БЕЛ Ł РУС

У Вілейскім раёне адкапалі сляды ўзброенага канфлікту сярэдзіны І тысячагоддзя

20.07.2026 / 20:41

Nashaniva.com

Адкрыццё зрабілі падчас штогадовай археалагічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ. Раскопкі праходзяць каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Паліны Курловіч, піша прэс-служба БДУ.

Падчас даследаванняў вучоныя выявілі рэшткі ўмацаванняў, знішчаныя пажарам. Сярод іх — земляны вал, на якім раней стаяла драўляная сцяна. У гэтым месцы таксама знайшлі наканечнікі стрэл, што сведчыць пра тое, што гарадзішча магло згарэць у выніку ваеннага сутыкнення.

Знойдзеныя ў пласце пажару прадметы дазваляюць папярэдне аднесці гэтыя падзеі да эпохі Вялікага перасялення народаў — прыкладна да IV — першай паловы V стагоддзяў.

Акрамя таго, археолагі даследуюць неўмацаванае паселішча каля падножжа гарадзішча. Там знаходзяць розныя рэчы таго часу: жалезныя і гліняныя прылады працы, элементы адзення, вырабы з косці і керамічны посуд.

Экспедыцыя ў Рэчках працягнецца да 28 ліпеня. Пасля заканчэння работ знойдзеныя артэфакты перададуць у навучальную лабараторыю музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ, дзе іх дадаткова вывучаць, а потым уключаць у музейную экспазіцыю.

Чытайце таксама:

У Лідзе пад сценамі завода раскапалі крыпты з саркафагамі

У Нараўлянскім раёне знайшлі раней невядомую абарончую вежу часоў ВКЛ

У Лепельскім раёне археолагі знайшлі бурштынавыя падвескі і каменныя булавы

У Полацку адкрылі музей самага старажытнага манастыра Беларусі

Каментары да артыкула