БЕЛ Ł РУС

Каверын: Герой Беларусі? Зянон Пазняк

11.09.2026 / 08:30

Вінцэсь Клепачэня

Вядоўца ранішняга шоу «Обычное утро» Канстанцін Каверын у новым выпуску ТОКу расказаў, як за апошнія гады змянілася яго стаўленне да нацыянальнай тоеснасці.

Канстанцін Каверын. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Падчас размовы Настасся Роўда пацікавілася ў Канстанціна Каверына, каго ён лічыць героем ці гераіняй Беларусі. Каверын без ваганняў назваў Зянона Пазняка.

«Зянон Пазняк, які раскапаў Курапаты. Ну, не ён адзін [раскапаў], вядома, але ўсё ж такі для мяне гэта вельмі магутны крок у справе разумення сябе як беларуса. У справе гэтай самаідэнтычнасці. І гэта смелы крок, адважны. Ну вось, для мяне Зянон Пазняк — ён герой безумоўна», —

адзначыў Канстанцін, заўважыўшы пры гэтым, што далёка не з усімі выказваннямі палітыка згодны:

«Мне падаецца, што часамі ён гаворыць нейкія такія рэчы, з якімі я цалкам не пагаджаюся».

Але гэтыя рознагалоссі, паводле Каверына, не пераважваюць таго, што Пазняк зрабіў для Беларусі.

«Вось за гэты ягоны ўчынак, за гэты крок наперад да Беларусі я яго вельмі люблю і паважаю. Маё стаўленне цяпер да расейцаў і мая перакананасць у тым, што расейцы мэтанакіравана знішчалі нас як беларусаў, як нацыю, — уплыў Зянона Станіслававіча неймаверна вялікі на тое, што зараз я маю такую пазіцыю. І я дзякую яму за гэта. Таму што гэта ўсё пацверджана фактамі.

Я вельмі люблю яго. І нягледзячы на некаторыя яго заявы (…) і на незразумелую для мяне рэлігійнасць, я пакланяюся яму», — запэўніў Каверын.

«Хочаш не хочаш, але абставіны вымушаюць цябе больш адчуваць сябе беларусам»

Роўда нагадала, што каля пяці гадоў таму ў інтэрв'ю Мікіту Мелказёраву Каверын казаў, што не надта адчувае сваю нацыянальную ідэнтычнасць і ўспрымае сябе хутчэй як чалавека свету. Цяпер жа, як вынікае з іх размовы, яго стаўленне да гэтага моцна змянілася.

«Як ты прыйшоў да думкі, што трэба быць беларусам? Немагчыма не быць беларусам у цяперашнім свеце?» — пацікавілася Наста.

«А чаму ты вырашыла, што я прыйшоў да думкі, што трэба быць беларусам?» — не пагадзіўся Каверын.

«Мне здаецца, што ты прыкладна пра тое і казаў. Што ты сябе адчуваеш больш беларусам, чым раней», — удакладніла Наста.

«Ну, гэта ж не азначае, што трэба быць беларусам. Я адчуваю сябе больш беларусам, чым раней, але гэта не азначае, што трэба быць беларусам, —

выказаў сваю пазіцыю Канстанцін і патлумачыў:

— Каб я не займаўся гэтай сваёй справай — не ведаю, журналісцкай там, шоўменскай, як заўгодна назавіце — і каб я быў ціхенькім айцішнікам, я, напэўна, сказаў бы тое самае, што сказаў Мікіту. Што мне да сракі ўсе гэтыя вашыя нацыянальныя… Мне гэта нецікава».

У такім выпадку, паводле Канстанціна, яму было б важней мець магчымасць свабодна выбіраць, дзе жыць і на якой мове размаўляць.

«Я хачу жыць і працаваць на астравах Каба-Вердэ, а яшчэ лепш на Кюрасаа. Размаўляць па-англійску, па-іспанску, па-польску, па-беларуску, па-руску — як мне будзе зручна размаўляць. І гары яно гарам вашы гэтыя межы».

Аднак абставіны, у якіх Каверын апынуўся цяпер, паводле яго, прымусілі інакш паглядзець на ўласную нацыянальную прыналежнасць.

«У тым кантэксце, у якім я існую, лічу, што, на жаль… хочаш не хочаш, але абставіны вымушаюць цябе больш адчуваць сябе беларусам. (…) Я беларус крыху больш, чым быў у 2020 годзе. Напэўна, так. Але ці гэта важна? Ці гэта істотна?»

«Я быў бы не супраць, каб мяне паглынула імперыя»

Роўда заўважыла, што сёння нацыянальная ідэнтычнасць адыгрывае значную ролю ў краінах рэгіёна. Яна прывяла ў прыклад рост нацыяналістычных настрояў у Польшчы, Літве. І Украіну, якая аб'ядналася, каб супрацьстаяць Расіі.

Каверын у адказ прызнаўся, што яму бліжэйшая амерыканская мадэль, у якой нацыянальная ідэнтычнасць не абавязкова звязаная з паходжаннем чалавека.

«Мне вельмі падабаецца амерыканская мадэль. Там жа няма… Хто такі амерыканец? (…) І вось я хачу так. Я хачу быць амерыканцам-панаехаўшым».

Аднак у выпадку Беларусі і іншых краін рэгіёна ён прызнае неабходнасць нацыянальнага самавызначэння.

«Калі ты зараз не ўсвядоміш, што ты беларус, як украінец не ўсвядоміць, што ён украінец, ці літовец, ці паляк — што ён паляк ці літовец, то, вядома, цябе паглыне імперыя».

Само сабою такое «паглынанне», працягнуў Каверын, яго б не палохала, калі б гаворка ішла, напрыклад, пра Брытанскую імперыю.

«Я быў бы не супраць, каб мяне паглынула імперыя… Брытанская, напрыклад. Я б радасна размаўляў па-англійску, каб гэтая імперыя прынесла да мяне дзеючую канстытуцыю, законы, мае правы — грунтоўныя такія, і ніхто іх не парушыць».

У такой уяўнай дзяржаве Каверын хацеў бы мець абарону ад беззаконня, магчымасць свабодна жыць, працаваць і зарабляць, каб у яго «нічога не адбіралі і не патрабавалі ўзамен».

«Але толькі вось трэба вам гэту паперку ўзяць: «Вы падданы каралевы». Во! (паказвае два вялікія пальцы ўверх — НН) І да халеры мне тая і Беларусь, і Украіна, і ўсё астатняе. Брытанская імперыя. Увесь свет — Брытанская імперыя. Я б так хацеў».

Аднак такую мадэль Канстанцін называе немагчымай. У рэальным свеце, паводле яго, нацыянальная ідэнтычнасць становіцца неабходнасцю.

«Калі ты не ідэнтыфікуешся, ты загінеш у акопах супраць тых, хто ідэнтыфікаваўся. І аб цябе яшчэ ногі вытруць», — даводзіць Каверын.

Чытайце таксама:

«Міністр у Беларусі не можа не быць саўдзельнікам злачынстваў рэжыму Лукашэнкі»: Каверын расказаў, чаму стаў такім радыкальным

Канстанцін Каверын расказаў, як на радыё яму прыдумалі псеўданім і якое яго сапраўднае прозвішча

«Я туды не вярнуся ніколі»: Каверын пра Беларусь

Каментары да артыкула