БЕЛ Ł РУС

Буйныя гандлёвыя сеткі абавяжуць мець паліцы з прадукцыяй канцэрна «Беллегпрам»

3.11.2025 / 19:53

Nashaniva.com

На нарадзе ў канцэрне «Беллегпрам» абмеркавалі, як павялічыць прысутнасць беларускай прадукцыі на паліцах буйных гандлёвых сетак, паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Паводле дзейных на сённяшні дзень патрабаванняў, усе рознічныя крамы павінны мець у продажы тавары айчыннай лёгкай прамысловасці, аднак на практыцы гэта выконваецца не ўсюды. Крамы часта перавагу аддаюць замежным вытворцам, а беларускія тавары размяшчаюць на менш прыкметных месцах.

Нядаўна прызначаная новая старшыня канцэрна Надзея Лазарэвіч адзначыла, што доля беларускіх тавараў у вядомых сетках — «Еўраопт», «Санта», «Суседзі» — складае ўсяго 0,2% ад агульнага аб’ёму паставак, што вельмі мала. Напрыклад, Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне і Аршанскі льнокамбінат за дзевяць месяцаў паставілі ў адну з найбуйнейшых сетак прадукцыі толькі на 70 тысяч рублёў, хаця штомесяц вырабляюць тавару на больш чым 8 мільёнаў рублёў.

«Важна дамовіцца пра канкрэтныя планы паставак на астатнюю частку года і падрыхтаваць прапановы па загрузцы прадпрыемстваў, развіцці паставак на 2026 год», — падкрэсліла Лазарэвіч.

У сустрэчы ўдзельнічалі і прадстаўнікі сталічных універмагаў, якія ўжо маюць досвед працы з айчыннымі вытворцамі.

Паводле слоў кіраўніцы канцэрна, «Беллегпрам» плануе ініцыяваць змены ў пастанову №74, каб у крамах плошчай больш за 500 квадратных метраў абавязкова была асобная паліца з таварамі беларускай лёгкай прамысловасці.

Асаблівую ўвагу прапануецца звярнуць на прадукцыю Добрушскага фарфоравага завода, а таксама на палатняныя вырабы, ручнікі і пледы, якія пакуль мала прадстаўленыя ў сетках.

Па выніках нарады падрыхтуюць канкрэтныя прапановы па павелічэнні продажаў айчыннай лёгкай прамысловасці ў краіне.

Чытайце таксама:

Чаму ўсё, за што бярэцца Лукашэнка, правальваецца

Што народ думае пра Лугіну і «Камволь»

Надзея Лазарэвіч больш не намесніца мэра Мінска

Продажы беларускіх адзення і абутку ў Расіі моцна падаюць. У «Беллегпраме» патлумачылі чаму

Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА

«Беллегпрам» прадставіў абутак «для сапраўдных патрыётаў» Беларусі

Каментары да артыкула