БЕЛ Ł РУС

У Егіпце падпісалі пагадненне аб спыненні агню ў Газе

13.10.2025 / 22:46

Nashaniva.com

Злучаныя Штаты Амерыкі разам з Егіптам, Катарам і Турцыяй падпісалі пагадненне аб спыненні агню ў сектары Газа. Цырымонія прайшла 13 кастрычніка 2025 года ў Шарм-эль-Шэйху, дзе праходзіць міжнародны саміт, прысвечаны будучыні палесцінскага анклава.

Дональд Трамп паказвае падпісанае пагадненне. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images

Пагадненне падпісалі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі, эмір Катара Тамім бін Хамад Аль Тані і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган — усе яны выступілі як пасярэднікі ў мірных перамовах. Падрабязнасці дакумента пакуль не раскрываюцца.

Падчас свайго выступу на саміце прэзідэнт Егіпта адзначыў, што гэтая дамова «перагортвае балючую старонку гісторыі» і адкрывае шлях да аднаўлення Газы. Ён падзякаваў Трампу за ініцыятыву і падкрэсліў, што «мір не будзе поўным без аднаўлення разбураных тэрыторый».

Трамп, у сваю чаргу, заявіў, што «ніхто не верыў, што гэта магчыма», і назваў падпісанне пагаднення «новым і прыгожым днём». Ён паведаміў, што ў Газу ўжо паступае гуманітарная дапамога — сотні грузавікоў з ежай, медыкаментамі і неабходнымі рэчамі, частку якіх фінансуюць краіны — удзельніцы саміту. Паводле яго слоў, мірныя жыхары вяртаюцца ў свае дамы, а закладнікі ўз’ядноўваюцца з сем’ямі.

На саміт у Шарм-эль-Шэйху былі запрошаныя прадстаўнікі 27 дзяржаў — сярод іх прэзідэнт Францыі, канцлер Германіі, прэм’еры Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Канады, а таксама кіраўнікі Іарданіі, Катара і Бахрэйна. Аднак прадстаўнікі Ізраіля і руху ХАМАС на саміце не прысутнічаюць, а Іран адмовіўся ад удзелу.

Зустрэча адбываецца пасля таго, як ХАМАС вызваліў усіх 20 жывых ізраільскіх закладнікаў.

Чытайце таксама:

Трамп у Кнэсеце: Пасля столькіх год войнаў рэгіён спакойны

Трампу ў Ізраілі падарылі залатога голуба міру

Палесцінская адміністрацыя гатовая супрацоўнічаць, але выстаўляе тры ўмовы

Жыхары Тэль-Авіва расцягнулі перад прылётам Трампа на пляжы велізарны банер «Дзякуй!», каб ён быў бачны з самалёта

ХАМАС перадаў усіх закладнікаў

З'явіліся першыя здымкі вызваленых закладнікаў ХАМАС

Каментары да артыкула