БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Літвы: Польшча скаардынуе з Літвой планы адкрыцця памежных пераходаў з Беларуссю

30.10.2025 / 9:8

Nashaniva.com

Польшча перагледзіць свае планы на адкрыццё пагранпераходаў з Беларуссю пасля інцыдэнтаў у Літве, мяркуе прэм'ер-міністр Інга Ругінене. 

Інга Ругінене і Дональд Туск. Фота: канцылярыя ўрада Літвы

«Мы ўжо перапісваліся з прэм'ерам Польшчы, у нас будзе і больш працяглая размова. Польскі прэм'ер абавязкова скаардынуе свае дзеянні з намі, і гэта вельмі важна», — цытуе LRT прэм'ер-міністра.

Ругінене заявіла пра гэта пасля таго, як літоўскі ўрад закрыў мяжу Літвы з Беларуссю на месяц, а прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск у гэты ж час абвясціў пра планы па аднаўленні працы двух памежных пераходаў з суседняй краінай.

Паведамлялася, што Польшча мае намер адкрыць пераход «Кузніца», закрыты з 9 лістапада 2021 года, і пераход «Баброўнікі», закрыты з 10 лютага 2023 года.

Прэм'ер Польшчы заявіў, што абодва пераходы могуць быць адкрыты ў лістападзе.

«Ніхто не чакаў, што мы распачнём такія дзеянні і што гібрыдная атака будзе скіравана супраць Літвы тут і зараз, таму ў кожнай краіны былі свае рашэнні, але пасля падзей тут, у Літве, відаць, і планы нашых суседзяў будуць скарэктаваны», — сказала Ругінене.

Прэм'ер сказала, што абмяркуе гэтае пытанне і ў чацвер у Латвіі. Таксама яна сказала, што падтрымлівае пастаянную сувязь з прэм'ерам Эстоніі.

Чытайце таксама:

У МЗС заявілі, што Літва закрыла мяжу з Беларуссю, бо хоча грошай ад ЕС

«У палякаў усё гатова». Што кажуць пра магчымае адкрыццё «Брузгоў» і «Бераставіцы»?

Туск заявіў пра гатоўнасць адкрыць Баброўнікі і Кузніцу з лістапада

Лукашэнка зноў заявіў, што Беларусь не будзе абараняць Еўропу ад мігрантаў. Але гатовы дамаўляцца

Каментары да артыкула