Масквічка распавяла, як разам з жаніхом ледзь не загінула ў аварыі па дарозе на сваё вяселле ў сядзібе пад Лагойскам
Днём 13 чэрвеня масквічка Вольга разам з мужам, яго братам і сваім бацькам ехала адзначаць вяселле ў сядзібу. Але госці за святочным сталом так і не дачакаліся галоўных герояў вечара: усё спыніў кіроўца на BMW, які нёсся насустрач на хуткасці 130 кіламетраў.
Вольга. Фота з яе сацсетак
Жудасныя здымкі той аварыі абляцелі ўсе медыя і сацсеткі. Нехта ў каментарах тады нават згадваў пра акрываўленую нявесту ў вясельнай сукенцы побач з разбітымі машынамі.
Сама ж Вольга толькі праз чатыры месяцы знайшла ў сабе сілы расказаць у трэдсах, што адбылося.
Вяселле планавалася ў рыцарскім фэнтэзі стылі — з чараўніком, які загадваў бы загадкі гасцям, з кіданнем сякер, стралянінай з лука, каваннем падковы на шчасце…
Той самы торт, які маладзёны не змаглі пакаштаваць
Жаніх з нявестай не маглі дачакацца свята. Азмрочваў выдатны настрой толькі меркаваны моцны дождж у дзень вяселля — закаханыя перажывалі, што праз дрэннае надвор'е давядзецца адмяніць большасць запланаваных актыўнасцяў на дварэ і сядзець пад навесам.
Але ж Вольга гнала прэч трывогу — усё ж наперадзе грандыёзнае свята.
«Раніцай 13 чэрвеня ў крэсле ў візажысткі я балбатала з ёй пра гісторыю знаёмства з мужам, пра каханне, пра працу і пра тое, як перажываць буры і заставацца на плаве… Выйшла на вуліцу ўжо ў вясельнай сукенцы. Муж заплюшчыў вочы, а потым стараўся не глядзець, пакуль я ішла да машыны — вырашылі прытрымлівацца традыцый і не бачыцца да вяселля».
Госці чакалі маладзёнаў у сядзібе пад Лагойскам. За руль Audi сеў брат жаніха, сам жаніх абраў месца побач, а нявеста са сваім бацькам размясціліся на задніх сядзеннях. На шчасце, усе яны прышпілілі рамяні бяспекі — як і мае быць паводле правіл.
У афіцыйных зводках пасля паведамлялі пра аварыю: на 21 кіламетры дарогі М-3 «Мінск-Віцебск» 41‑гадовы кіроўца BMW выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Audi.
Фота: УУС Мінскага аблвыканкама
Вольга — адзіная, хто памятае сам момант аварыі. Кажа, спакойна разглядвала прыроду за акном, калі нечакана пачула лаянку. Перавяла погляд на лабавую шыбіну і ўбачыла, як на іх паласе закручваецца машына. Працягвалася гэта ўсё не больш за некалькі секунд. Паспела толькі падумаць: «Зараз будзе балюча».
Па словах жанчыны, той кіроўца ехаў на чужым BMW на лысай гуме, у залеву ён імчаўся па трасе ў напрамку Мінска з хуткасцю больш за 130 кіламетраў на гадзіну. Не даў рады кіраванню, яго занесла на сустрэчную паласу. Адбылося сутыкненне лоб у лоб. Кіроўца BMW загінуў на месцы. Тых, хто быў у Audi, выратавалі падушкі бяспекі.
Фота: УУС Мінскага аблвыканкама
«Віск, удар, а пасля яго боль. Белыя кругі перад вачыма, нічога не відаць. Нешта не так з носам. Выбітыя зубы. І вывернутая ўнутр нага. Рэзкі боль у калене. Паспрабавала выбрацца, тузала дзверы — не паддаюцца. Паклікала тату, мужа, якія скурчыліся ў неймаверных позах, — не адказваюць».
Брат мужа дапамог Вользе выбрацца з машыны, сказаў — трэба ісці.
«Я стаяла на адной босай назе ў вясельнай сукенцы на мокрым асфальце, абапіраючыся на дзверы машыны. І ў гэтыя хвіліны пракляты дождж скончыўся. Проста перад носам па траве праехала машына. Кроў хвастала са зламанага носа на падол вясельнай сукенкі, і я ўвесь час выцірала яе разарваным рукавом. Перад вачыма мільгалі кругі».
Жанчына паспрабавала выпрастаць нагу — не атрымалася. У гэты момант яна пачула з задняга сядзення голас таты. Ад сэрца адлягло. Спытала, як муж — жывы, варушыцца, перабраўся на задняе сядзенне і лёг.
Калі прыехала хуткая, Вольга нават спрабавала жартаваць са змрочнымі фельчарамі — кажа, вельмі хацелася хаця б з кімсьці пагаварыць.
«Санітарка з нажніцамі ў руках і слязьмі на вачах разразала крэмавую вясельную сукенку. Аддзяленне гуло. Напэўна, кожны ведаў, што «прывезлі вяселле». Кожны новы медработнік пытаўся пра тое, што здарылася. За першы тыдзень я паўтарыла гэтую гісторыю велізарную колькасць разоў, а кожны дзень дадаваліся новыя падрабязнасці. Стан здароўя ўсіх, хто быў у машыне, падрабязнасці аварыі, прагнозы дактароў, медыцынскія нюансы…».
У выніку аварыі менш за ўсё пацярпелі бацька Вольгі і брат яе мужа — у іх былі пераломы насоў і рук. У жанчыны — аскепкавы пералома-вывіх левага тазасцегнавага сустава, самы цяжкі варыянт паводле класіфікацыі пераломаў, самы няўдалы. А вось яе мужу дасталася больш за астатніх — разрыў брушыны, кроў у брушной поласці, зламаны пазванок у паяснічным аддзеле. Пашанцавала, што хутка прывезлі і адразу ж зрабілі аперацыю.
Свой досвед у першай бальніцы Вольга лічыць няўдалым. Пасля аперацыі на назе сказалі набыць жорсткі артэз для таза — яго прыйшлося заказваць у Расіі і чакаць тыдзень дастаўкі. А за гадзіну да планаванай выпіскі здымак паказаў, што сітуацыя стала горшай, чым была да выпраўлення.
Дактары сабралі кансіліум. Вольга апісвае яго так:
«Стаяць вакол кушэткі загадчык аддзялення, лечар, куча інтэрнаў. «Вось ведаеце, цуду не здарылася. Мы вам не дапамаглі, і мы рады вас не аперыраваць, бо першапачаткова ўсё пайшло крыва і коса, ужо нармальна нічога не будзе. Ваш сустаў захаваць таксама не атрымаецца, таму ў вас толькі адзін шлях — пратэзаванне. Мы можам вас па-хуткаму аформіць і зрабіць аперацыю праз пару дзён. Альбо едзьце ў Расію, і там вам зробяць аперацыю бясплатна, бо тут у нас дорага».
У выніку прыйшлося шукаць іншую бальніцу ў Беларусі, дзе пагадзіліся ўзяцца за складаны кейс. Дактары змаглі зрабіць сімультанную аперацыю — адначасовае ўмяшанне на розных органах (за адзін наркоз замянілі тазасцегнавы сустаў і ўправілі зламаны нос).
Агулам у бальніцах Вольга правяла каля паўтара месяца. А яшчэ акрамя лячэння ёй трэба было праходзіць праз допыты і судмедэкспертызу, тройчы яна глядзела відэа з відэарэгістратара.
Цяпер бацька Вольгі і брат яе мужа амаль выздаравелі. У жанчыны з мужам, імаверна, яшчэ будуць аперацыі.
«Мне ў дадатак яшчэ лячэнне ПТСР: белыя кругі так і не прайшлі, у машыне ўздрыгваю. Працяглая рэабілітацыя — гэта не схадзіў на фізіяпрацэдуры і забыўся. У мяне цяпер адна нага карацейшая за другую, і гэта процьма новых праблем. Нага не згінаецца цалкам з-за калена. Муж не можа доўга сядзець, нельга падымаць цяжкае».
Але ж Вольга не страчвае аптымізму і жартуе, што цяпер адной нагой у кіберпанку.
Чытайце таксама:
Кіроўца загінуў у Мінскім раёне ў выніку лабавога сутыкнення
У Докшыцкім раёне загінула 22‑гадовая мадэль з Санкт-Пецярбурга