Чаму ва ўсіх відаць шлейкі ад бюстгальтара?
Вы заўважалі? На вуліцах, у кавярнях, у стужцы інстаграма мільгаюць шлейкі ад бюстгальтараў, што выглядаюць з-пад сукенак і маек. І гэтаму стылістычнаму жэсту ёсць тлумачэнне.
Фота: TIMLI / Getty Images
Адказ на пытанне, чаму сёння бачны шлейкі ад бюстгальтараў, трэба шукаць у 1990-х. Менавіта ў тое дзесяцігоддзе гэты прадмет адзення па-сапраўднаму ўвайшоў у гардэроб поп-культуры.
Менавіта ў 1990-я, як нагадвае The New York Times, Жан-Поль Гацье ператварыў бюстгалтар у верхняе адзенне, а Мадонна зрабіла ягоныя бюстгальтары-конусы сусветнавядомымі. Пазней гэты вобраз пранік у калекцыі Джані Версачэ і Карла Лагерфельда для Chanel, а таксама ў свет гранжу.
«Да 1997 года знакамітасці і модніцы паўсюль дэманстравалі шлейкі ад бюстгальтараў. Тое, што гэта адбылося адначасова з уваходжаннем у гардэроб сукенкі-камбінацыі, — не супадзенне», — даводзіць гісторык ніжняй бялізны Кора Харынгтан.
Спявачка Гвен Стэфані. 1996 год. Patti Ouderkirk / Getty Images
Гвен Стэфані зрабіла моднымі чорныя бюстгальтары пад белай майкай, а Кэры Брэдшоў у серыяле «Сэкс у вялікім горадзе» (які нядаўна перажыў сваё адраджэнне) зрабіла разнастайныя кантрасныя бюстгальтары часткай свайго фірмовага стылю.
Улічваючы, што зараз стыль 1990-х перажывае працяглае адраджэнне і ўплывае на моду, вяртанне шлеек было практычна прадвызначаным. Асабліва калі дадаць да гэтага тое, як спартыўнае адзенне прывучыла амаль усіх да выгляду людзей у спартыўных топах і легінсах, не кажучы ўжо пра выбух бодзіпазітыву і адкрытасці пасля пандэмічных абмежаванняў.
Паказ восеньскай калекцыі 2025 года Miu Miu. Фота: WWD / Getty Images
Як адзначае Харынгтан, сёння вытворцы бялізны свядома ўлічваюць гэтую тэндэнцыю. Як модныя дамы прапануюць зменныя ручкі для сумак, так і брэнды бялізны робяць розныя варыянты шлеек: каляровыя, карункавыя, з металічнымі дэталямі. Па сутнасці, яны разглядаюць шлейку як яшчэ адзін аксесуар.
Французская спявачка Клара Лучані на чырвонай дарожцы 82-га Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю. 30 жніўня 2025 года. Фота: Stefania D'Alessandro / Getty Images
Аднак, нягледзячы на цяперашнюю паўсюднасць, было б памылкай лічыць, што дэманстрацыя бюстгальтара — гэта проста яшчэ адзін стылістычны выбар. У гэтым жэсце ёсць нешта і ад бунту, і ад падкрэслівання жаноцкасці.
Менавіта такі настрой дэманстраваўся на паказе восеньскай калекцыі 2025 года Miu Miu, дзе Міуча Прада прадставіла вобраз жанчын з бюстгальтарамі-конусамі, што выглядвалі з-пад шэрых кардыганаў і ваўняных паліто.
Паказ восеньскай калекцыі 2025 года Miu Miu. Фота: WWD / Getty Images
«Нам патрэбна жаноцкасць у гэты цяжкі час, каб яна нас уздымала», — падкрэсліла дызайнерка.
Такі падыход, піша NYT, гэта не толькі гульня са стылем, але і палітычны жэст. Бюстгальтары былі і застаюцца рэальнасцю жаночага жыцця (часам нязручнай, ва ўсіх сэнсах гэтага слова). Выносіць яго ў публічную прастору азначае адкрыта казаць пра жаночае цела і сэксуальнасць. І гэта асабліва актуальна ў момант, калі дыскусіі пра кантроль над жаночым целам і рух «традыцыйных жонак» набіраюць сілу.
Паказ восеньскай калекцыі 2025 года Miu Miu. Фота: WWD / Getty Images
Чытайце таксама:
Бум на бікіні-стрынгі. Гэта бодзіпазітыў ці нешта іншае?