БЕЛ Ł РУС

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага

29.08.2026 / 16:46

Nashaniva.com

У Салігорску адбылася незвычайная сітуацыя. Фельчар хуткай дапамогі Уладзіслаў Невядомскі падзяліўся ў сацсетках гісторыяй пра тое, як неабыякавы байкер прыйшоў на дапамогу медыкам, піша esoligorsk.by.

Хуткая везла цяжкахворага пацыента. Траса ў той момант была загружаная — патокі аўтамабіляў рухаліся шчыльна, і машыне з мігалкамі было няпроста прасоўвацца наперад.

На дапамогу прыйшоў матацыкліст са Слуцка Ягор Касмач. Ён пачаў актыўна дапамагаць: жэстамі і манеўрамі даваў зразумець кіроўцам, што трэба вызваліць паласу для хуткай, тлумачачы, што вырашаецца пытанне пра нечае жыццё.

Дзякуючы ягонай дапамозе пацыента даставілі ў бальніцу хутчэй.

У сваім пасце фельчар выказаў матацыклісту шчырую ўдзячнасць: «Дзякуй табе вялікі, ты стаў часткай ратавання гэтага жыцця».

Пост хутка разляцеўся па сацсетках. Карыстальнікі актыўна адгукнуліся на гісторыю.

Большасць салігарчан сыходзяцца ў меркаванні, што такія ўчынкі заслугоўваюць павагі і нагадваюць усім кіроўцам пра важнасць увагі да машын экстранных службаў на дарозе.

Сам Ягор Касмач пазней расказаў выданню SlutskGorod, што ехаў спакойна і ўбачыў у люстэрках, як ззаду набліжаецца хуткая з уключанымі маячкамі:

«Яна была ад мяне за метраў 400—500. І я ўбачыў, што наперадзе едуць неадэкватныя, вось і паехаў крыху хутчэй за хуткую, каб палегчыць ёй праезд».

Чытайце таксама:

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?

Дзяўчына моцна апяклася падчас адпачынку, але хуткая да яе не паехала. Чаму?

«Ляжаў моцна пацярпелы чалавек». Падчас веламарафону на Палессі каля 10 чалавек атрымалі траўмы

Каментары да артыкула