БЕЛ Ł РУС

«Нас у групе было 240. У палоне — сямёра. Астатнія двухсотыя». Андрэй з Віцебска, той самы чалавек-адкрывачка стаў адным з сямі шчасліўцаў

28.06.2026 / 09:00

Вінцэсь Клепачэня

Ураджэнец Віцебска Андрэй Лапатнёў хацеў выехаць на работу ў ЕС, але не змог аформіць дакументы. Дзеля грошай падпісаў кантракт з расійскім войскам, трапіў у самае пекла баёў. Мала хто з яго падраздзялення выжыў. Сваю гісторыю ён распавёў Belpol.

Андрэй Лапатнёў. Скрын відэа: osbbelpol / YouTube

Андрэй Лапатнёў нарадзіўся і жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і тэхналогіяў. У яго дзве малыя дачкі, але з жонкай ён у разводзе.

Лапатнёў працаваў у будаўнічых фірмах, пякарнях, заводзе «Марка», пладоваагароднінным камбінаце. Меў праблемы з законам. У яго больш за дзясятак адміністратывак за п'янкі. Таксама чатыры судзімасці — за ўжыванне наркотыкаў па ч. 1 арт. 328 і за парушэнне рэжыму. З 2017 па 2019 гады ён правёў у калоніі №12 для рэцыдывістаў у Оршы.

Падчас пратэстаў 2020 года Андрэй быў на радзіме, але ўдзелу ў іх не браў. Кажа, што проста «назіраў з боку».

Чытайце артыкул з ранейшым расповедам Лапатнёва: У палон да ўкраінцаў трапіў 33‑гадовы наркаман з Віцебска, якога на фронце выкарыстоўвалі як «адкрывачку»

На вайну мужчына трапіў у 2024 годзе. Аднак пра канкрэтныя абставіны не прызнаецца:

«Так выйшла… Проста не ўдалося выехаць у Еўропу, былі праблемы. І трапіў на вайну праз Луганск».

У Луганску ён добраахвотна падпісаў кантракт. Мужчына сцвярджае, што атрымаў амаль $2500. Свае матывы пайсці ваяваць ён не можа патлумачыць: «проста так выйшла».

Пасля падрыхтоўкі Лапатнёва прызначылі па яго спецыяльнасці, атрыманай падчас тэрміновай службы, — старэйшым радыётэлефаністам. Аднак замест працы ў тыле яму давялося ўдзельнічаць у маштабных штурмах на адкрытай мясцовасці.

Віцябчук апісвае сучасную вайну як зону, дзе салдат амаль не мае шанцаў супраць тэхналогій. Паводле яго слоў, на адкрытых участках працягласцю восем кіламетраў артылерыя ці стралковы бой губляюць сэнс, бо людзей масава знішчаюць дроны і мінныя палі яшчэ на падыходзе.

«Пасля адпачынку пайшоў на баявое заданне. Я выжыў проста па чыстай выпадковасці, па непаразуменні. (…) Нас у групе было ўсяго 240 чалавек. У палоне — сямёра. Астатнія, хутчэй за ўсё, «двухсотыя» (забітыя — НН). (…)

[Дроны] нас загналі ў яму, тры, можа, на пяць [метраў]. Там быў паранены таксама з нашай групы. Ён раней выходзіў трохі. Без стапы, перавязаны, зажгутаваны хлопец. Паспеў ён толькі сказаць, што нам трэба выбірацца. І ўсё. Пасля гэтага нас пакрылі.

Паміралі ціха, як у песні ДДТ», — узгадвае Лапатнёў.

Андрэй адзначае, што вярбоўшчыкі абяцаюць каля 20—25 тысяч даляраў, але «ніводныя грошы не вартыя жыцця», і заклікае беларусаў нават не думаць пра ўдзел у вайне:

«З уласнага досведу не раю. Мая парада — не трэба сюды ісці. Гэтых грошай яно не варта. Шанцы выжыць вельмі малыя. Статыстыка выжывальнасці — усяго 2%, і тое якая выжывальнасць, я ў палоне ўвогуле ж. «Двухсоты» — гэта яшчэ паўбяды. А калі ў цябе адарве ногі і рукі і ты будзеш па жыцці прыкуты да ложка і не зможаш нават здохнуць. Вось гэта будзе вялізная праблема. Такія людзі ёсць».

Разважаючы пра свой далейшы лёс, Лапатнёў выказаў здзіўленне, чаму беларускія ўлады не ідуць на абмен ваеннапалонных — сваіх грамадзян, у той час як адпускаюць палітвязняў.

«А як вы думаеце, чаму?» — спыталі яго.

«Таму што мы на**й нікому не патрэбны», — адказаў ваеннапалонны.

Чытайце таксама:

Палонны жыхар Бабруйска расказаў, як пасля п'янкі са знаёмымі ў саўне паехаў ваяваць за Расію за кампанію з імі

Іван з Ваўкавыска пайшоў на вайну, каб не сядзець у расійскай турме. Ён не думаў, што «там проста жах»

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну

Каментары да артыкула