БЕЛ Ł РУС

Пад Рагачовам шэсць кароў уначы збеглі з фермы і загінулі

18.09.2026 / 17:07

Nashaniva.com

У Рагачоўскім раёне шэсць кароў загінулі пасля начных уцёкаў з фермы. Пра здарэнне, якое адбылося яшчэ 11 мая, расказалі ў пракуратуры Гомельскай вобласці.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Ноччу жывёлы пашкодзілі металічную перагародку ў хляве, пасля парвалі вяроўку, якой была замацаваная зламаная палавінка варот, а затым выламалі другія дзверы і выбраліся на тэрыторыю фермы. Раніцай ветэрынары знайшлі кароў мёртвымі. Побач з імі знаходзіліся рэшткі фосфарных угнаенняў.

Высветлілася, што вясной на ферме з парушэннямі захоўваліся азотныя, фосфарныя і калійныя ўгнаенні. Пасля таго як асноўную частку ўгнаенняў перанеслі, іх рэшткі належным чынам не прыбралі — яны засталіся на зямлі і траве. Такім чынам, жывёлы атрымалі доступ да небяспечных рэчываў.

У пракуратуры адзначылі, што выканаўчы дырэктар, вартаўнік і заатэхнік неналежным чынам выконвалі свае службовыя абавязкі.

У інтарэсах сельскагаспадарчага прадпрыемства быў пададзены пазоў. Суд задаволіў яго і пастанавіў спагнаць больш за 24,6 тысячы рублёў з двух вінаватых работнікаў сельгаспрадпрыемства і кіроўнай арганізацыі. Судовае рашэнне ўжо ўступіла ў законную сілу.

Чытайце таксама:

Польскія фермеры ўзялі ў арэнду 26 тысяч гектараў пад Слонімам. За пяць гадоў каровы сталі даваць у 6 разоў больш малака

Малако без каровы: ізраільскія навукоўцы навучылі расліны вырабляць малочны бялок

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках

Каментары да артыкула