НАТА рыхтуе ваенны адказ на атаку расійскіх дронаў у Польшчы
НАТА рыхтуе «абарончы ваенны адказ» пасля ўварвання расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы. Мэты гэтага адказу — узмацніць здольнасць сіл альянсу да стрымання на ўсходнім флангу, паведамляе Bloomberg.
Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
Каардынаваць дзеянні будзе галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч, які адказвае за планаванне і правядзенне ўсіх аперацый альянсу. Цяпер ягоны штаб аналізуе сітуацыю і вызначае неабходныя пастаўкі для ўмацавання патэнцыялу абароны.
Грынкевіч адзначыў, што краіны ўжо ўдасканальваюць узбраенне, каб знізіць выдаткі на вядзенне баявых дзеянняў, і НАТА будзе працягваць каардынацыю з усімі дзяржавамі-членамі. Ён таксама заявіў, што альянс зробіць высновы з гэтага інцыдэнту і ацэніць, што трэба палепшыць для супрацьдзеяння падобным «абмежаваным уварванням».
Польшча ў адказ на гэту атаку перакінула 40 тысяч вайскоўцаў да межаў з Беларуссю і Расіяй, а таксама звярнулася да саюзнікаў з просьбай даць ёй дадатковыя сістэмы СПА і тэхналогіі для барацьбы з дронамі. Некаторыя краіны, у тым ліку Германія, Нідэрланды, Чэхія, Францыя і Вялікабрытанія, выказалі гатоўнасць узмацніць падтрымку.
Францыя і Вялікабрытанія плануюць накіраваць у Польшчу знішчальнікі Rafale і Eurofighter, Нідэрланды — два комплексы СПА Patriot. Германія паабяцала пашырыць патруляванне паветранай прасторы над Польшчай і падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць Расіі. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама паведаміў, што Францыя задзейнічае тры знішчальнікі Rafale для абароны паветранага прастору Польшчы і ўсходняга флангу Еўропы.
Інцыдэнт адбыўся ноччу 10 верасня: як мінімум 19 расійскіх дронаў парушылі мяжу Польшчы падчас масіраванага абстрэлу Украіны. Для іх перахопу ўпершыню з пачатку вайны былі паднятыя самалёты НАТА. Пяць беспілотнікаў упалі на тэрыторыю Люблінскага ваяводства, адзін пашкодзіў жылы дом. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што краіна цяпер «найбліжэй да ваеннага канфлікту, чым калі-небудзь з часоў Другой сусветнай вайны».
Чытайце таксама:
Пяць расійскіх дронаў ляцелі прамым курсам на базу НАТА ў Польшчы
Сенатары-рэспубліканцы ўзмацнілі ціск на Трампа, каб ён уводзіў санкцыі супраць Расіі