуць тыя патрэбныя, чыноўнікі пакуль не ведаюць.
Фота: lookby.media
Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч запэўніў: комплекснае рашэнне знойдзена і будзе рэалізавана ў найбліжэйшы час, каб сітуацыя палепшылася.
Па-першае, Мінаблвыканкам набудзе 15 аўтобусаў для курсіравання ў бок Жодзіна, Барысава і назад. Такім чынам, транспарт будзе хадзіць часцей.
Запланаваная да закупкі тэхніка — больш умяшчальная за маршрутныя мікрааўтобусы, падкрэслівае чыноўнік.
Але і маршруткі таксама працягнуць вазіць людзей, запэўніў міністр.
Размяркоўваць аўтобусы будуць з улікам пасажырапатоку. Ён, паводле даных міністра, на гэтым кірунку складае каля 600 чалавек за гадзіну.
Акрамя таго, купіць білеты для праезду ў гэтым кірунку можна будзе ў кіёску на прыпынку або праз інтэрнэт. Так пасажыры змогуць садзіцца ў салон ужо з білетамі, а не стаяць па іх да кіроўцы. Яму не прыйдзецца губляць час на пералік грошай, выдачу рэшты.
— Мінская вобласць будзе вырашаць, колькі аўтобусаў у тым ці іншым кірунку дадаць, — удакладніў кіраўнік Мінтранса.
Ён не выключыў, што, калі чэргаў не будзе, а аўтобусы пры гэтым не будуць запаўняцца, іх частку пусцяць на іншыя кірункі, дзе загрузка вышэйшая.
14 лістапада Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб выніках работы БелАЭС нечакана загаварыў пра маршруткі і чэргі на іх.
Ён абурыўся недахопам грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадным і міжгароднім злучэнні.
«Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую маршрутку смярдзючую, — сказаў ён. — Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!»
«Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? — заўважыў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына. — Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электробусы паставіць. І хай ідуць».
Чытайце таксама:
«А людзей спытаць?» Адны клянуць Лукашэнку за намер ліквідаваць маршруткі, іншыя хваляць
«Чаго з людзей здзекуецеся?!» Лукашэнка загадаў прыбраць маршруткі
Кіроўцаў аўтобусаў папулярнага ўнутрыбеларускага маршрута адзелі ва ўніформу
У Беларусі скардзяцца на жахлівы дэфіцыт кіроўцаў. А якія зарплаты ім прапануюць?
ДАІ аб'явіла вайну маршруткам. А дзе яшчэ ў свеце катаюцца на іх?