Менш чым за суткі беларуска зрабіла 170 тысяч крокаў — хадзіла па стадыёне каля дома
Ці гэта ўвогуле магчыма? Для Вольгі — так. Але простым смяротным лепш не паўтараць.
Вольга Вараб'ёва. Тут і далей фота з яе сацсетак
Мінчанка Вольга Вараб’ёва пахвалілася ў Threads, што кінула выклік сама сабе. Яе мэтай было за дзень зрабіць 170 тысяч крокаў: «Першапачаткова я настройвалася на 24 гадзіны бесперапыннай хады, але мой тэмп узяў сваё: я ўклалася ўсяго ў 23 гадзіны і 6 хвілін!».
Вольга спаліла амаль 7 тысяч калорый. Калі вам цікава, колькі гэта ў кіламетрах, дык ведайце: 133,23 кіламетра.
І, што самае дзіўнае, хадзіла жанчына на звычайным школьным стадыёне! Толькі зрэдку адыходзіла ў прыбіральню ці краму.
Каментатары пытаюцца, навошта было хадзіць кругамі па стадыёне, калі можна было б палову Мінска абысці. Але Вольга тлумачыць: гэта было б больш складана, бо з ёй быў даволі цяжкі заплечнік (а ў ім запасное адзенне, ежа, вада, лекі).
Калі б яна хадзіла па сталіцы, трэба было б усё гэта цягнуць на спіне. А так атрымалася проста пакласці на стадыёне і не хвалявацца за рэчы.
Канечне, для звычайнага чалавека гэта нерэальная нагрузка. Але Вольга — далёка не звычайная жанчына. Яна прафесійна займаецца бегам і рэгулярна ўдзельнічае ў сутачных забегах.
Летась Вольга паставіла нацыянальны рэкорд па бегу на бегавой дарожцы — правяла там 24 гадзіны і прабегла 172 кіламетры. Марафон яна прабягае за 3 гадзіны 47 хвілін.
А яшчэ летась жанчына перамагла ў міжнародным ультрамарафоне «Самавызначэнне», які завяршыўся ў Маскве. За шэсць сутак беларуская бягуння пераадолела 601 кіламетр — у сярэднім па 100 кіламетраў у дзень.
Але хоча перабіць сусветны рэкорд Ірыны Масанавай, якая за шэсць сутак прабегла 832,5 кіламетра.
Што тычыцца новага эксперыменту, Вольга кажа, што прычын для такога чэленджу ў яе было некалькі. Першая — летам яна часта чула, як людзі абмяркоўвалі, ці рэальна зрабіць 150 тысяч крокаў за суткі. Стала цікава паспрабаваць, але планку абрала вышэйшую.
Другая — бягуха хацела адчуць розніцу паміж уражаннямі пасля сутак бегу і сутак хадзьбы. Ну і трэцяя — наперадзе ў Вольгі два сутачныя забегі, то гэта падрыхтоўка да іх.
Чытайце таксама:
71‑гадовы бягун працягнуў шпіца па зямлі падчас забегу. Да мужчыны прыйшла міліцыя
Прафесійныя спартсмены падселі на вішні і вішнёвыя напоі. Што гэта дае?
На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча
«Ляжаў моцна пацярпелы чалавек». Падчас веламарафону на Палессі каля 10 чалавек атрымалі траўмы