«Тут праблема не ў палітычных разыходжаннях». Франак Вячорка адказаў, ці ёсць у яго канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім
Дарадца Святланы Ціханоўскай пасля выпадку са скасаваннем яе інтэрв’ю тэлеканалу CNN пад ціскам Сяргея Ціханоўскага заявіў, што ў яго няма разыходжанняў з Сяргеем.
Сяргей Ціханоўскі і Франак Вячорка падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня 2025 года. Фота: ОСЦ
Францішак Вячорка выказаў «Радыё Свабода» свой погляд на тое, што адбылося падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку і ці ёсць у яго канфлікт з Ціханоўскім.
«Давайце з разуменнем ставіцца да ягоных дзеянняў, ён пяць гадоў прабыў у адзіночцы. Цяпер ён вывучае палітычнае поле, шукае сваё амплуа, месца і ролю. Мы з ім нармальна камунікуем, просім ставіцца з разуменнем да ягонай эмацыйнасці. Тут праблема хутчэй не ў палітычных разыходжаннях, а менавіта ў эмацыйнасці — ён, магчыма, не адчувае нейкіх пратакольных, дыпламатычных момантаў, з чым мы сутыкнуліся ў Нью-Ёрку. У нас адна мэта, адна стратэгія, у меседжах мы не разыходзімся і абавязкова дамовімся», — заявіў Вячорка.
Інтэрв’ю CNN, з-за якога ўзнікла непаразуменне, у выніку было адмененае, прызнаў Вячорка:
«Мы адмянілі ў выніку інтэрв’ю з CNN. Гэта быў важны дзень, таму што на Генасамблеі ААН былі ўсе сусветныя лідары, і гэта дзень, калі ў Генасамблеі самая вялікая сусветная аўдыторыя. І тое, што ў гэтай гадзіне эфіру далі сем хвілін Беларусі падвесці вынікі Генасамблеі — гэта была выдатная магчымасць, якую мы ўпусцілі», — сказаў Вячорка, дадаўшы, што будуць і іншыя магчымасці.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку
«У нас інтэрв'ю CNN не пад жэншчыну». Як беларусы каментуюць у сацсетках канфлікт Ціханоўскіх
«Неразуменне таго, што не ён, а Святлана цяпер цэнтральная фігура. На шкоду грамадскім інтарэсам»