У цягніку пад Варшавай двое п'яных усчалі бойку, выкрыкваючы лозунгі супраць украінцаў і беларусаў
На станцыі Зялёнка пад Варшавай адбыўся інцыдэнт з удзелам двух п’яных мужчын, якія ехалі ў цягніку. Па словах сведкаў, яны пачалі агрэсіўна сябе паводзіць, абражалі аднаго з пасажыраў і выкрыквалі ксенафобныя лозунгі, скіраваныя супраць украінцаў і беларусаў, піша выданне Rzeczpospolita.
Скрыншот з відэа
Калі праваднік паспрабаваў умяшацца і спыніць канфлікт, паміж ім і нападнікамі пачалася бойка. Адзін з мужчын ударыў работніка чыгункі.
На дапамогу пацярпеламу прыйшлі іншыя пасажыры. Яны здолелі абясшкодзіць агрэсараў і вывелі іх з вагона.
На месца выклікалі паліцыю, якая затрымала абодвух мужчын. Праваахоўнікі праводзяць далейшыя дзеянні, разглядаючы магчымасць кваліфікацыі здарэння як злачынства на глебе нацыянальнай нянавісці.
Гэты выпадак адбыўся на фоне росту колькасці паведамленняў пра вербальныя і фізічныя напады ў Польшчы ў апошнія тыдні, скіраваныя перадусім супраць грамадзян Украіны.
Паводле даных Галоўнай камендатуры паліцыі Польшчы, за першае паўгоддзе 2026 года грамадзяне Украіны падалі 180 заяў аб злачынствах на глебе нянавісці супраць іх. Гэта больш чым на 30% перавышае паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.
Чытайце таксама:
«Адчула плявок — і ўсе смяюцца». У польскім Быдгашчы сям'я напала на мужа і жонку з Беларусі
У Беластоку кліент пагражаў беларускаму таксісту з-за акцэнту. Справай зоймецца пракуратура