БЕЛ Ł РУС

Андрусь Бездар, які выйшаў з СІЗА, расказаў, як яго справа цяпер і што будзе далей

6.08.2026 / 21:32

Nashaniva.com

Сузаснавальнік вядомага архітэктурнага бюро ZROBIM architects Андрэй Макоўскі (вядомы як Андрусь Bezdar), які выйшаў з СІЗА, адказаў на пытанні, якімі яго засыпалі ў сацсетках.

Паводле заяў сілавікоў, архітэктурнае бюро абвінавацілі ў атрыманні «няўлічанага прыбытку» на суму 6 мільёнаў даляраў і выплаце заробкаў у канвертах.

Як расказвае Андрусь, на цяперашні момант пагашаны ўрон, які кампаніі прад'явілі.

«Мы сваю віну, вядома, прызналі, мы пакаяліся. І я б увогуле параіў усім, хто хоча там ухіліцца ад аплаты падаткаў, напрыклад, неяк дзесьці недаплаціць, у моманце зарабіць больш — паверце, гэта не перакрывае тыя рызыкі і тыя праблемы, якія могуць у вас узнікнуць у далейшым», — сказаў ён.

Наконт таго, ці не збіраецца з’ехаць, Андрусь сказаў, што свой выбар зрабіў даўно.

«Я хачу застацца ў Беларусі. Тут ёсць магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу майго і ў цэлым нашай кампаніі. Я люблю гэтую краіну, я хачу расці і развівацца тут», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у той перыяд, пакуль ён быў у СІЗА, ZROBIM architects працаваў на здзіўленне прадукцыйна: кампанія аптымізавалася, паменшыла свае выдаткі, уласна, расла і развівалася далей.

«Мы зрабілі дастаткова шмат добрай архітэктуры», — паведаміў ён і паабяцаў шмат з гэтага хутка паказаць.

Пераслед кіраўніцтва і супрацоўнікаў ZROBIM architects пачаўся ў красавіку 2026 года. Тады сілавікі затрымалі каля 50 чалавек, а само папулярнае архітэктурнае бюро абвінавацілі ў атрыманні «няўлічанага прыбытку» на суму 6 мільёнаў даляраў і выплаце заробкаў у канвертах. Агульную шкоду бюджэту ацанілі больш як на 5 мільёнаў рублёў.

Сам Андрэй Макоўскі застаўся пад вартай. Пазней у яго акаўнце з’явіўся паведамленне «Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, рабяты».

У чэрвені 2026 года ў ягоных сацсетках з’явілася аб’ява аб продажы недабудаванай вілы на тайландскім востраве Пхукет у элітным комплексе Botanica Pru Jampa, а ў ліпені — надзела пад турыстычны комплекс на беразе Вілейкі.

5 жніўня стала вядома, што Андрусь Бездар выйшаў з СІЗА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула