Пуцін не супраць сустрэцца з Зяленскім, калі той прыедзе да яго ў Маскву
3 верасня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі пасля чатырохдзённага візіту ў Кітай прапанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму прыбыць на перамовы ў Маскву. Пры гэтым прэзідэнтам ён яго дэманстратыўна не лічыць.
Уладзімір Пуцін. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Пуцін назваў Уладзіміра Зяленскага «дзейным кіраўніком адміністрацыі Украіны», аргументуючы гэта, як звычайна, тым, што, маўляў, Зяленскі пасля заканчэння пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў не правёў новыя выбары.
Пуцін сказаў, што Зяленскі «абраны на пяць гадоў, пяць гадоў прайшло — паўнамоцтвы скончыліся», і таму сустрэчы з «дзейным кіраўніком адміністрацыі» могуць не мець сэнсу, бо, маўляў, «у яго няма кворуму для прыняцця рашэнняў».
Разам з тым ён адзначыў, што сам ён нібыта ніколі не адмаўляўся ад сустрэчы, калі яна будзе добра падрыхтаваная і можа прывесці да станоўчых вынікаў. Пасля чаго заклікаў Зяленскага прыязджаць для перамоў у Маскву.
Ва Украіне гэтую прапанову Крамля ацанілі як нерэалістычную і фактычна накіраваную на зацягванне вайны. Пра гэта ў каментары агенцтву УНІАН заявіў дарадца прэзідэнта Украіны ў пытаннях камунікацый Дзмітрый Літвін.
«Тыповая пуцінская разводка — каб не рабіць нешта рэалістычнае, што залежыць ад яго, напрыклад, спыненне забойстваў, — ён прапануе нешта нерэалістычнае, напрыклад, прыехаць да яго ў Маскву», — адзначыў дарадца Зяленскага.
Як падкрэсліў Літвін, цяпер Пуцін «проста зацягвае вайну і зноў даказвае, што патрэбен ціск, каб прымусіць яго да рэальнай дыпламатыі і міру».
Чытайце таксама:
З асабістай сустрэчай Пуціна і Зяленскага носяцца як з пісанай торбай. Але што яна насамрэч зменіць?
Мерц упершыню адкрыта назваў Пуціна ваенным злачынцам. Пуцін адказаў
Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны
Далучэнне Крыма да Расіі магло быць апошняй воляй бацькі Пуціна
Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення вайны ці заключэння мірнай дамовы з Украінай