БЕЛ Ł РУС

У Грэцыі лясныя пажары ахапілі ваколіцы Афінаў

1.08.2026 / 19:02

Nashaniva.com

Новая хваля лясных пажараў распаўсюдзілася ў розных раёнах мацерыковай Грэцыі. Сітуацыя ўскладняецца моцным ветрам, які спрыяе хуткаму распаўсюджванню агню. У краіне праводзяцца маштабныя аперацыі тушэння пажараў і эвакуацыі жыхароў, паведамляе Reuters.

Фота: AP Photo/Michael Varaklas

Як паведамляецца, пасля адносна спакойнага пачатку пажаранебяспечнага сезона ў Грэцыі зноў узнікла некалькі буйных асяродкаў узгарання. Асабліва складаная сітуацыя склалася ў вобласці Беотыя, дзе агонь наблізіўся да прыбярэжных населеных пунктаў.

Да барацьбы з пажарамі прыцягнутыя больш за 300 пажарнікаў, каля 90 пажарных машын і авіяцыя. З пляжу Агіас-Васіліяс па моры былі эвакуяваныя больш за 200 чалавек, яшчэ 12 чалавек вывезлі з пляжу Порта-Гермена. У апошнім населеным пункце, які знаходзіцца непадалёк ад Афінаў, агнём, паводле мясцовых уладаў, знішчана каля ста дамоў.

Грэцкія ўлады абвясцілі надзвычайны ўзровень пажарнай небяспекі ў рэгіёнах Атыка і Эўбея.

Адначасова з пажарамі ў Грэцыі складаная сітуацыя захоўваецца ў Францыі ды Іспаніі.

На паўднёвым захадзе Францыі, у дэпартаменце Жыронда, буйны пажар, які пачаўся 22 ліпеня каля Бардо і знішчыў каля 42 тысяч гектараў лесу, удалося лакалізаваць. Аднак у дэпартаменце Вар на поўдні краіны агонь зноў узмацніўся: за некалькі гадзін полымя ахапіла больш за тысячу гектараў. У выніку за ноч былі эвакуяваныя амаль 2500 чалавек.

У Іспаніі працягваецца барацьба з некалькімі буйнымі асяродкамі. Новы пажар узнік у паўночнай правінцыі Леон. У суседняй Саморы ўдалося ўзяць пад кантроль узгаранне, якое знішчыла каля 11 тысяч гектараў. Пажар у правінцыі Кастэльён, дзе выгарала амаль 10 тысяч гектараў, таксама быў лакалізаваны пасля сямі дзён барацьбы.

Паліцыя Іспаніі дапускае, што некаторыя пажары маглі быць выкліканыя наўмыснымі падпаламі. У Кастэльёне былі знойдзеныя два асобныя асяродкі ўзгарання.

Буйныя пажары ў цэнтральных рэгіёнах Іспаніі — Мадрыдзе і Авіле — удалося стабілізаваць. 

Чытайце таксама:

Лясныя пажары разбушаваліся на Крыце: там эвакуявалі тысячы чалавек

Дождж, народжаны агнём. Што такое вогненная хмара і як яна робіць пажары яшчэ больш разбуральнымі

У Іспаніі гараць ваколіцы Мадрыда, пажарнікі ў Францыі змагаюцца з «агнявымі віхурамі»

Каментары да артыкула