Стуб і Сцёрэ даведаліся ад Пуціна, што ён хоча ўвесь Данбас
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас першых больш як за год перамоваў з еўрапейскімі лідарамі па вайне ва Украіне зноў запатрабаваў перадаць увесь Данбас пад кантроль Расіі. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля.
Уладзімір Пуцін. Фота: Ramil Sitdikov / Pool Photo via AP
Размова Пуціна з прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам і прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сцёрэ працягвалася паўтары гадзіны. Паводле слоў крыніцы, расійскі кіраўнік не мае намеру адмаўляцца ад патрабавання поўнага пераходу Данбаса пад расійскі кантроль.
На пяты год вайны расійская армія па-ранейшаму кантралюе толькі каля 80% Данецкай вобласці. У верасні 2022 года Пуцін абвясціў яе анексію ў адміністрацыйных межах, хоць Расія не здолела захапіць усю тэрыторыю рэгіёна.
Тым часам тэмпы расійскага наступу на пояс гарадоў-крэпасцяў, якія застаюцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны, запавольваюцца. Паводле ацэнак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, сёлета прасоўванне расійскіх войскаў на гэтым напрамку скарацілася да 250 квадратных метраў у дзень.
За дзесяць няпоўных месяцаў 2026 года расійская армія страчвала захопленыя раней чужыя тэрыторыі на працягу чатырох месяцаў. У верасні і кастрычніку яе сумарныя страты склалі 241 квадратны кіламетр.
Падчас размовы Стуб і Сцёрэ заявілі Пуціну, што ва Украіне неабходна дасягнуць «справядлівага» міру.
Апошнім еўрапейскім лідарам, які перад тым спрабаваў весці перамовы з расійскім прэзідэнтам, быў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён размаўляў з Пуціным па тэлефоне ў ліпені 2025 года, аднак гэтыя кантакты не далі вынікаў.
Чытайце таксама:
Прэм'ер Швецыі таксама не разумее, навошта Стуб і Сцёрэ званілі Пуціну
Пуцін на перамовах па Украіне можа патрабаваць вяртання НАТА да межаў 1997 года