Прэзідэнт Польшчы зноў запатрабаваў рэпарацый ад Германіі за Другую сусветную вайну
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас урачыстасцяў у Гданьску, прысвечаных 86-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны, зноў падняў пытанне, што Германія нібыта яшчэ павінна Польшчы гіганцкія рэпарацыі.
Караль Наўроцкі. Фота: Mateusz Slodkowski/Getty Images
Наўроцкі падкрэсліў, што для пабудовы добрасуседскіх і шчырых адносін неабходна вырашыць пытанне ваенных кампенсацый. Ён заявіў, што як кіраўнік дзяржавы патрабуе іх «дзеля агульнага дабра». На яго думку, рэпарацыі патрэбныя не толькі як элемент гістарычнай справядлівасці, але і як гарантыя празрыстых адносін паміж Польшчай і Германіяй.
Да абрання прэзідэнтам у 2025 годзе Наўроцкі кіраваў Інстытутам нацыянальнай памяці, які вывучае злачынствы нацысцкай і савецкай акупацый. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён неаднаразова ўздымаў тэму рэпарацый.
Варшава патрабуе ад Берліна кампенсацыю яшчэ з 2017 года. Сума ацэнена прыкладна ў 6,2 трыльёна злотых (каля 1,3 трыльёна еўра). Германія ж настойвае, што юрыдычна гэта пытанне закрытае, хоць і прызнае сваю гістарычную адказнасць.
Чытайце таксама:
Міністр унутраных спраў Польшчы лічыць малаверагоднымі перамовы Варшавы і Мінска
Прэзідэнт Польшчы наклаў вета на папраўку да закона аб дапамозе грамадзянам Украіны