БЕЛ Ł РУС

Улады анансавалі змены ў падатковых стаўках на наступны год. Што памяняецца?

9.10.2026 / 21:31

Nashaniva.com

З 2027 года ў Беларусі збіраюцца павялічыць падаткі і зборы. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект змяненняў у Падатковы кодэкс, які прадугледжвае індэксацыю ставак падаткаў і асобных фіксаваных сум. Змены закрануць як фізічных асоб, так і арганізацыі ды індывідуальных прадпрымальнікаў, піша выданне Mogilev.in.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com

У прыватнасці, прапануецца павялічыць мінімальны падатак на прафесійны даход, транспартны падатак, падатак на першую кватэру і падатак на нерухомасць.

Падатак за здачу жылля ў арэнду ў Мінску прапануюць павялічыць з 53 да 56 рублёў за кожны жылы пакой у кватэры. У абласных цэнтрах ён вырасце з 49 да 52 рублёў, у буйных гарадах — з 33 да 35 рублёў, а ў астатніх населеных пунктах — з 20 да 21 рубля.

Збор за ўтрыманне сабак можа павялічыцца з 14 да 15 рублёў за квартал. Для сабак парод са спецыяльнага пераліку стаўка вырасце з 67 да 71 рубля за квартал.

Таксама прапануецца павялічыць транспартны падатак для ўладальнікаў легкавых аўтамабіляў. Для фізічных асоб стаўка за машыну масай да 1,5 тоны вырасце з 75 да 80 рублёў у год. За аўтамабіль масай больш за 1,5, але не больш за 1,75 тоны падатак павялічыцца з 99 да 105 рублёў, а за машыну масай больш за 1,75, але не больш за 2 тоны, — са 124 да 132 рублёў.

Змены закрануць таксама транспарт, які належыць арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам. Напрыклад, за легкавы аўтамабіль масай да адной тоны прапануецца плаціць 208 рублёў замест 196. За машыну масай ад 2 да 3 тон стаўка вырасце з 309 да 328 рублёў, а за аўтамабіль цяжэйшы за 3 тоны — з 393 да 417 рублёў.

Для грузавікоў масай да 2,5 тоны прапануюць павялічыць падатак з 337 да 358 рублёў. За аўтобус умяшчальнасцю больш за 40 пасажыраў арганізацыі будуць плаціць 655 рублёў замест 617.

Павышэнне закране і аўтамабілі павышанай камфортнасці, для якіх прадугледжаная дзесяціразовая стаўка транспартнага падатку, а таксама асобныя катэгорыі матацыклаў, на якія распаўсюджваецца пяціразовая стаўка.

Пакуль новыя сумы не зацверджаныя. Яны ўтрымліваюцца ў праекце паправак да Падатковага кодэкса на 2027 год і могуць змяніцца да прыняцця дакумента.

Чытайце таксама:

Збіраюцца павысіць падатак на сабак

З чаго складаецца кошт кубачка капучына ў мінскай кавярні?

Лукашэнка зацвердзіў эканамічныя планы развіцця краіны на 2027 год

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць

Каментары да артыкула