Трамп заявіў, што Зяленскі не павінен наносіць удары па Маскве, а дальнабойных ракет Украіне ён не дасць
15 ліпеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не павінен наносіць удары па Маскве. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з журналістамі, якую паказваў тэлеканал Fox News.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Luis M. Alvarez
Так прэзідэнт ЗША пракаментаваў ранейшыя паведамленні ў СМІ (Washington Post і Financial Times), паводле якіх Трамп падчас тэлефоннай размовы з Зяленскім нібыта цікавіўся, чаму ўкраінцы не атакуюць Маскву. Зяленскі, згодна з гэтымі данымі, адказаў, што для гэтага патрэбна адпаведная зброя. Прэс-сакратарка Трампа Кэралайн Лівіт пасля заявіла, што словы прэзідэнта ЗША вырваныя з кантэксту.
Цяпер жа сам Трамп падкрэсліў, што ён не падтрымлівае ніводзін з бакоў у вайне — ён «на баку чалавечнасці» і хоча спыніць смерці тысяч людзей.
Таксама Трампу нагадалі пра 50 дзён, якія ён даў Расіі на заканчэнне вайны, і спыталіся, чаму менавіта столькі. Ён адказаў:
«Я не думаю, што 50 дзён — гэта вельмі доўга, тэрмін можа быць і карацей. Але чаму вы не пытаецеся ў Байдэна, чаму ён уцягнуў нас у гэту вайну? Вы павінны задаць тое ж пытанне Байдэну. Ведаеце, чаму? Таму што ён тупіца, а вы няправільна асвятляеце гэта. Гэтага б ніколі не адбылося, калі б я быў прэзідэнтам».
Адносна свайго цяперашняга стаўлення да Пуціна прэзідэнт ЗША заявіў:
«Паглядзім, што адбудзецца з Пуціным. Пакуль што я ім вельмі расчараваны. Я вырашыў мноства войнаў у апошнія тры месяцы, але гэтую вайну пакуль не. Гэта вайна Байдэна, не Трампа, я спрабую выцягнуць нас з гэтага замесу».
На пытанне, ці збіраецца ён перадаваць Украіне дальнабойныя ракеты, Дональд Трамп сказаў, што такіх планаў у яго няма.
Чытайце таксама:
Белы дом прызнаў, што Трамп пытаўся ў Зяленскага пра магчымасць «ударыць па Маскве»
Трамп адгаварыў рэспубліканцаў ад падтрымкі закона аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі
Уплыў Меланіі Трамп на мужа быў недаацэнены. Украіна атрымала нечаканага саюзніка ў яе асобе
Трамп разглядае магчымасць паставак Украіне ракет Tomahawk
Трамп: «І я такі: дзіўна!» Стэнаграма заяваў Трампа і Рутэ ў Белым доме