Сырскі: Я і не ведаў, што ў нас з Фёдаравым канфлікт, але прашу прабачэння
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што для яго было нечаканасцю даведацца пра канфлікт з колішнім міністрам абароны Міхаілам Фёдаравым. Ён кажа, што ўспрымаў іх узаемныя адносіны як працоўныя. Пра гэта Сырскі напісаў у сваёй калонцы для выдання «Мілітарний».
Аляксандр Сырскі, фота Офіса прэзідэнта Украіны
«Для мяне было нечаканасцю даведацца, што ў нас са спадаром міністрам быў канфлікт. Я ўспрымаў нашы стасункі як прыцоўныя: са складанымі пытаннямі, з рознымі пазіцыямі. Так і павінна быць паміж дзвюма інстытуцыямі падчас вялікай вайны», — адзначыў генерал.
Разам з тым Сырскі папрасіў прабачэння ў экс-кіраўніка Мінабароны.
«Калі я кагосьці чымсьці пакрыўдзіў: Міхаіл Альбертавіч, прабачце. Бываю жорсткім. Але прашу і вас, і ўсіх, хто зараз з захапленнем сочыць за гэтай гісторыяй: давайце факусавацца не на асабістым, а на глабальным. На перамозе», — сказаў галоўнакамандуючы УСУ.
Паводле яго слоў, ёсць думка, важнейшая за любыя прозвішчы: «Украіна большая за Фёдарава, Сырскага і любога з нас».
Сырскі кажа, што Украіна выстаіць не таму, што ў ёй ёсць незаменныя людзі, а таму, што ў ёй ёсць армія, інстытуцыі і мільёны людзей, якія робяць сваю працу. Ён падкрэсліў, што звесці гэтую вайну да супрацьстаяння дзвюх персон — «найбольшая паслуга, якую мы можам зрабіць ворагу».
Паводле слоў генерала, гэта тычыцца не толькі яго з Фёдаравым.
«Я бачу, як людзі дзеляцца на «лагер Фёдарава» і «лагер Сырскага». Як толькі пытанне, звязанае з вайной ці войскам, палітызуецца, яно спрашчаецца да лозунга. А кожнае з пытанняў, пра якія зараз спрэчаюцца ў сетцы, — кантракты, закупкі, мабілізацыя — значна складанейшае за любы пост пра яго. Лозунгамі не прымаюцца рашэнні, ад якіх залежаць жыцці людзей», — заявіў Аляксандр Сырскі.
З 16 ліпеня ў Кіеве і іншых гарадах Украіны праходзяць акцыі пратэсту. Іх удзельнікі патрабуюць вярнуць Міхаіла Фёдарава на пасаду міністра абароны, а таксама адправіць у адстаўку галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Аляксандра Сырскага.
Падчас брыфінгу 16 ліпеня Фёдараў заявіў, што Украіне неабходна памяняць галоўнакамандуючага УСУ, каб больш эфектыўна супрацьстаяць праціўніку. Ён таксама пацвердзіў, што паміж ім і Сырскім існавалі сур'ёзныя супярэчнасці. Паводле слоў Фёдарава, галоўнакамандуючы не падтрымліваў яго ініцыятывы і не хацеў абмяркоўваць праблемныя пытанні.
У той жа дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў новым урадзе, які ўзначаліў Сяргей Карэцкі, абавязкі міністра абароны будзе выконваць Яўген Хмара, які раней кіраваў Цэнтрам спецыяльных аперацый «Альфа» Службы бяспекі Украіны.
Паводле інфармацыі выдання Financial Times, на фоне пратэстаў Зяленскі разглядае магчымасць адстаўкі Сырскага.
18 ліпеня прэзідэнт Украіны паведаміў, што правёў працяглую размову з Міхаілам Фёдаравым, а таксама асобна сустрэўся з Аляксандрам Сырскім. Акрамя таго, у перыяд з 17 да 20 ліпеня Зяленскі правёў шэраг сустрэч з камандзірамі вайсковых карпусоў і іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўкраінскага войска.
Чытайце таксама:
Украінскае выданне патлумачыла сутнасць прэтэнзій да галоўнакамандуючага Сырскага
Беларус пра адстаўку Фёдарава: Вера ў непагрэшнага тэхнакрата невыкараняльная
«Засцілайце ложак». Дзяніс «Рэдзіс» Пракапенка адкаментаваў звальненне Фёдарава метафарычна
Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім
Намеснік камандуючага ўкраінскіх ВПС падаў у адстаўку праз звальненне міністра абароны
Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся